Чаму Джойс ня стаў Пазьняком?

posted May 18, 2017, 4:54 AM by Адміністратар Навін   [ updated May 18, 2017, 4:54 AM ]

Прачытаў водгук Антона Лявіцкага (малады інтэлектуал зь Нямеччыны) на "Палын-палын...". Лявіцкі падвёў, што ў рамане выяўлены аўтарскі расізм, нацыяналізм і ксэнафобія (прапушчаныя чамусьці "фашызм" і "тэрарызм"). І таму аўтар, паводле крытыка, ня стаў Джойсам. (Дакладна так ў загалоўку водгука спадара Лявіцкага і заінтрыгавана). Ў рамане, маўляў, таксама больш "сацрэалізму", чым ў Мележа.

Сам раман у артыкуле, практычна, не рпазглядаецца. Ацэньваецца аўтар рамана (дакладней, уяўленьні пра аўтара). Бяруцца цытаты пэрсанажаў рамана і прыпісваюцца (трэба разумець) прымітыўнаму і абмежаванаму сьветапогляду пісьменьніка (дарэчы, тыповы прыём прапаганды).

Увогуле, вялікае гора бывае ад розуму. Часам цяжка зразумець пра што піша спадар Лявіцкі і пры чым там Джойс. Але галоўныя развагі, паўтаруся, прывязаныя да нэгатыўнай ацэнкі маёй палітычнай асобы і, відаць, палітычнай справы. Ну, тут ўжо нічога не парадзіш. Буду цярпець.

Праўда тыя, хто маю палітычную справу лепш ведаюць, дык і пішуць па-іншаму. Не былі палітыкі пісьменьнікамі ды паэтамі ў вачах людзей і ня будуць, хоць пісалі шмат хто (і добра пісалі), бо палітыка над усім і ў любы час усё можна сьпіхнуць на палітыку.

Але калі настане Вольная Беларусь (а яна настане), то шмат што зьменіцца ў беларускім сьвеце і ў галовах людзей.

18 травень 2017 г.                      Зянон Пазьняк