ДЭМАКРАТЫЧНАЯ "ПРЫВАБНАСЬЦЬ" РАСЕЙСКАЙ АГЕНТУРЫ

posted Apr 5, 2022, 7:00 AM by Адміністратар Навін   [ updated Apr 5, 2022, 7:00 AM ]
        Расейская акупацыя Беларусі і агрэсія супраць Украіны адчыніла супярэчнасьці -- паказала прагніласьць ваеннай арганізацыі расейскай арміі і выявіла разбуральную сілу гібрыднай вайны ў дэзінфармацыі і прапагандзе.
Зьнішчальна спрацавала Расея па Беларусі. За дваццаць гадоў марыянетачнага рэжыму Лукашэнкі былі разбураны асновы нацыянальнай дзяржавы і нацыянальнай культуры, што дало магчымасьць Маскве (сумесна зь немцамі) разбурыць беларускую нацыянальную апазыцыю (Народны Фронт), стварыць у 2020 годзе прамаскоўскую апазыцыю рэжыму і вывезьці яе за мяжу дзеля прамаскоўскай дзейнасьці ў эміграцыі пад відам  змаганьня з Лукашэнкам.
Мэтодыка спрацавала разбуральна для эміграцыі, паспрыяла расейскай акупацыі Беларусі. Адпаведна, ажывілася прарасейская агентура ў беларускіх эміграцыйных СМІ, кантраляваных праз замежныя рэсурсы. Сродкі масавай інфармацыі сталі банальна ўключаць расейшчыну ў свой зьмест і кантэкст (не даючы інфармацыі па нацыянальнай палітыцы і нацыянальнаму Адраджэньню).
Найбольш рэзкі паварот зрабіла тэлебачаньне Белсат. Русіфікацыя Белсату ў Польшчы і ўскосная падтрымка пуцінскіх ваенных бандытаў зьбянтэжыла шмат якіх беларусаў. Такога не чакалі. Але такое здарылася і працягваецца. 
Характэрнай перадачай па-руску стала інтэр'ю Белсата ў маці рускага бандыта-кантрактніка, якая маркоціцца, што яе вырадак трапіў у палон да ўкраінцаў, а рускамірныя так званыя "журналісты" Белсату сумнымі галасамі выказваюць ёй спачуваньне і падтрымку.  Фантастычна -- але факт. 
Увогуле, парадаксальна, што лукашысцкія рускамірскія бандзюгі адчуваюць сябе ў дэмакратычнай Польшчы вольна, адкрыта і нахабна. Нядаўна на мітынгу ў Варшаве, які арганізоўвала групоўка Латушкі-Ціханоўскай, некаторыя беларусы, якія крытычна ўспрымаюць асобу Ціханоўскай, пачалі выкрыкваць "ганьба". Да іх рынулася група замаскаваных тыпажоў у чорным убраньні (так званая "ахова" групнікаў) і пачала штурхаць людзей, выбіваць тэлефон з рук, пагражаць і хапаць рукамі.
Такое магло здарыцца ў лукашысцкім Менску, але ня ў вольнай Варшаве. Тым ня менш, такое адбылося. Невядомыя нападнікі ў чорным -- гэта, магчыма, нават замаскаваныя амонаўцы зь Менску. Ніхто не высьвятляе паходжаньня нападнікаў з асяроддзя прамаскоўскай групоўкі.
Такое, відаць, будзе працягвацца, але да пары. Цяпер жа трэба ўсё зафіксаваць і задакумэнтаваць.Прыдзе час -- іх знойдуць нават на дне марскім. Ніхто не схаваецца, ніхто не ўцячэ, хто шкодзіў беларусам у цяжкі для Бацькаўшчыны час.

2 красавік 2022 г. Зянон ПАЗЬНЯК