АПАВЯШЧЭНЬНЕ БЕЛАРУСКАГА НАЦЫЯНАЛЬНАГА САКРАТАРЫЯТУ "ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ" 14 верасень, 2021 г. г. Варшава. Беларуская нацыя і дзяржава ў небясьпецы. Падзеі, якія адбываюцца, пагражаюць суверэнітэту і нацыянальнаму існаваньню Рэспублікі Беларусь. Працягваецца зьнішчэньне грамадзянскай супольнасьці Беларусі, усіх беларускіх арганізацыяў, праяваў беларускага нацыянальнага жыцьця. Распачаты рэпрэсіі супраць народа, створана блакада наземных і авіяцыйных сувязяў з замежжам, уводзяцца жорсткія эканамічныя санкцыі супраць Беларускай дзяржавы з нерэальным намерам ліквідаваць уладу Лукашэнкі. Вынішчэньне Беларусі стала вынікам сумарных дзеяньняў і рашэньняў Лукашэнкі, Пуціна і памылак замежных палітыкаў. Цяпер мы, беларусы ў Бацькаўшчыне і ва ўсім сьвеце, мусім выратаваць сваю краіну ад зьнішчэньня. З гэтай мэтай Беларускі Нацыянальны Сакратарыят "Вольная Беларусь" ставіць задачу падрыхтаваць і стварыць Часовы Нацыянальны Урад Рэспублікі Беларусь, які павінен узяць на сябе функцыю надзвычайнай улады ў час ліквідацыі рэжыму Лукашэнкі, у пэрыяд рэформаў і перамен. У час падрыхтоўкі Беларускі Нацыянальны Сакратарыят "Вольная Беларусь" ажыцьцяўляе функцыі і працу Арганізацыйнага Камітэту Часовага Нацыянальнага Ураду Рэспублікі Беларусь. Інфармацыя аб задачах, дзеяньнях, рэформах і пазыцыі Часовага Нацыянальнага Ураду будзе падавацца ў бюлетэнях Беларускага Нацыянальнага Сакратарыяту. ------------ |
• Навіны - Галоўная > Навіны - Цалкам >