АКУПАЦЫЯ. ДЗЕНЬ 21-Ы

posted Feb 9, 2022, 6:09 AM by Адміністратар Навін   [ updated Feb 9, 2022, 6:09 AM ]
     Расейскія акупанты  займаюць нашыя гарады і мясцовасьці пад выглядам манёўраў уздоўж мяжы з Украінай. Расейскія войскі ўжо па ўсёй Беларусі. Няма іх пакуль што толькі на поўначы Віцебскай вобласьці.
     Колькі жывой сілы акупантаў уламалася ў Беларусь пакуль што цяжка падлічыць. Тыдзень таму іх было 30 тысячаў. Вельмі шмат танкаў, ракетных установак, баявых машынаў пяхоты. На нашых аэрадромах ужо абселі дзясяткі сучасных ваенных расейскіх самалётаў і бамбавікоў. У Лунінцы і іншых месцах акупанты сталі будаваць казармы і дамы для афіцэраў. 
    Гэта цяжкі ганебны час. Найбольш ганебнай ёсьць цішыня вакол расейскага ваеннага ўварваньня ў Беларусь. 
    Адпор мусіў бы быць хуткі і моцны. Яго няма. І гэтая цішыня можа паставіць крыж на нашай дзяржаве. 
    Лісты, якія мы (Беларускі Нацыянальны Сакратарыят "Вольная Беларусь") адаслалі ў Раду Бясьпекі ААН, па ўсёй Эўропе і па ўсім эўрапейскім друку ня будуць мець ніякага значэньня без адпору акупантам у Беларусі.
 Сталі чуваць разважаньні (такія тыповыя), што калі пасьля 20-га лютага расейцы ня вывядуць свае войскі зь Беларусі, то толькі тады можа пачацца партызанская барацьба, але не раней. 
    Аднак адцягваньне барацьбы ня лепшы варыянт. Задача маскоўцаў была пад шум і прапаганду аб нападзе на Украіну ціха захапіць Беларусь. Яны ня зьнікнуць. Акупантаў трэба граміць адразу. 
    Інтэрвэнцыя ідзе поўным ходам. Пасьля 20-га лютага частку войска расейцы перакінуць у іншае месца. Частка (палявыя гарнізоны, часовыя базы, дыслакацыі, артылкрыя, авіяцыя і г.д.) застанецца ў Беларусі.
    Да гэтага часу (калі ня будзем супраціўляцца) Захад нас можа прадаць канчаткова як тэрыторыю з насельніцтвам ня здольным да супраціву і згодным на няволю.
    Але ў Беларусі ёсьць людзі, што змогуць змагацца з ворагам за волю і свабоду нацыі. Не сумняваюся, што абарона будзе. Сам лёс народа гэтага патрабуе, каб мець будучыню.

7 люты 2022 г. 
Зянон ПАЗЬНЯК 
(Ад Беларускага Нацыянальнага 
Сакратарыяту "Вольная Беларусь")