БАЧНА, ШТО РЭСТАРАН ЗАЙДЭСА -- НЕКАМЭРЦЫЙНЫ ПРАЕКТ

posted Jul 23, 2018, 5:37 AM by Адміністратар Навін   [ updated Jul 23, 2018, 5:38 AM ]

22.07.2018 Прайшла чарговая варта сяброў КХП-БНФ ля "Бульбаш-холу".

За цэлы дзень у так званы рэстаран прыехала ўсяго тры (!) машыны! Пры гэтым, людзі былі відавочна невыпадковыя, бо ўжо ведалі, што казаць, ведалі, што за 50 метраў знаходзяцца Курапаты. Некаторых зь іх я ўжо бачыў тут раней. У выніку, спэцслужбаў, якія ахоўвалі гэты аб'ект, апынулася больш, чым наведнікаў.

За цэлы дзень не было абсалютна ніводнай выпадковай машыны. Хаця, міма іх праяжджалі тысячы. Поўны камэрцыйны правал. Чарговы доказ таго, што гэты праект ня мае абсалютна ніякага дачыненьня да бізнэсу. З пункту гледжаньня бізнэсу ён пазбаўлены сэнсу. Значыць, у сапраўдных уладальнікаў былі іншыя матывы будаваць свой комплекс менавіта ў гэтым месцы, ля Курапатаў.

Ізноў прыяжджалі людзі, каб выказаць сваю салідарнасьць, падтрымку. Калі здалёк бачыш у машыне Бел-Чырвона-Белую стужку, адразу разумееш: "Нашы!". З машыны выходзіць чалавек, працягвае пакет са сьвежай выпечкай. Аказваецца, спэцыяльна вёз для абаронцаў Курапатаў. Ціснем рукі, дзякуем адзін аднаму. Беларусь Жыве!

Ігар Шчэмелеў