Дзяды 2018

posted Oct 30, 2018, 6:21 AM by Адміністратар Навін   [ updated Oct 30, 2018, 6:21 AM ]

     28 кастрычніка 2018 года Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя—БНФ правяла ў Менску традыцыйны Крыжоваы Шлях і мітынг ва ўрочышчы Курапаты, прысьвечаныя Дню памяці продкаў “Дзяды”. Калёна ўдзельнікаў мерапрыемства рушыла ад гадзіньнікавага завода па вуліцах беларускай сталіцы. Дэманстранты несьлі нацыянальныя бела-чырвона-белыя сьцягі, драўляныя крыжы, сьвечкі, кветкі, зьнічкі, транспаранты. Транспаранты нагадвалі мінакам пра трыццацігадовую юбілейную дату масавага адзначэньня Дзядоў у Беларусі “1988—2018”, заклікалі не дапусьціць разбурэньня Народнага мэмарыяла Курапаты.

Пасьля доўгіх гадоў адкрыта варожага стаўленьня да курапатскай сьвятыні кіруючы палітычны рэжым пачаў выкарыстоўваць гібрыдную тэхналёгію. Пад выглядам “мэмарыялізацыі” пачалося ўварваньне ва ўрочышча будаўнічай тэхнікі, загучалі ад чыноўнікаў злавесныя заявы пра “незаконнасьць усталяваньня крыжоў”. Прытым рэжым насуперак пазыцыі грамадзкасьці вырашыў «уклініць» у ансамбль Народнага Мэмарыялу свю чужародную канструкцыю, каб сапсаваць ансамбль і запусьціць туды адміністрацыйнае кіраваньне чыноўнікаў. Канструкцыю выкарыстоўваюць у выглядзе Траянскага каня для бюракратыі рэжыму

Удзельнікі шэсьця – людзі розных узростаў. Маладыя ўдзельнікі засьведчылі ў размовах сваё разуменьне становішча ў краіне і пагрозу нашай дзяржаўнай незалежнасьці з усходу, сцьвярджалі гатовасьць абараняць Беларусь.

Былі журналісты “Радыё Свабода”, “Белсату”, “Радыё рацыя”, “Тут-бай”, “Нашай нівы” ды інш. Свабода і Белсат вялі наўпроставы відэа рэпартаж.

Пры падыходзе да Курапатаў, у галаве калёны, з моцнага партатыўнага дынаміка загучала “Авэ Марыя” на словы З. Пазьняка, багдановічская “Пагоня”, песняроўская “Малітва”. У самым ўрочышчы гучэў рэквіем.

На мітынгу быў зачытаны выступ старшыні КХП-БНФ Зянона Пазьняка. Першаадкрывальнік праўды пра Курапаты выказаў вялікую трывогу ў сувязі з наступам на ўрочышча антыбеларускай улады і “ганстэраў ад улады”, супраць іхных намераў усталяваць на курапацкай “Галгофе” чужародную канструкцыю. Лідар Партыі прапанаваў запачаткаваць Аргкамітэт Усебеларускай Мэмарыяльнай канфэрэнцыі грамадзкасьці Рэспублікі Беларусь, падрыхтаваць дакуманты ў ЮНЭСКА, звароты да суседзяў і грамадзянскай супольнасьці памежных краінаў з мэтаю абараніць Народны Мэмарыял.

Выступілі таксама сябры і кіраўнікі Партыі Сяргей Антончык, Сяргей Папкоў, Ян Дзяржаўцаў, Алесь Чахольскі, Юры Беленькі. Выступоўцы выказалі недавер рэжымнай “мэмаралізацыі”, заклікалі беларусаў бараніць народную сьвятыню ад разбурэньня. У выступах гучала думка, што галоўная небясьпека як для Курапатскага мэмарыялу, так і для Беларусі ў цэлым, зыходзіць ад агрэсіўнай палітыкі Расеі. Выступоўцы заклікалі прысутных штодзённа рабіць адраджэнскую беларускую працу, быць гатовымі, калі ўзьнікне неабходнасьць, да супраціву агрэсару. Неаднаразова над курапацкім лесам гучаў вокліч “Жыве Беларусь”.

Напрыканцы мітынгу адбылася богаслужба, якую правялі сьвятары Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы. Завяршыўся мітынг сьпяваньнем гімну “Магутны Божа”. Пасьля мітынгу людзі устадявалі крыжы, запалілі ля крыжоў сьвечкі, зьнічкі, усклалі кветкі.

Інфармацыя КХП-БНФ