Беларусь перадусім!

posted Dec 11, 2018, 8:34 AM by Адміністратар Навін   [ updated Dec 11, 2018, 8:35 AM ]

(Выступ на сьнежаньскім 2018 г. Сойме КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”)

Новы 2019 год павінен быць лепшым для будучыні нашай Бацькаўшчыны Беларусі.

Гэта наш апошні Сойм у 2018 годзе. Варта азірнуцца і падсумаваць наш шлях. Гэта быў год нацыянальных юбілеяў і нацыянальных выпрабаваньняў. Ва ўсім гэтым наша партыя прыняла дзейсны ўдзел. Мы правялі на патрэбным узроўні навукова-грамадзкую канфэрэнцыю да 100-годдзя аб’яўленьня Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, падрыхтавалі памятныя знакі да гэтай падзеі.

Мы падрыхтавалі і правялі таксама канфэрэнцыі і мерапрыемствы, пасьвечаныя 30-гадоваму юбілею стварэньня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і 30-годдзю адкрыцьця Курапатаў. Гэта вымагала асаблівага падыходу і асаблівай працы. Яна была падрыхтавана з годнасьцю і на добрым узроўні. Таксама адбыліся ўсе традыцыйныя мэмарыяльныя і культурныя мерапрыемствы. Апошнія падзеі – Дзяды і 98-я гадавіна Слуцкага збройнага чыну.

Гэтыя ж падзеі былі адзначаны за мяжой, дзе прыхільнікі нашай Партыі і беларускага Адраджэньня прынялі актыўны ўдзел.

Асноўнай палітычнай падзеяй гэтага году, аднак, сталі не юбілеі, а новы сістэмны наступ на Курапаты, назавем так – усіх цёмных сіл. Тут задзейнічаны ня толькі ўлады антыбеларускага рэжыму, але і інтарэсы чужой дзяржавы з усходу. Атака йдзе па двух лініях – па лініі зьнішчэньня ахоўнай зоны і дэманстрацыі зьнявагі памяці пра генацыд і другое – па ўварваньні ў Народны мэмарыял Курапаты і забіраньне могільніка пад юрысдыкцыю рэжымных установаў з мэтай далейшага разбурэньня.

Барацьба працягваецца і будзе абвастрацца ў 2019 годзе. Нам удалося часткова зраўняць і аслабіць некаторыя аспэкты наступу ў цэнтры Мэмарыяла. Мэмарыял ёсьць, але пагроза зьнішчэньня застаецца, яна будзе праяўляцца ў розных выглядах. Усё гэта запатрабуе ад нас мабілізацыі і правільных паводзінаў, разумеючы нашу місію ў гэтай справе.

Цяжкасьць у тым, што ў барацьбе з гэтым рэжымам і ягонай палітыкай супраць Курапатаў у абаронцаў ёсьць толькі мінімальныя магчымасьці, бо змагацца прыходзіцца са структурамі антыбеларускай улады, арганізаванымі на зьнішчэньне ў выніку адзінай антыбеларускай паліыткі.

У пытаньні зносу рэстаран-бардэля, напрыклад, рэальна застаўся толькі фізычны пратэст, дэманстрацыя нязгоды і выкрыцьця злачынства, бо ўладныя структуры цалкам падтрымалі мафію і самы задзейнічаныя ў злачынстве. Гэтая адзіная (прытым, цяжкая) магчымасьць была скарыстаная грамадзкімі абаронцамі і пакуль што прыносіць інфармацыйную і маральную перавагу над ворагамі чалавецтва. Ужо паўгода перад брамай злачынага, незаконнага рэстарана ў ахоўнай зоне стаіць чалавечая варта і сьведчыць праўду.

Гэта даволі ўнікальны выпадак, справа, на якую здольныя толькі асаблівыя людзі. Яны знайшліся і прыдаліся, як бы скэптычна нехта да іх ні ставіўся. Гэта іхні гераізм, які дае вынік. І тут я паўтару тое, пра што кажу ўвесь час: у нацыі не існуе лішніх людзей. Інтарэсы нацыі аб’ядноўваюць усіх, бо нацыя -- гэта вялікая сям’я людзей. Наша партыя ад пачатку пасылае сваіх прадстаўнікоў у курапацкую варту ля брамы незаконнага аб’екта. Перамога там будзе за намі, як бы цяжка яна ні давалася.

Мы разумеем, што ёсьць вялікая сіла, якая за адзін дзень можа ўратаваць і Народны Мэмарыял, і зьмесьці са сьвятой зямлі рэстаран-бардэль з уісімі яго шчэпкамі. Але гэтая сіла пакуль што сьпіць. Трэба яе будзіць. Калі яна прачнецца, то ад гэтага рэжыма і ягоных шалёных сабак мокрага месца не застанецца. Пакуль што змагаемся і церпім; церпім і змагаемся.

Міжнародныя падзеі важныя для нас, гэта перш за ўсё падзеі ва Украіне і Польшчы. Мы падтрымліваем і будзем падтрымліваць барацьбу Украіны супраць расейскай агрэсіі. Пра гэта я казаў украінцам нядаўна на мітынгу ў Нью-Ёрку, які праводзілі ўкраінцы супраць агрэсіі маскоўцаў у Азоўскім моры. Усімі сіламі, думкамі і сэрцам нам трэба патрымліваць барацьбу ўкраінцаў, бо тут вырашаецца і наша будучыня.

Паважаныя сябры, нягледзячы на ўсе цяжкасьці і нахабныя маніфэстацыі ворагаў Беларусі, у мяне жыве перакананьне, што яны пацерпяць паразу ганебна і нікчэмна, а наша сьветлая Беларусь застанецца, адродзіцца, жыве і будзе жыць.

Слава Айчыне!

Беларусь перадусім!

9 сьнежань 2018 г.                          Зянон ПАЗЬНЯК