Час, калі насарогі добра пахнуць

posted Mar 26, 2019, 5:02 PM by Адміністратар Навін   [ updated Mar 26, 2019, 5:02 PM ]

Ужо ў 70-х гадах мінулага стагоддзя Масква была пераканана, што зь Беларусяй яна расправілася, і беларуская нацыя больш не падымецца. Тады перасьледвалі беларускую інтэлігенцыю, пазбаўлялі працы, цягалі на допыты ў КГБ, каб прышыць справу. Мне на тых допытах адкрыта казалі, што Беларусі ўжо няма і ня будзе. Яны сьвяткавалі (як яны меркавалі) нашу сьмерць.

Стварэньне Беларускага Народнага Фронту, адкрыцьцё Курапатаў і незалежнасьць Беларусі стала для лубянскіх стратэгаў Масквы поўнай нечаканасьцю.

З паразы ў 80-90-х Масква зрабіла высновы. Задачай яе стала ўсё вярнуць, як было: ліквідаваць Беларускі Народны Фронт, палітычна зьнішчыць, скампрамэтаваць, зганьбіць носьбітаў “Адраджэньня” і саму ідэалёгію нацыянальнага Адраджэньня.

На працягу апошніх 25 гадоў такая расправа часткова адбылася. У 1995 годзе сп. Шэйманам быў створаны “эскадрон сьмерці” на чале з Паўлічэнкам, дзеля фізычнага зьнішчэньня палітычных праціўнікаў рэжыму. Першым мусілі забіць кіраўніка БНФ. Пра гэта я быў папярэджаны прыхільнай асобай з дзяржаўных структур. Забойства не адбылося. Тым часам былі забітыя іншыя (В. Ганчар, Ю. Захаранка і інш.).

Усе Дэпутаты Незалежнасьці (дэпутаты Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня) былі пазбаўлены працы і магчымасьці дзяржаўнага сацыяльнага забясьпячэньня. Пастаянна вялася прапаганда па іх дыскрэдытацыі і маральным прыніжэньні.

Улічваючы такое становішча, мы, Дэпутаты Незалежнасьці, на сваім сходзе за мяжой прынялі рашэньне ўстрымлівацца ад крытыкі адзін аднаго, што б ні здарылася, каб не даваць нагоды рэжыму для ахайваньня справы Незалежнасьці.

У 1999 годзе пры ўдзеле КГБ і нямецкай выведкі (Ганс Вік) быў расколаты Беларускі Народны Фронт і створана “дэмакратычная” апазыцыя, фінансаваная з Захаду. Прытым паступленьне заходніх фінансаў кантралявалася КГБ. На гэтыя ж грошы, дзякуючы кантролю, фінансавалася гэбоўская агентура ў “дэмапазыцыі”. Галоўная задача, якая ставілася немцамі і «схавана») Лубянкай перад “дэмапазыцыяй”, -- садзеяньне інтэграцыі Беларусі з Расеяй.

У 2010 годзе “дэмапазыцыя” была практычна ліквідаваная “за ненадобностью” (спынена заходняе фінансаваньне).

Была створана новая “апазыцыя” з кадравых функцыянэраў пад назвай “говори правду”. На падстаўнога “лідэра” новага гэбоўскага фантома быў запрошаны вядомы паэт-патрыёт Ул. Някляеў (які пагадзіўся). Фінансаваньне ішло з Захаду, але зразумела, што гэта былі грошы Масквы. Афёра скончылася ў 2010 годзе пагромам усіх апазыцыйных сілаў у Беларусі і фактычнай ліквідацыяй грамадзянскай супольнасьці.

Наша партыя КХП-БНФ і я асабіста імкнуліся прадухіліць катастрофу і паўплываць на Някляева, на ягоныя дзеяньні ў выбарчай кампаніі. Але ён нічога не зразумеў.

На сёньняшні дзень з удзелам узурпатара ўлады і КГБ фармуецца ўжо трэцяя падстаўная “апазыцыя” з людзей, раней вядомых і патрыятычна настроеных. Галоўная мэта рэжыму ў стварэньні гэтай чарговай “апазыцыі” – кампрамэтацыя беларускай ідэі і беларускага Адраджэньня. Таму прадугледжана, што гэтая апазыцыйная публіка будзе кантактаваць з рэжымам, казаць яму пра сувэрэнітэт, культуру і незалежнасьць. Рэжым будзе ківаць галавой, абяцаць, спасылацца і т.п. У выніку Масква быццам бы будзе нэрвавацца, што ўзурпатар і “апазыцыя” “аб’ядноўваюцца” дзеля абароны сувэрэнітэту. Захад будзе бачыць, што нарэшце, узурпатар і “апазыцыя” ўступілі ў стан перамоваў (наперадзе яшчэ прыдумаюць “круглы стол”). А беларусы павінны ўбачыць, што людзі, якія пазыцыянуюць сябе як беларускія патрыёты, за мову ды за культуру, людзі гэтыя гатовыя абдымацца з суб’ектам, які зьнішчыў, скалечыў маладосьць беларускай незалежнасьці, апаганіў беларускую нацыю, зьняважыў беларускі народ, гандлюе сувэрэнітэтам, расстралянай памяцьцю народа, прадаў нацыянальныя інтарэсы Маскве і круціцца перад ёй, хлусячы ўсім.

Маніпуляцыя тут класічная – люді павінны ўбачыць, што гэтыя беларускія “змагары” такія ж фальшывыя, як і рэжым. І, маўляў, ўсё, што стаіць за іхняй фразэалогіяй – таксама фальшывае, бо яны такія ж бяспрынцыпныя, як і ўлада.

Гэта той выпадак, калі нельга набліжацца да цмока, які сьмярдзіць і цягне ў абдымкі. Але тут, відаць, ужо, як у Іянэску, – насарогі пачынаюць добра пахнуць.

Некаторыя прыдворныя нэаапазыцыянэры ўжо заявілі, што ідуць на выбары “прэзыдэнта” і будуць дамагацца “рэальнага” дзьвюхмоўя ў краіне. Вопыт у беларусаў тут такі вялікі, што нават вожыку вядома, што дзьвюхмоўе – гэта мэтад русіфікацыі і ліквідацыі беларускай мовы, накінуты Масквой. Прыдворная “апазыцыя” хоча тое дзьвюхмоўе “штурхаць”.

Колькасьць нэаапазыцыянэраў вакол адміністрацыі ня больш за 7-8 асобаў. Ня буду называць іхных прозьвішчаў. Яны на віду. Астатнія праявяцца самы. Увогуле я б не парушаў пакуль што гэтай тэмы, калі б не экстраардынарная падзея, якая зьбянтэжыла многіх.

Пэрыядычна (асабліва пасьля чарговых саступак Маскве) узурпатар наладжвае сямігадзінныя адказы на пытаньні падабранай грамадзкасьці. Гэтыя адказы, размовы, выказваньні ніколі нічога ня значаць (ня значылі) і ня маюць значэньня. Тут словаблудства, перамешанае з кашчунствам і хлусьнёй, з мэтай надурыць людзей, якія вераць словам (а не справам).

Згодна з задачай стварэньня “прыдворнай” апазыцыі, адміністрацыя ўзурпатара запрасіла на слуханьне некалькі Дэпутатаў Незалежнасьці. Два зь іх прышлі. Узурпатар пастаянна спасылаўся на іх прысутнасьць. Але самае дрэннае здарылася потым. Яны з захапленьнем пракамэнтавалі ўбачаную пашляціну. Вось што сказаў адзін зь іх:

Я ўпершыню на такім паседжаньні і, канешне, не чакаў, што Аляксандр Рыгоравіч столькі ўвагі зьверне на мяне. Я вельмі ўражаны сустрэчай. Мне было вельмі цікава”.

Вось што сказаў іншы: “Я быў проста ў захапленьні ад таго, што чуў і бачыў. Я магу параўнаць хіба з тым, як было, калі я (?) абвяшчаў нашу незалежнасьць, і цяпер, праз 25 гадоў паўтарылася тое, што было”.

Гэта жахліва. Можна было б зразумець такую лісьлівасьць, калі б яны ўступілі ў калабарацыйныя дачыненьні з рэжымам, калі б ім надалі пасады міністраў, ці хаця б паабяцалі. І тады б яны, магчыма, спадзяваліся б рэалізаваць свае магчымасьці. Тут жа яны пачулі толькі пустыя словы ад суб’екта, які паталагічна ілжэ, і якому ні ў чым ня можна давяраць. І яны тое цудоўна ведаюць.

Выказваньне аб “захапленьні”, як тады, калі абвяшчалася незалежнасьць, і што «цяпер, праз 25 гадоў, паўтарылася тое, што было», (?) -- увогуле неадэкватнае. Aле чаму яно прагучэла?

Ужо стала мэмам шчымлівае выказваньне Пётры Садоўскага аб тых днях, калі дасягнулі незалежнасьці, і калі “мы былі гістарычна шчасьлівымі”. Моцна сказана і дакладна.

Неадэкватная фармулёўка са сходу ўзурпатара аб “захапленьні”, як тады, калі абвяшчалі незалежнасьць, і што цяпер, у час гаварэньня ўзурпатара, “праз 25 гадоў паўтарылася тое, што было”, мае ўскоснае тлумачэньне.

Ня трэба ламаць галаву над зьместам гэтай незразумелай фразы, бо тут тэхналёгія зьнішчэньня і дэвальвацыі крылатага выразу аб тым, калі людзі былі “гістарычна шчасьлівымі”.

На жаль, яно такое ёсьць. Я ня першы год у палітыцы і ведаю, як тое робіцца. Чаму такое гучыць, калі можна было хоць бы проста памаўчаць?! Зрэшты, магчыма, фраза прагучэла міжвольна, так склалася ад жаданьня арыгінальна выказацца, але зьмест не мяняецца.

Хацеў бы папярэдзіць заежджаны фальшывы штамп, які часам гучыць, што, маўляў, дзеля шчасьця Беларусі нехта гатовы супрацоўнічаць нават з д’яблам. Д’ябал ня будзе супрацоўнічаць. Яму дастаткова лісьлівых слоў ад былых апанэнтаў, каб зганьбіць іх перад людзтвам і выплюнуць, сьмяючыся.

У палітыцы ёсьць існасьці, важнейшыя за выгаду і прагматыку. А ў міжчасьсі трэба чытаць вялікага Быкава, каб не прышлося, крый Божа, пад шыбеніцай выбіваць табурэтку з-пад ног свайго ашуканага народа. А было. Было ў гісторыі. На жаль, было.

23 сакавіка 2019 г.                                             Зянон ПАЗЬНЯК