Атракцыён «Бабіч»

posted Mar 26, 2019, 4:57 PM by Адміністратар Навін   [ updated Mar 26, 2019, 4:58 PM ]

У дыпламатычнай практыцы дзейнічае шэраг правілаў, вызначаных традыцыяй, дыппратаколам і актуальным кодэксам паводзінаў. Усе ведаюць, што дыпламатыя – адна з формаў разьведкі, кожная дыпламатычная пляцоўка ў чужой краіне служыць для зьбіраньня інфармацыі, яе аналізу і перадачы ў цэнтр – сталіцу дзяржавы, пад сьцягам якой гэтая пляцоўка функцыянуе за мяжой. Ніхто, аднак, публічна не заяўляе пра гэта. А калі любому дыпламату задаць пытаньне “пра разьведку”, то ён усьміхнецца, махне рукой і скажа, што ягонай задачай ёсьць выключна наладжваньне ўсебаковых і ўзаемавыгодных адносінаў паміж дзяржавамі і народамі, умацаваньне дружбы і ўзаемаразуменьня – і ня больш таго.

Прыгожыя прамовы, прыязныя жэсты і, як кажуць італьянцы, “complimenti, complimenti!” – вось як выглядае класічная дыпламатыя, якая зьяўляецца, можна сказаць, адным з жанраў творчай дзейнасьці. Гісторыя дыпламатыі дае шэраг проста анэкдатычных прыкладаў, калі дзеючыя асобы да канца выконвалі свае дыпламатычныя абавязкі, не баючыся падацца сьмешнымі. Калі ў чэрвені 1940 года фашыстоўская Італія аб’явіла вайну Францыі, амбасадар Італіі перадаў ноту аб гэтым французкаму прэм’еру са словамі: “Спадзяюся, што гэта будзе спрыяць наладжваньню адэкватных адносінаў паміж нашымі краінамі!” А раніцай 22 чэрвеня 1941 года ў кабінэце Молатава германскі амбасадар фон Шуленбург пасьля ўручэньня Крамлю ноты аб пачатку вайны завершыў свой кароткі спіч асабістым прызнаньнем: “Я ўпэўнены, што гэта ёсьць сур’ёзная памылка майго ўраду. Спадзяюся, што ўсё ўрэшце рэшт наладзіцца”.

Паводзіны расейцаў, якія дзейнічаюць пад дыпламатычным прыкрыцьцём у незалежнай Беларусі, таксама засьвяціліся ў шэрагу анэкдотаў, толькі афарбоўка гэтых сюжэтаў мае надта змрочны характар. Накіраваныя ў Беларусь лубянскія дыптаварышы настолькі расслабляліся і гублялі кантроль над сабой, што часам рабілі перад прыездам у Менск такія публічныя заявы, у якіх адмаўлялася дзяржаўнасьць нашай краіны, яе культура і нават існаваньне нашай нацыі. Нават Масква не магла перакрочыць праз такі скандал, і некаторыя з прызначэнцаў у сувязі з гэтым так і не даехалі да Менску, пераведзеныя на іншыя месцы лубянскай дзейнасьці.

Звыклай традыцыяй сталі паханскія паводзіны пры ўручэньні вярыцельных грамат галоўнаму начальніку мясцовага рэжыму. Паводле пратаколу, прынята рабіць глыбокі паклон перад першай асобай дзяржавы, а потым ветліва працягваць яму тэчку з афіцыйнымі дакумантамі. Маскоўскія дыпначальнікі ўмела нагадвалі свайму васалу, дзе ягонае месца. Яны цырыманіяльна падыходзілі да яго і бесцырымонна, без паклонаў і кніксэнаў з размаху тыцкалі яму тэчкай у жывот. Пры гэтым глядзелі на яго халоднымі вачыма, як удаў на труса. Рэжымнае тэлебачаньне не рэтушыравала гэтыя ганебныя для рэжыма сцэны. Яны сталіся нормай міжрэжымных адносінаў.

Рознага мы наслухаліся за дзесяцігоддзі прамаскоўскага рэжыму ад расейскіх амбасадараў. У любой іншай краіне іхнія выбрыкі і агрэсіўныя паводзіны прывялі б да рэзкіх дэмаршаў існуючай улады і выдаленьня расперазаных асобаў. Тут дэмаршы былі, але ўсё штучныя, распрацаваныя агульным сцэнаром у Маскве для падману і дэзарыентацыі беларускага і міжнароднага грамадзтва. Дастаткова ўспомніць малочныя і мясныя “войны”, “адкліканьне амбасадараў для кансультацый” і г.д. У выніку расейская імпэрыя рабіла чарговыя крокі па гібрыднай акупацыі нашай краіны.

Але такога мовэтону, які дазваляе сябе цяперашні амбасадар РФ у Менску М. Бабіч, здаецца, мы яшчэ не назіралі. Ад самага пачатку свайго прызначэньня ў Беларусь і асабліва апошнім часам ён выказваецца наўпрост, з зухаватай шчырасьцю нахабніка з маскоўскай півярні. Перш за ўсё трэба падкрэсьліць, што кожнае слова амбасадара Бабіча і агульны кантэкст ягоных заяваў груба парушаюць дыпламатычны пратакол. Калі дыпламат не трымае ў руках “царскую грамату” (афіцыйны дакумант ад свайго ўраду) і не чытае зь яе, то ён проста ня мае права рабіць “самастойныя заявы” на шэраг важнейшых тэмаў: міру і вайны, тэрытарыяльнай цэласнасьці і дзяржаўнага ладу, палітыкі і палітычных арыентацый дзяржавы, у якой ён акрэдытаваны. Проста ня можа, гэта забаронена. А генэрал Бабіч, вядомы сваёй папярэдняй біяграфіяй арганізатара палітычных і ваенных правакацый на постсавецкай прасторы (за гэта яго адмовіліся прымаць амбасадарам ва Украіне) амаль штодня падкідвае ў інфармацыйную прастору заявы пра тое, як Расея будзе бараніць Беларусь у будучай вайне, як яны будуць стаяць на варце нашага сувэрэнітэту. Пра ўсё гэта спачатку, прынамсі, павінны былі б афіцыйна папрасіць Маскву беларускі народ і беларускі ўрад (калі б такі быў у наяўнасьці). Але нават тады Бабіч мог бы агучваць толькі крамлёўскія заявы. Усё гэта выклікала адэкватныя, здавалася б, рэакцыі ў прэсе наконт таго, што “мы яму не рэгіён Расейскай Фэдэрацыі, што ён сабе дазваляе!”. А потым дайшло да таго, што бальшыня рэжымных і так званых незалежных СМІ адмовіліся прыслаць сваіх рэпарцёраў на прэс-канфэрэнцыю, якую М. Бабіч даваў з нагоды 5-годдзя расейскай акупацыі Крыма. Гэта быў іхні “пратэст” супраць заяваў М. Бабіча і палітыкі Расеі.

У той жа час рэжым рэгулярна падкрэсьлівае на фоне Бабічавых выступаў сваю ролю абаронцы беларускага народа і сувэрэнітэту нашай дзяржавы. Фальшывы патэрналізм лукашыстоўскай каманды набывае часам кур’ёзныя формы. Падчас візыту ў Польшчу вышэйшыя прадстаўнікі каманды наведалі магілы ахвяраў антыбеларускага тэрору 1940-х гадоў на Беласточчыне, вянкі ўскладалі і заявы рабілі. Ніколі раней яны гэтымі ахвярамі не цікавіліся ды й цяпер выкарысталі іх як палітычную кан’юнктуру. Няма веры ў шчырасьць тых, хто арганізоўвае цяперашні працэс зьнішчэньня беларускай нацыі і нашай дзяржавы. Пару разоў яны фыркалі і адрасна на М. Бабіча. І выглядала гэта настолькі ж абсурдна.

Зьбіраючы гэтыя дэталі ў адну карціну, можна зрабіць выснову, што перад намі разгортваецца “deception operation” – падманная апэрацыя гібрыднай вайны. Кінуўшы перад нашым грамадзтвам інфармацыйную прыманку, маскоўскія арганізатары антыбеларускай вайны у той самы час праводзяць чарговую спэцапэрацыю супраць Беларусі за кулісамі, без якіх-кольвечы заяваў, эфэктных прыёмаў і інфармацыйнай траскатні. Што канкрэтна робіць Масква, стане бачным і зразумелым у бліжэйшы час. Абы ня надта позна. Але можна быць упэўненымі, што адбываюцца агрэсіўныя дзеяньні, якія супярэчаць міжнароднаму праву і накіраваныя на ўмацаваньне гібрыднай акупацыі Беларусі. У рэчышчы падрыхтоўкі Масквой вялікай вайны супраць суседняй нам Украіны і ўсяго цывілізаванага сьвету спэцапэрацыя Крамля павінна напаўняць душы людзей трывогай і прымушаць рыхтавацца да абароны Айчыны.

Аркадзь Ляхаў

26-03-2019