ДЭМАНСТРАТЫЎНЫ ЗЬДЗЕК ЗЬ БЕЛАРУСКАГА НАРОДА

posted Oct 17, 2020, 7:34 PM by Адміністратар Навін   [ updated Oct 17, 2020, 7:34 PM ]

Тое, што акупацыйны рэжым і ўзурпатар улады загадвае хапаць беларусаў, біць іх, калечыць і катаваць, прыдумваць абвінавачваньні, штрафаваць, судзіць не па закону, кідаць у камэры, ствараць нечалавечыя ўмовы ў турме, -- усё гэта ёсьць татальная тэрарыстычная вайна супраць беларускай нацыі, праявы тэрарыстычнага генацыду. Усё робіцца дэманстратыўна, зь нянавісьцю і зьдзекам.

Для ворага, які праводзіць тэрор супарць народа, статус асобы ня мае значэньня. Часта бавае, што нянавісьць тым большая да людзей інтэлігентных і знакамітых. Нізкі дух ня любіць лепшых за сябе.

За 26 гадоў акупацыйнай антынацыянальнай палітыкі былі забітыя вядомыя беларускія палітычныя дзеячы. Банды гэбістаў, закамуфляваныя пад розныя крымінальныя групы, нападалі і зьбівалі вялікіх і знакамітых беларусаў. Гэтым узурпатар -- выхадзец зь нізоў, з галечы, з русіфікатарскай школы, з савецкай прапаганды КПСС і КГБ, вырадак з народа -- гэтым ён падкрэсьліваў, што перад ім, перад Масквой, якой ён служыць, усе "вы", "сьвядомыя", усе вы "беларусы" нішто -- ці вы там геніяльны, ці вялікі вучоны, ці бадзяга, ці студэнт. Усе вы павінны стаць рускімі, такімі, як я, вы са сваёй мовай не павінны быць.

Зьбілі і адмыслова зьняважылі дзясяткі знакамітых людзей Беларусі. Адна газэта зьмясьціла нават фотаздымак пабітага распухлага да непазнаньня аблічча акадэміка Радзіма Гарэцкага -- сьветача беларускай навукі, прадстаўніка слаўнага знакамітага ў Беларусі роду Гарэцкіх. Мне здалося нават, што і фота зьмясьцілі, каб яшчэ раз прынізіць нацыю. Вось, маўляў, вы тут усе для нас нішто. Усіх вашых "бугров" можна пабіць і вы нічога ня зробіце

26 гадоў гэта рабілася схавана. Цяпер барбары раскрыліся, ня сталі хавацца -- катуюць тых, каго трапяць. З хамствам і зьдзекам -- зьневажаюць усіх, у тым ліку і вялікіх людзей, тых, хто вядомы, разумны, культурны, адукаваны. Ня буду пералічваць, каб нават пералікам не прынізіць іх веліч. Кожны зьняважаны бандытамі мусіць быць адпомшчаны.

Апошні прыклад зьневажэньня -- Алена Леўчанка. Прыгожую жанчыну, знакамітую на ўвесь сьвет баскетбалістку, якая робіць гонар Беларусі, адмыслова схапілі, кінулі ў камеру ў знарок створаныя нечалавечыя ўмовы: вошы, холад і бруд. Схапілі за тое, што хадзіла з кветкамі на дэмантсрацыю. А чалавека, які дарыў кветкі жанчынам у ланцужку салідарнасьці, -- схапілі, зьбілі, скалечылі, зрабілі інвалідам і ледзь ні забілі.

Некаторыя кажуць, што гэта ўсё робяць запрошаныя Лукашэнкам расейцы, схаваўшыся пад маскамі ў чорным камуфляжы. Можа, ёсьць там дзе і расейцы (напэўна ёсьць), але ў асноўным -- гэта беларусы, пераробленыя, перакручаныя шляхам чужой расейскай прапаганды і выхаваныя палітрукамі на бандытаў і вырадкаў народа, на забойцаў сваіх людзей.

Вось вам і "зачэм этат беларускій язык", вось вам і "какая разьніца", вось вам і "двуязычые", вось вам і "не нада выпячываць". Пачалося з гэтага -- са зьнявагі і адмаўленьня ад роднай мовы, бо мова -- гэта галоўнае, тое, што стварае і трымае нацыю. З гэтага (з адмаўленьня ад мовы) пачынаецца першародны грэх перад Айчынай, усялякі манкуртызм, мамэлюцтва, рэнегатцтва і здрада.

Усю нацыю акупанты паставілі ў такія ўмовы, што беларусы вымушаны карыстацца чужой мовай. Стварылі аб'ектыўныя ўмовы русіфікацыі. Але ніколі нельга забываць, што наша мова беларуская і пры першай магчымасьці мусім яе адрадзіць.

Ніколі ня будзе шчасьця. Ніколі не дасягнем Вечнасьці і спакою, ніколі не адродзімся, ня станем вольнай нацыяй, не застанемся нават народам, пакуль ня вернем у сэрцы, у розум, у жыцьцё і дзяржаўны быт нашу магутную, пакутную і сьвятую вялікую Беларускую Мову.

16 кастрычнік 2020 г.                          Зянон ПАЗЬНЯК