ЯШЧЭ ПРА РАСЕЙСКІ ФАШЫЗМ У БЕЛАРУСІ

posted Sep 29, 2020, 10:11 AM by Адміністратар Навін   [ updated Sep 29, 2020, 10:12 AM ]

Тэма расейскага антыбеларускага фашызму ў Беларусі зараз стала зноў актуальнай у сувязі зь дэманстрацыяй злачынстваў улады супраць чалавецтва і паказам тыпова фашысцкіх акупацыйных мэтадаў рэпрэсій супраць мірнага беларускага насельніцтва. Людзі раптам ўсьвядомілі, што супраць іх існуе цэлая сістэма дзяржаўнай улады з тыпова фашысцкімі антынацыянальнымі функцыямі, створаная пад аднаго чалавека.

Да гэтага часу беларусам (у выніку афіцыёзнай прпаганды і прагляду расейскага тэлебачаньня) цяжка было паверыць, што ўлада, якая іх зьнішчае, гнобіць і абзывае -- гэта фашысцкая прамаскоўская ўлада, тыповы "раша-фашызм", рашызм ў нецярпімай антыбеларускай форме. Ён існуе паўсюдна, дзе ёсьць рашысты. Але якраз у Беларусі яны захапілі ўлалду шляхам унутраннай акупацыі.*

Я ўжо адзначаў, што сістэма прарасейскага фашызму ў Беларусі пераклікаецца з сістэмай фашызму Беніта Мусаліні ў Італіі 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Аднак палітычны прыклад Лукашэнка ўзяў з Гітлера, паставіўшы палітыку фюрэра з ног на галаву, і, абазначаўшы антынацыянальны (антыбеларускі, русіфікацыйны) характар сваёй улады.

У 1995 годзе на хвалі электаральнага посьпеху Лукашэнка выказаўся ў гэтым сэнсе праграмна і на сваім узроўні -- абдумана. Нагадваю цытату: "Ведь немецкий порядок формировался веками. При Гитлере это формирование достигло наивысшей точки. Это то, что соответствует нашему пониманию президентской республики и роли в ней президента." (часопіс ”Handelsblatt”).

Тады гэтае адыёзнае і з палітычнага гледзішча -- дурное выказваньне, зьдзівіла ўвесь сьвет. Аднак, акрамя, бадай, нас, дэпутатаў Незалежнасьці, ніхто не ўспрыняў яго сур'ёзна. Зрабілі скідку на ўзровень разьвіцьця нядаўняга правінцыйнага саўгаснага адміністратара, які, быццам бы, не разумеў, што сказаў. Але ўсё ён разумеў і зрабіў тое (па лекалах Масквы і ў духу фюрэра), чаго не маглі ўявіць сучасьнікі. Цяпер мы бачым лукашысцкі рашызм ва ўсёй яго пачварнай сутнасьці, з ўсімі руска-імпэрскімі метастазамі, рэпрэсіямі, этнацыдам і эксплуатацыяй краіны.

У Беларусі існуе, фактычна, чужая ўлада і чужая палітыка. У рэпрэсіях супраць народа гэтая ўлада аглядаецца на Маскву і не абапіраецца на законы, дзейнічае па правілах акупацыйнага ваеннага часу. Дэталёвы аналіз лукашысцкага рашызму можа зрабіць кожны адукаваны чалавек. Усё на паверхні. А што было тайным, стала яўным. Тут тыповы сістэмны рускі фашызм антыбеларускага каланіяльнага кшталту.

Мэтай Масквы ёсьць аншлюс, захоп Беларусі ў склад Расеі. Узьнікла супярэчнасьць паміж анэксіянісцкай палітыкай Крамля і пазыцыяй абсалютнай улады Лукашэнкі. Крызіс адносін, які пачаўся, падразумевае зьмену сатрапа з боку Крамля на новую пераходную асобу, якая дапаможа Расеі прыватызаваць беларускую маёмасьць у карысьць расейскага капіталу, увесьці ў Беларусі расейскія грошы і расейскую фінансавую сістэму (што і будзе абазначаць канец Беларусі без вайны).

Перамены мусілі б адбыцца ў 2020 годзе ў выніку прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. На ролю дачаснага прэзідэнта напачатку планавалі В. Бабарыку (адобрана Пуціным). Лукашэнка рашуча абарваў гэты план разам з функцыямі дублёра (С. Цапкала)

Потым службовую ролю для перахопу ўлады Масквой, павінна была выканаць С. Ціханоўская. Гэты арыгінальны тэхнічны варыянт з выкарыстаньнем выпадковай асобы, у крытычны момант таксама быў груба і бесцырымонна паламаны Лукашэнкам.

Тады расейская агентура пачала ствараць легенду змагара для каардынатара газпрамаўскай групы Бабарыкі М. Калесьнікавай (якую напачатку рыхтавалі для стварэньня прарасейскай партыі). Лукашэнка прытрымаў і гэты варыянт Крамля (хаця легенду для Калесьнікавай працягваюць ствараць поўным ходам). Гэта ўсё канфлікты ў лагеры прамаскоўскіх саюзьнікаў).

Адзінае з чым Лукашэнка ня можа справіцца, дзейнічаючы ўжо жорстка па-бандыцку, -- гэта зь Беларускім народам. У канфлікце з народам (які ёсьць галоўным і вызначальным) найбольш выявіліся антыбеларускія садысцкія якасьці раша-фашызму.

Вось, напрыклад, відэа з Гомеля ў дзень дэманстрацыі Народнай салідарнасьці 27-га верасьня. Група "амонаў" у чорным і ў масках кідаецца на колону мірных беларусаў і пачынае паліваць людзей слёзацечным газам з балонаў. Газавы туман стаіць над людзьмі, некаторыя задыхаюцца. У гэты час адзін з карнікаў, з нацягнутай на твар шэрай маскай-панчахой (крымінальны прыём) пачынае страляць з аўтамата (пакуль што ўверх). Такая рэчаіснасьць.

Мы назіраем злачынствы і змагаемся з рашызмам ўжо 26 гадоў. Цяпер шмат беларусаў расплюшчылі вочы і ўбачылі рэчаіснасьць, якую трэба правільна і хутчэй зразумець, бо барацьба абяцае быць доўгай і цяжкай, вымагае цьвярозай ацэнкі рэальнасьці і асабліва асобы Лукашэнкі, які, як тыповы фашыст, гатовы і здольны на любое злачынства.

Тое, што беларусы зваляць рашысцкага фюрэра ("бацьку") я не сумняваюся. Але ці будзе тое перамогай вольнай Беларусі -- гэта яшчэ пытаньне. Бо пакуль што ініцыятыва ў руках Пуціна і Газпрамаўска-эфэсбоўскай групы ў Беларусі. А гэта, паўтараю, у выпадку захопу імі ўлады, ёсьць варыянт стратэгічна яшчэ горшы, чым рашызм Лукашэнкі (не забывайма, што тут план Пуціна). Беларусі можа ня стаць.

Аднак, ня ўсе Крамлёўскія планы Маскве ўдаюцца. Бывае, што чорт плануе, а Бог пажынае. Зарукай што Беларусь будзе і будзе вольнай, сьветлай беларускай краінай ёсьць наш Беларускі народ, які ўжо абудзіўся да палітычнага жыцьця, і заступіцца за сваю Айчыну.

28 верасень 2020.                                                                      Зянон ПАЗЬНЯК

----------------------------------------------

*ЗАЎВАГА. Унутранная акупацыя -- гэта мэтад захопу ўлады ў чужой краіне іншай краінай з выкарыстаньнем агентуры, калабарантаў, і прыёмаў гібрыднай вайны. Улада ўнутраннай акупацыі праводзіць палітыку ў інтарэсах агрэсіўнай краіны. Такая мэтодыка акупацыі характэрная выключна для Расеі і расейскіх спэцслужбаў КГБ.

У акупацыйных дзеяньнях унутраннай агрэсіі могуць быць скарыстаныя выбары, партыйная дзейнасьць, здрада эліт, канстытуцыйны пераварот, змова, прапаганда, культурны і спартыўны абмен і т. п. У Беларусі такім чынам праз выбары пры падтрымцы маскоўскай агентуры, часткі старой камуністычнай намэнклятуры і, галоўнае, -- КГБ, быў прыведзены ў 1994 годзе да ўлады маскоўскі стаўленік Лукашэнка.

Унутранная і зьнешняя палітыка Беларусі пасьля гібрыднага захопу ўлады, стала ажыцьцяўляцца ў інтарэсах Масквы. Дзяржаўны пераварот у лістападзе 1996 года і як вынік – стварэньне сістэмы абсалютнай улады, дала магчымасьць Лукашэнку прыватызаваць цэлую краіну, якая стала для яго і ягонай сям'і сродкам казачнага абагачэньня.

Паміж прамаскоўскай палітыкай рэжыму, пастаяннымі патрабаваньнямі Масквы, падрыхтоўкай аншлюсу і прыватнымі інтарэсамі сатрапа Лукашэнкі існуе пастаянны канфлікт, які прыводзіць да крызісаў у адносінах з Крамлём, але не закранае само існаваньне ўнутраннай акупацыйнай улады ў Беларусі.