ЧАКАЕЦЦА ПАСТАЯННАЕ НАСІЛЕНЬНЕ РЭПРЭСІЯЎ СУПРАЦЬ БЕЛАРУСАЎ

posted Dec 15, 2021, 5:34 AM by Адміністратар Навін   [ updated Dec 15, 2021, 5:34 AM ]

        Нядаўна паказалі відэа-інтэрв'ю Лукашэнкі для Бі-Бі-Сі. Тут усё, як заўсёды, як 27 гадоў падрад: хамства, хлусьня, злосьць, нянавісьць і паранойя.

Зьвяртаю ўвагу на тыповае сістэматычнае прагаворваньне Лукашэнкам сваіх (альбо чыіхсьці) задум. Задуманае ў ім доўга не трымаецца. Зласьлівы выраз "вырежем всех" і ўсе пратэстуючыя "будут ликвидированы" -- гэта прамаўленьне рэальных намераў, якія яго апанавалі і якія ён будзе імкнуцца ажыцьцявіць.

Імпульсіўны чалавек альбо нэўрастэнік можа сарвацца і нагаварыць лішняга. Але потым, калі ён супакоіцца, -- пра намеры забудзе. Рэакцыя імпульсыўнага нэўрастэніка ня ёсьць пабуджэньнем да дзеяньня. Тым часам паранойны псіхапат выяўляе свае ідэі "фікс", якія ён намераны ўвасабляць. Гэтым вар'яты небясьпечныя ва ўладзе.

Ідэя "фікс" Лукашэнкі вынікае зь яго дыягназу і заснавана на псіхапатычнай нянавісьці да ўсяго беларускага.

Рэжым унутранай акупацыі стаў праводзіць адкрыта акупацыйную палітыку генацыду. Пастаўлена задача вынішчыць усё нацыянальнае, беларускае: мову, адукацыю, навуку, друк, выдаведствы, бібліятэкі, музэі, школы, тэатры, творчыя саюзы, мастацтва, краязнаўства, літаратуру, -- словам, усю беларускую культуру і грамадзянскую супольнасьць і пры гэтым рэпрасаваць усіх патрыятычна думаючых беларусаў. У прынцыпе рэжым (па ўскосных назіраньнях і намёках) хацеў бы ліквідаваць адзін мільён актыўных патрыётаў. Але як гэта зрабіць за кароткі час пацыент пакуль што ня ведае.

Разумным людзям трэба зважаць на тое, што адбываецца сістэмнае вынішчэеньне беларускай нацыі. Трэба прымаць неабходныя ў такіх умовах меры абароны і супраціву. (Дзеяньні рэжыму настолькі злачынныя, што часам нават далёкія ад палітыкі беларусы ўзбуджана крычаць: "Халера, зь ім трэба нешта рабіць!") Але вока спрута ў Крамлі. І «ўзбуджаныя» тое цяжка разумееюць.

Пазыцыя Эўропы тут не адназначная. У цэлым эўрапейская палітыка каардынуецца з Пуціным і спрыяе ўпадку Беларускай дзяржавы ў плане накладаньня эканамічных санкцый і выкарыстаньня падстаўной ролі Ціханоўскай, за адносінамі да якой эўрапейскія дзеячы хаваюць свае геапалітычныя інтарэсы.

Цяпер у беларускай палітыцы распараджаюцца чужыя сілы. Менавіта:

акупацыйны рэжым Лукашэнкі, апазыцыйная група, падтрыманая Газпрамам (Ціханоўская-Латушка) і левыя сілы Эўразьвязу, якія на справе падтрымліваюць газпрамаўскую авантуру Пуціна аб нібыта прыдушэньні і замене Лукашэнкі.

Сітуацыя пераменіцца толькі тады, калі палітычна, арганізавана і нацыянальна заявяць пра сябе беларусы, насуперак дзеяньням Масквы і яе крэатураў у Беларусі.

Ідзе адкрытая вайна супраць Беларускага народу з прыкметамі генацыду. Складваецца адчуваньне, што мусіць быць нейкая разьвязка, нейкія дзеяньні, пакуль два злачынцы не пачалі страляць.

27 лістапад 2021 г.      Зянон ПАЗЬНЯК