“Cуд” “ня ўбачыў” парушэньня закону

posted Apr 12, 2018, 9:39 AM by Адміністратар Навін   [ updated Apr 12, 2018, 9:40 AM ]

5 красавіка завяршыўся суд у справе антызаконных дзеяньняў міліцыі паводле іску сп-ні Алы Гуцавай, сябра Управы Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ.

3 лістапада 2017 г. яна раздавала запрашэньні на ўдзел у мерапрыемствах на Дзяды, стоячы непадалёк ад станцыі метро “Магілеўская” ў Менску. Са станцыі мэтро да яе выйшаў старшыня міліцыі Кірыенка і запатрабаваў тлумачэньняў (хаця раздача запрашэньняў на гэтым месцы ня мела дачыненьня да паўнамоцтваў аховы мэтрапалітэна). А. Гуцава паказала яму пашпарт і копію дазволу Менгарвыканкаму на правядзеньне КХП-БНФ мемарыяльных мерапрыемстваў. Пасьля тэлефоннай размовы з начальствам міліцыянт затрымаў жанчыну і завёў яе ў пакой міліцыі на станцыі мэтро. Там ён і ст. лейтэнант міліцыі Данільчык склалі на А. Гуцаву пратакол аб затрыманьні і канфіскавалі 1000 запрашэньняў. Больш за дзьве гадзіны яе пратрымалі ў пакоі міліцыі. Увесь час яны перамаўляліся ў справе “правапарушэньня” з начальствам, папярэджвалі яе аб адказнасьці “за неправамерныя дзеяньні” і ўзбуджэньні адміністрацыйнай справы. Аднак, 9 лістапада А. Гуцавай патэлефанавалі і паведамілі, што “справа спынена з прычыны адсутнасьці складу злачынства”. Незаконныя дзеяньні работнікаў МУС адмоўна адбіліся на стане здароўя жанчыны і не дазволілі ёй выканаць даручэньне Партыі.

А. Гуцава падала заяву ў суд з патрабаваньнем да МУС і Міністэрства фінансаў кампэнсаваць ёй маральную і матэр’яльную шкоду. На паседжаньнях Суда Партызанскага раёна г. Менску ў якасьці сьведкаў выступалі работнікі міліцыі (якія, як заўсёды хлусілі і блыталіся ў сваіх паказаньнях) і прадстаўнікі МУС і Мінфінансаў. Яны спрабавалі даказаць, што неправамерныя дзеяньні міліцыі былі правамернымі. Пацярпелая, адвакат і сьведка ад Партыі сп. С. Папкоў прадставілі доказы таго, што міліцыя груба парушыла Закон, перасьледуючы грамадзянку за распаўсюд інфармацыі пра санкцыянаванае мерапрыемства. Тым ня менш суд не задаволіў іск А. Гуцавай і “ня ўбачыў парушэньня закону” у незаконных дзеяньнях міліцыі.

Што такое лукашысцкі суд і іхныя «законы» – усім вядома. Няхай паказваецца нечысьць. Будучыня наперадзе.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

5 красавіка 2018 г.