ДОБРАЯ ПРАЦА Ў КУРАПАТАХ

posted Aug 21, 2017, 7:21 AM by Адміністратар Навін   [ updated Aug 21, 2017, 7:21 AM ]

выступу на жнівеньскім 2017 г. Сойме КХП-БНФ і БНФАдраджэньне)

Сёньня ў нас адна галоўная тэма: пачатак маскоўскай акупацыі Беларусі. Але напачатку хачу сказаць пра добрае і станоўчае. Зроблена добрая справа ў Курапатах па ўмацаваньні Народнага Мэмарыяла. Сябры нашай Партыі вырабілі і ўстанавілі па пэрымэтру Мэмарыяла з боку Заслаўскай і Абвадной дарогі 60 мэталёвых чатырохмэтровых крыжоў. Тут заслуга перш за ўсё нашай Грамадзкай дырэкцыі Мэмарыяла і асабіста Алеся Чахольскага. Добрая справа зроблена. Важна, што грошы на выраб крыжоў былі сабраныя як ахвяраваньні людзей праз Сеціва. Крыжы зроблены прыгожа ў дасканалых прапорцыях і мадэрновым канструкцыйным стылі. Тут мушу сказаць, што традыцыя могілкавых мэталёвых крыжоў і аздобаў сягае ў Беларусі ў глыбіню стагоддзяў. Росквіт быў у эпоху барока, а таксама (і асабліва) у пэрыяд гістарызму і мадэрну (гэта значыць у 19 – пач. 20 ст.). Хто цікавіцца, можа схадзіць на Кальварыйскія могілкі ў Менску. Там яшчэ засталося трохі могілкавых аздобаў пасьля бальшавіцкага варварства.

Усё гэта я ўзгадваю, маючы на ўвазе бесаў і драняў, якія пачалі захлёбвацца і гадзіць у Сеціве на нашу працу. Лукашысцкі намер залезьці ў Курапаты пад выглядам устаноўкі помніка-капліцы ад імя рэжыму і разбурыць такім чынам Народны Мэмарыял знутры, гэтая задума нішчыцеляў прыпынілася, бо сустрэла рэзкі адпор з боку патрыятычнай грамадзкасьці. Здаецца, што пра рэжымную авантуру ўжо пачалі забываць. Аж не! Умацаваньне Народнага Мэмарыялу спарадзіла зноў старыя песьні прафанаў і прафэсійных канфармістаў. Зьявілася інтэрв’ю з С. Алекісевіч, дзе з упартасьцю сьляпых працягваюць рабіць выгляд, што ў Курапатах нічога няма, маўляў, дзяржава на іх забылася, але вось трэба, значыцца, уладам пра тое памятаць і паставіць помнік, бо гэта “наш боль” і ніхто тут справу ўжо ня зробіць, акрамя як Павел Якубовіч. Увесь гэты гратэск, відаць, не жарт і не адэскі анэкдот, некаторыя страцілі адчуваньне рэальнасьці.

З інтэрв’ю можна заключыць (што цікава), што Алексіевіч у Курапатах, відаць, ніколі не была. Народны Мэмарыял ёсьць і будзе. А нам трэба спрыяць яго існаваньню і абнаўленьню. (Маю на ўвазе рэалізацыю галоўнага кампазыцыйнага цэнтру на “Кальварыі” і двух уступных – ля Крыжа Пакуты і на Абвадной Трасе).

Зянон Пазьняк