АСЯРОДДЗЕ

posted Jun 27, 2020, 6:27 AM by Адміністратар Навін   [ updated Jun 27, 2020, 6:28 AM ]

(рэпліка)

Разумныя людзі ў сацыяльных сетках зьвярнулі ўвагу на малалікасьць і, галоўнае, на мэнтальную адчужанасьць паказных прадстаўнікоў банкіра В. Бабарыкі (усёй каманды не відаць). Сапраўды, на іх ляжыць незьнікальная пячатка штучнай сэрвіснай адчужанасьці, характэрнай для такога роду людзей ва ўсім сьвеце (банкўскія служачыя і т. п.). За гэтым стаіць глыбокі сацыяльны індывідуалізм. Жывому чалавеку быць сярод іх некамфортна, нібы апынуцца ў сьвеце гамункулусаў. Ненатуральнасьць прыгнятае.

Тых, каго цікавяць псіхалагічныя назіраньні, могуць паглядзець выступы юрыста ці яшчэ лепей -- каардынатара выбарчага штабу банкіра. Асабліва варта глянуць апошні выступ (там дзе спадарыня ў малінавай сукенцы: https://www.youtube.com/watch?v=tM-aNG6l8jI&feature=emb_logo ). Тут дэманструюць гэткі фальшывы давер да народа, зроблены з вышыні, з сваёй сфэры, нібыта спадарыня гаворыць зь дзецьмі ці зь нейкімі неабароненымі людзьмі, якія патрабуюць апекі: "Мы вас очень любим, -- кажа і роблена ўсьміхаецца спадарыня, -- и Виктор Дмитриевич (гэта значыць банкір) тоже вас очень любит. Ничего не бойтесь, оставайтесь на связи, мы вас любим. Хорошего вечера". І ручкамі, склаўшы пальчыкі, спадарыня паказвае форму сардэчка ды гэтак, схіліўшы галоўку, какетліва ўсьміхаецца. Стоп-кадр.

Для мяне як тэатразнаўцы па адукацыі гэта верх фальшу, манернай пошласьці, безгустоўнасьці і кічу (не кажу ўжо пра задумку, якую сюды прыцягнулі). Тут, мяркую, ня толькі асаблівасьці культуры спадарыні. Гэта ўзровень каманды "Виктора Дмитриевича, который тоже вас очень любит".

Гэтак інфантыльна яны ўяўляюць наш народ, які хоча, як яны думаюць, іхняй любові, апекі і гаварэньня. Увогуле, тое трэба бачыць.

Ёсьць тут і лібэральныя "пэрлы" (на тым жа ўзроўні). Спадарыня агітуе жанчын за "Виктора Дмитриевича": "Вот если мы, все женщины, вместе не выйдем на работу, остановится жизнь". Такі вось палавы падыход дэманструе Лісістрата з Газпрамбанку (праўда, Арыстафан пісаў пра іншае).

Мне больш да душы тое асяроддзе, якое ўзьняў на пратэст Сяргей Ціханоўскі, гэта значыць звычайны працоўны наш народ. Тут няма фальшы, няма робленасьці. Тут людзі такія, якія яны ёсьць, без падману, кажуць наўпрост. Бачу іхныя ілюзіі, масавыя інстынкты, простыя запатрабаваньні. Некаторыя адукаваныя, што выйшлі зь люду, і занадта разумная, на гэтае народнае круцяць носам. Але мне сярод гэтых людзей заўсёды было лепш, чым сярод "гамункулусаў", якія дэманструюць нам "сардэчка", хоць ім па сутнасьці спакойна на нас напляваць, на нашу вялікую беларускую мову, на наш народ.

26 чэрвень 2020 г.                     Зянон Пазьняк