Астравец. Пад пагрозай уся Беларусь

posted Aug 15, 2019, 8:32 PM by Адміністратар Навін   [ updated Aug 15, 2019, 8:32 PM ]

(Жнівеньскі Сойм 2019 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)

11 жніўня ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, -- “Разважаньні ў цяжкім часе”. Старшыня зьвярнуў увагу на спробу рэжыму зацягнуць грамадзтва на псэўдавыбары ў псэўдапарлямант. Да гэтай спэцапэрацыі падключана і псэўдаапазыцыя, але яе голас гучыць слаба і нікога не пераканае. Улада занепакоілася, бо разумее, што бальшыня грамадзтва на псэўдавыбары ня пойдзе. Грамадзтва ўжо мае вопыт і не дазволіць пакарыстацца сабой для ўмацаваньня рэжыму.

Далей выступоўца спыніўся на пратэстных акцыях у Маскве, удзельнікі якіх імкнуцца вымусіць ад ўладаў “справядлівыя выбары” там, дзе сапраўдных выбараў даўно ўжо няма. У Беларусі тое ўжо прайшлі гадоў 10-15 таму. Марна патрабаваць справядлівасьці ад крымінальнай улады. Гэтыя маскоўскія пратэсты закончацца нічым. Крамлёўскі рэжым пойдзе сваім шляхам.

З 1988 г. (калі на арэну выйшаў нацыянальна-вызвольны рух) Масква сталася правінцыяй ідэйнай барацьбы. Менавіта Беларускі Народны Фронт вызначыў тады формы і стратэгію палітычнага змаганьня, пазьбегнуў сілавога канфлікту (дзе саветы былі моцныя) і прымусіў камуністычны рэжым дзейнічаць у вобласьці дыскусіяў і палітычных рашэньняў, дзе саветы былі слабыя. Тады патрыётам удалося вызваліць Беларусь ад расейскай імпэрскай душагубкі, але Расея зьбіраецца зрабіць нам новую душагубку. Звышідэяй нашай нацыянальнай стратэгіі павінна стаць справа разбурэньня імпэрыялістычнай звышдзяржаўнай Расеі.

Сп. З. Пазьняк зьвярнуў увагу на кампанію дыскрэдытацыі Беларускай арміі ў інфармацыйнай прасторы, на заклікі перавесьці армію на кантрактную сістэму. Аднак, армія зьяўляецца нацыянальнай каштоўнасьцю. Сучасная Беларуская армія ужо заўважна адышла ад падабенства з той сацыяльнай сітуацыяй, якая існавала ў савецкай арміі зь яе татальным крыміналітэтам, дзедаўшчынай і бязладдзем. Бальшыня афіцэраў атрымалі адукацыю ў Беларусі. Сістэма прызыву павінна быць, як павінна быць і дысцыпліна ў арміі. Наша армія павінна быць гатовай да адбіцьця агрэсіі з боку Расеі.

Зьнішчэньне рэжымам беларускай школы і беларускай мовы – самая балючая і трывожная тэма. Дакладчык на статыстыцы ліквідацыі беларускай мовы навучаньня ў школе паказаў, што Масква і мясцовы рэжым імкнуцца да поўнага зьнішчэньня беларускага навучаньня ў бліжэйшыя 10 гадоў. Перапыніць гэтую катастрофу можа толькі само беларускае грамадзтва (якое на сёньняшні дзень яшчэ ня сасьпела ні да абароны, ні да супраціву), альбо палітычная ліквідацыя антынацыянальнага рэжыму.

Даклад быў завершаны аналізам зьявы лібэральнага сацыялізму ў заходнім сьвеце. Атакі на сьвет ідуць па маргінальных накірунках (прапаганда гамасэксуалізму, лесбоўства, прапаганда супраць сьмяротнага пакараньня для забойцаў людзей і г.д.). але адбываецца ўсё гэта скаардынавана, сістэмна і выклікае адмоўныя вынікі ў грамадзтве. Гэтыя працэсы цяпер штучна прышчапляюцца ў Беларусі на інфармацыйным узроўні. Ім трэба супрацьстаяць.

З дакладам выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Партыі і Фронту. Выступоўца зрабіў агляд падзей апошняга месяца. Застаецца невядомым грамадзтву зьмест таемных перамоваў паміж Маскврй і рэжымам Лукашэнкі. Але калі пачытаць “саюзную дамову” 1999-га года, то бачна, што ў выніку рэалізацыі гэтага антыканстытуцыйнага дакуманта Беларусь перастане быць сувэрэннай дзяржавай, Беларусі ўжо ня будзе. Калі ў бліжэйшы час рэжым пойдзе на ўвядзеньне ў Беларусі расейскага рубля, гэта будзе азначаць поўны захоп Масквой нашай прамысловасьці, нацыянальных багацьцяў і канчатковае авалоданьне рычагамі кіраваньня ўсімі працэсамі ў нашай краіне ў інтарэсах Масквы, на шкоду беларускаму народу. Гэтага нельга дапусьціць. Дакладчык падкрэсьліў, што неабходна працаваць зь людзьмі, весьці інфармацыйную працу, мабілізаваць грамадзтва на супраціў паўзучай акупацыі.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра інтэнсіфікацыю рэжымнага разбурэньня дамоў, гаспадарчых і іншых будынкаў, а таксама прыватных гаспадарак у сельскай мясцовасьці. Гэтая зьява набывае катастрафічныя маштабы. Дамы памерлых людзей зьнішчаюцца і закапваюцца ў зямлю. Хаця былі выпадкі, калі адміністрацыя зьнішчала дом, пакуль гаспадар працаваў за мяжой. Тэрмінова зьнішчаюць таксама цагляныя дамы, дзе, напрыклад, зачыняецца сельская крама, хаця будынак знаходзіцца ў добрым стане. На спустошаным месцы ужо ніхто ня можа пасяліцца, сады і гароды зарастаюць, там пасяляюцца зьмеі.

Усё гэта мае вельмі адмоўнае псіхалагічнае ўзьдзеяньне на сельскіх жыхароў. Зьнішчаецца спадчына сем’яў, падрываецца традыцыйная сялянская культура. Гэта ёсьць мэтанакіраваная акцыя супраць беларускага грамадзтва. Заробкі ў вёсках і раённых гарадах мізэрныя. Зачыняюцца (або ўжо зачынены) усе прадпрыемствы, людзі застаюцца без працы. Так мясцовыя манкурты і маскоўскія халуі зьнішчаюць нашу Бацькаўшчыну Беларусь.

Буйнамаштабныя катастрофы ў Расеі, у тым ліку і ядзерныя, з асаблівай вастрынёй ставяць перад нашым грамадзтвам пытаньне аб недапушчальнасьці ўвядзеньня ў эксплуатацыю АЭС у Астраўцы, якую будуе Масква ў сваіх інтарэсах. АЭС будуюць тыя самыя расейскія спэцыялісты, якія давялі да аварый і катастроф на тэрыторыі РФ. Да таго ж, калі ў Расеі пачнецца палітычна-сацыяльны калапс і распад, гэтыя спэцыялісты ўцякуць за мяжу, а мы застанемся сам-на-сам зь іхнім небясьпечным аб’ектам. Вядома, што будаўнічыя працы на АЭС у Астраўцы вядуцца з грубымі парушэньнямі тэхналогіі і канструкцыйных патрабаваньняў, выпадковымі брыгадамі, якія мяняюцца. У кастрычніку сёлета туды ўжо плануюць завезьці ядзернае паліва. У краіне трэба тэрмінова ствараць супраціў гэтай атамнай агрэсіі Масквы. Пад пагрозай уся Беларусь.

Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

11 жніўня 2019 г.