ЦЯЖКІ ЧАС IV

posted Nov 23, 2018, 5:51 PM by Адміністратар Навін   [ updated Nov 23, 2018, 5:51 PM ]

У лістападзе выйшла чарговая кніга Зянона Пазьняка. Пасьля сямігадовага перапынку зноў адноўлена выданьне сэрыі кніг «Цяжкі час». Выдадзены чацьверты том. Выданьне ажыцьцёўлена ў стандартным для гэтай сэрыі фармаце «Леттэр» (амэрыканскі аналаг А4), аб'ём 562 старонкі. (Электронны склад, макет, графіка і афармленьне зроблены самым аўтарам; друк коштам аўтара). Прэзэнтацыя адбудзецца ў пачатку сьнежня ў Нью-Ёрку; у студзені 2019 года – у Варшаве.

У прадмове да выданьня аўтар напісаў, што ў чацьвертым томе сабраныя выбраныя артыкулы і матар'ялы, якія даюць праекцыю на падзеі і зьмест 2011-2015 гадоў. Гэты час акрэсьлены аўтарам як час актывізацыі акупацыйнай русіфікатарскай палітыкі рэжыму і разбурэньня беларускай грамадзянскай супольнасьці. Беларусь панесла грамадзкія і сацыяльна-культурныя страты.

Гэты час характарызаваўся абвастрэньнем міжнароднага становішча і разбурэньнем ялцінскага парадку сьвету ў выніку ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны ў 2014 годзе, захопам яе тэрыторый. Напад Расеі на Украіну быў нечаканы для Эўропы, але найбольш для беларускай, так званай, дэмакратычнай інтэлігенцыі, прывыклай жыць яшчэ савецкімі ілюзіямі. Гэтая гібрыдная вайна і фантастычная па сваім цынізме і лжы расейская прапаганда, накіраваная на Беларусь праз маскоўскае тэлебачаньне, раскалола беларускае грамадзтва. З ўсёй відавочнасьцю стала відаць расейская падрыхтоўка да захопу Беларусі па ўкраінскім сцэнары. Гэтая тэма стала галоўнай у нацыянальна-вызвольным сэктары грамадзтва, адлюстравана ў гэтым зборы.

Чацьверты том выходзіць ў мяккай вокладцы на афсэтнай паперы, без ілюстрацый, абмежаваным накладам. Гэта вынік аб'ектыўных прычынаў.

Аўтар лічыць, аднак, неабходным такое выданьне ў любой форме і паліграфічнай якасьці, бо яно паказвае зьмест гістарычнага часу -- часу разбурэньня беларускай нацыі і выяўляе ацэнкі падзеяў з пазыцыі нацыянальнага супрацьдзеяньня і змаганьня за Беларусь.

22 лістапад 2018 г.                                         М. Якушэвіч