АКУПАЦЫЙНЫ РЭЖЫМ УСЁ БОЛЬШ АНТЫНАРОДНЫ

posted Jun 12, 2019, 3:50 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jun 12, 2019, 3:50 PM ]

(Чэрвеньскі Сойм 2019 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)

9 чэрвеня ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, -- “Зацемкі аб падзеях”. Старшыня спыніўся на апошніх блюзьнерскіх дзеяньнях рэжыму ў Нацыянальным нэкропалі – Курапатах, дзе рэжымныя службы ламаюць крыжы, судзяць людзей за малітвы і акты ўшаноўваньня памяці ахвяр, дзе працягваюць функцыянаваць забаўляльны цэнтр і рэстаран у ахоўнай зоне Народнага мэмарыялу. Другой характэрнай падзеяй існаваньня антынароднага рэжыму аўтар вызначыў рэпрэсіўныя дзеяньні міліцыі супраць цыганскай супольнасьці Беларусі пасьля нераскрытага забойства міліцыянта і заклікаў падтрымаць ні ў чым не вінаватых людзей, якія зьняважаны рэжымам.

На думку Старшыні, выклікае трывогу залежнасьць ад Масквы кансэрватыўных і народных партый на Захадзе, але расьце іхні ўплыў на грамадзтва ў сувязі з крызісам лібэралізма. Здараюцца і кур’ёзныя зьявы, як, напрыклад, падзеньне ўраду “партыі свабоды” ў Аўстрыі пасьля абнародваньня відэа аб незаконных дамоўленасьцях членаў ураду з невядомай “прадстаўніцай Расеі”.

Аўтар зазначыў таксама рост сацыяльнай незадаволенасьці беларускага грамадзтва, нават праявы нянавісьці людзей, даведзеных да адчаю, да антынароднага рэжыму і яго начальніка. Краіна патрабуе рэвалюцыйных перамен, але ня кожны народ гатовы да рэвалюцыі. А апошнім часам рэжым праводзіць таемныя перамовы з Масквой, і яго вышэйшыя прадстаўнікі адмаўляюцца паведаміць грамадзтву, пра што яны дамаўляюцца за плячыма ў народа. Неабходна працягваць змаганьне за волю і незалежнасьць, ствараць новыя магчымасьці і ўмовы для дасягненьня мэты.

З дакладам выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Партыі і Фронту, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Партыі і Фронту. Яны ахарактарызавалі варты жалю стан беларускай эканомікі. Напрыклад, “Амкадор” за месяц выпусьціў толькі 26 машын. Стаіць пытаньне аб прызнаньні МАЗа банкрутам і г.д. Тысячы людзей застаюцца без працы. А яшчэ рэжым зьбіраецца звольніць тысячы работнікаў беларускіх ТЭЦ, якія заменіць Астравецкая АЭС. На загад Масквы рэжым будуе непатрэбную Беларусі атамную станцыю. Такім чынам, нашай краіне застаецца адзіная, кантралюемая Масквой крыніца энэргіі. Імпэрскім гаспадарам рэжыму дастаткова будзе адключыць гэтую крыніцу, і ў Беларусі настане хаос, спыніцца транспарт, адключыцца электрычнасьць, пачнецца сацыяльны закалот. Да таго ж, АЭС зьяўляецца пагрозай для бясьпекі ўсёй Цэнтральнай і Паўночнай Эўропы. У выпадку катастрофы, падобнай на Чарнобыльскую, вялікія абшары стануць непрыдатнымі для жыцьця. У сувязі з гэтым неабходна праводзіць інфармацыйную працу ў грамадзтве, арганізоўваць людзей супраць рэалізацыі злачыннага плану Масквы і мясцовага рэжыму.

Выступілі сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі, што паўсюль людзі разумеюць страшную небясьпеку ад АЭС у Астраўцы, якую будуюць няякасна, паводле мадэлі Чарнобыльскай АЭС. Людзі так і кажуць: “Нам рыхтуюць яшчэ адзін Чарнобыль!” Выклікаюць нязгоду і пратэст таемныя перамовы рэжыму з Крамлём, зьмест якіх кіраўніцтва рэжыму адмаўляецца паведаміць грамадзтву. Людзі мяркуюць, што магчымае спалучэньне выбараў у рэжымныя “палаткі” з рэфэрэндумам, на які ў незаконны спосаб рэжым можа вынесьці зьмены ў Канстытуцыю, дамагацца ўвядзеньня ў Беларусі расейскіх грошай, пазбавіць Беларусь статуса сувэрэннай дзяржавы, падпарадкаваўшы краіну Расеі (тое, што рэжымная прапаганда фальшыва называе “паглыбленьнем інтэграцыі”). Аднак, многія беларусы бачаць, у якім катастрафічным стане знаходзіцца сама Расея, абрабаваная і заведзеная ў тупік крамлёўскім кіраўніцтвам.

Людзі заўважылі, што правалілася антыўкраінская прапагандысцкая кампанія, бальшыня насельніцтва РФ не хавае сваёй незадаволенасьці палітыкай Пуціна. Ня выключана, на думку сяброў Сойму, што Пуціна пастараюцца адсунуць ад улады і замяніць яго на некага іншага з крамлёўскай намэнклатуры. Гэта, аднак, не паўплывае на імпэрскі палітычны курс. Таму наш народ павінен быць гатовым да абароны сваёй дзяржавы ад расейскай агрэсіі.

Сойм разгледзеў і прыняў адозву “Аб таемных перамовах рэжыма Лукашэнкі з Масквой”.

Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

9 чэрвеня 2019 г.