Беларускі народ будзе рады візыту Папы Рымскага

posted May 17, 2017, 1:54 AM by Адміністратар Навін   [ updated May 17, 2017, 1:54 AM ]

У інфармпрасторы прагучала на тэму “Папа Рымскі і Беларусь”. Як заўсёды (або “амаль заўсёды”), сапраўднай аналітыкі пытаньня не было ні ад афіцыёзу, ні ад мясцовых “дэмСМІ”. Праўда, ад іх ужо ніхто асабліва і не чакае аналітыкі. Але вось што яны падалі:

Глава БПЦ: Решение о визите Папы в Беларусь будет принимать Патриарх Кирилл

Решение о возможном визите в Минск Папы Римского будет принимать не Белорусская Православная Церковь, а Патриарх Московский.

Об этом 10 апреля на пресс-конференции в Минске заявил Митрополит Минский и Заславский, Патриарший Экзарх всея Беларуси Павел. «Какое решение примет, мы как послушники будем выполнять», - отметил он.

При этом митрополит подчеркнул, что сама БПЦ пригласить не может главу ни одной из Церквей, передает Krynica.info.

Крыніца: https://charter97.org/ru/news/2017/4/10/246476/

Паведамленьне выглядае нібыта салідным і паўнавартасным. Але давайце разбярэмся. Няма ў Канстытуцыі нашай краіны згадкі пра тое, што Беларусь – тэакратыя, рэлігійная дзяржава або мае дзяржаўную рэлігію. Беларусь – сьвецкая дзяржава, дзяржава аддзелена ад царквы. Калі фармальных вернікаў РПЦ тут арыфмэтычная большасьць паводле статыстыкі, то мы ведаем, якое становішча існуе на самой справе – будынкі РПЦ паўпустыя або пустыя. І толькі на два-тры галоўныя праваслаўныя сьвяты ў год яны запаўняюцца натоўпамі. А так па нядзелях у будынках РПЦ можна ўбачыць невялікую колькасьць у асноўным пажылых жанчын; моладзі і мужчын практычна няма. Што такое бацюшкі РПЦ, мы паўтараць ня будзем. Як і тое, чым займаецца РПЦ у Беларусі. Гэта агульнавядома.

Дык жа не! Паведамляльшчыкі нам давялі пра заявы мітрапаліта нейкай БПЦ. Ня трэба хітрыць і казаць няпраўду. “БПЦ” – такога фэномэну няма на тэрыторыі Беларусі. Маецца на ўвазе мясцовы “рэспубліканскі пададдзел” РПЦ. І слова “экзарх” перакладаецца з грэцкай як “намесьнік”. Тобок згаданы мітрапаліт Павел (у народзе “Бацюшка-кранік”) зьяўляецца не прадстаяцелям нечага беларускага, а намесьнікам (прадстаўніком) патрыярха маскоўскага. Таму, дарэчы, ён і сказаў, што рашэньне будзе прымаць патрыярх Кірыла.

Ня будзем паўтараць, што РПЦ для беларусаў – зьява чужая і варожая. Нагадаем іншае. У Беларусі няма вайны з Дзяржавай Ватыкан. Больш таго, ёсьць зь ёю дыпламатычныя адносіны. І нават калі б у Беларусі пражываў адзін католік (нават не грамадзянін РБ), вышэйшы сьвятар каталіцкай канфэсіі меў бы права наведаць яго з душпастырскай місіяй, проста выканаўшы пашпартна-візавыя фармальнасьці.

У Беларусі ёсьць вялікая колькасьць вернікаў-католікаў і яны маюць права запрашаць да сябе і прымаць у сваёй краіне свайго сьвятара. Ні ў беларускіх католікаў, ні ў беларускіх грамадзян наогул няма абавязку паводле Канстытуцыі і заканадаўства зьвяртацца ў гэтым (або ў якім іншым) выпадку па дазвол да грамадзяніна РФ Гундзяева (патрыярха Кірылы -- прадстаяцеля чужой нам царкоўнай арганізацыі, якая базуецца ў чужой дзяржаве). Дарэчы, калі сам Кірыла і ягоныя папярэднікі на стальцы езьдзілі з візытамі ў Аўстрыю, Італію, Францыю, Летуву і іншыя краіны з каталіцкай большасьцю насельніцтва, то ні ў каго (тым больш у Папы Рымскага) яны дазволу на гэтыя візыты не пыталіся. Маскоўскія арцыбацюшкі афармлялі пашпарт і візу ды паведамлялі праз сваё ведамства замежных сувязяў у адміністрацыю гэтых дзяржаў, калі і куды прыедуць (проста каб ім была арганізавана “для саліднасьці” і афіцыйная сустрэча).

Увесь гэты схаластычны гарод вакол “дазволу ад Кірылы” гародзіцца выключна з адной прычыны – Беларусь зьяўляецца акупаванай краінай, краінай унутранай акупацыі, наладжанай Масквой. У дэмакратычнай, сапраўды сувэрэннай Беларусі ніхто ні ў каго (тым больш у Маскве) пытацца дазволу пра візыт да нас Папы Рымскага ня будзе. Беларускі народ будзе рады прыняць у сябе душпастыра беларусаў-католікаў, выдатнага рэлігійнага і грамадзкага дзеяча сучаснасьці, прадстаўніка вялікай культурнай і цывілізацыйнай традыцыі, арганічнай часткай якой зьяўляецца наша Радзіма.

Валеры Буйвал