БОГ У ДУШЫ

posted Apr 11, 2020, 1:41 PM by Адміністратар Навін   [ updated Apr 11, 2020, 1:42 PM ]

Надыходзіць Вялікдзень -- Зьмёртвыхустаньне Хрыстова -- найвялікшае сьвята Хрысьціянства. Віншую ўсіх маіх дарагіх землякоў, дарагіх беларусаў з Уваскрашэньнем Хрыстовым у цяжкі час выпрабаваньняў! Няхай вірусная пошасьць эпідэміі абміне ўсіх нас! Зычу ўсім здароўя і зьберажэньня жыцьця! Верма, дапамагайма адзін аднаму -- і пераможам.

У маладосьці, у часы бязбожнага сацыялізму я трапіў у далёкую вёску, дзе навокал не было ні касьцёла, ні царквы, бо ўсё разбурылі бальшавікі. Надыходзіў Вялікдзень. "А як жа вы пасьвенціце яйкі, хлеб, соль і Дар Божы? -- пытаюся я. -- А нічога, -- адказваюць, -- мы кладзем усё на страху, пад Неба і молімся. Бог пасьвенціць".

Тады я зразумеў, што ніякі бязбожны сацыялізм ня зьнішчыць Веры, калі Бог у душы. Так і цяпер, у час карантыну і страшэннай пошасьці тут, у Нью-Ёрку, калі часова, шануючы адзін аднаго, людзі ня йдуць у храмы, я пакладу з малітваю ў адчыненае вакно пад Неба пасілкі -- вялікодны Дар Божы -- і Бог пасьвенціць. Пачуем Яго ў душы.

Тыя сьвятары і біскупы, што ў час небясьпечнай эпідэміі не паклікалі вернікаў у храмы і папрасілі маліцца дома, учынілі тое па-хрысьціянску дзеля дабра людзей, каб зьберагчы іхняе жыцьцё і здароўе. Такія адносіны – гэта тое, што прынёс Хрыстос, калі лячыў хворых і аджыўляў людзей у сьвятую для жыдоў суботу, бо Бог быў гаспадар суботы і не забаронена было ў суботу рабіць дабро. Гэтага не разумелі тады старажытныя габрэі, фарысеі, кніжнікі і сьвятары.

Хвала сьвятарам, што шануючы Бога, берагуць здароўе людзей і паважаюць народ. Выпрабаваньне эпідэміяй і злым начальствам, часовае нехаджэньне ў храм -- гэта для веручага чалавека можа стаць штуршком для ўзмацненьня Веры і ўсьведамленьнем таго, што Бог мусіць быць у душы.

Будзьма верныя і салідарныя, шануйма Бога і людзей, сьвяты Касьцёл і Царкву і нашу дарагую шматпакутную Бацькаўшчыну сьветлую Беларусь!

Хрыстос уваскрос! Славім Яго!

12 красавік 2020 г.                  Зянон Пазьняк