Дзень Беларускай вайсковай славы. 503-я гадавіна Перамогі пад Воршай

posted Sep 8, 2017, 2:49 PM by Адміністратар Навін   [ updated Sep 8, 2017, 2:49 PM ]

(выступ на мітынгу)

Паважаныя спадарыні і спадары, паважаныя грамадзяне – патрыёты Беларусі!

Віншую Вас з Днём Беларускай вайсковай славы. Гэта знакавы дзень нашай гісторыі. 503 гады таму, 8-га верасьня 1514 года войска Вялікага Княства Літоўскага ўшчэнт разьбіла ў тры разы большае войска маскоўскіх агрэсараў, якія ўварваліся ў Беларусь з мэтай абрабаваць і зьнішчыць нашу краіну.

І што характэрна, пазьней выявілася, што ў маскоўцаў існавала таемная змова зь немцамі і іншымі эўрапейскімі манархіямі, што ў выпадку перамогі Масквы над нашым войскам усё Вялікае Княства і залежныя ад яго прыбалтыйскія тэрыторыі будуць падзеленыя паміж немцамі і маскавітамі. Немцы занялі б Польшчу і ўмацаваліся б у Прыбалтыцы, а маскалі захапілі б пры іх падтрымцы нашае Вялікае Княства, вынішчылі б нашае насельніцтва і ўсталявалі б тут сваё дзікае ардынскае панаваньне.

Вы бачыце, што тады было гэтак сама, як цяпер. Але тады маскоўска-нямецкія пляны былі перакрэсьлены нашымі вялікімі продкамі-ваярамі і слаўным гэтманам Астрожскім. Маскоўская 80-тысячная ваенная арда была ўшчэнт разьбіта нашым утрая меншым па колькасьці вялікакняскім войскам. Маскоўцы кінуліся на ўцёкі. І тады пачалася наша знакамітая пагоня, гэта значыць перасьлед непрыяцеля пасьля разьбіцьця. Беларускія ваяры да вечара гналі і секлі маскавітаў, а тых, што пахаваліся па лясах, дакончылі віламі беларускія сяляне.

У гэтай бітве маскавіты страцілі 40 тысячаў забітымі (палову войска). Беларускія страты складалі 500 рыцараў. Гэтая бітва ўвайшла ў вайсковыя падручнікі ва ўсім сьвеце. Пасьля Аршанскай бітвы распалася маскоўска-нямецкая змова, павялічыўся ўплыў Беларусі ў Інфлянтах, крымскі хан на доўгі час спыніў свае рабаўнічыя набегі на беларускія землі. Але, галоўнае, на доўгі час Масковія, абламаўшы зубы пад Воршай, зьменшыла свае агрэсіўныя апэтыты. Беларуская культура тым часам у ХVІ стагоддзі перажывала залаты век сваёй гісторыі.

У пачатку 1990-х гадоў памяць пра Воршу адрадзіў Беларускі Народны Фронт і сьцьвердзіў 8 верасень як сьвяты Дзень Беларускай вайсковай славы. У той час савецкая намэнклятура, якая засталася пры ўладзе, не хацела будаваць вольную дзяржаву і ствараць беларускае войска. І тады дэпутаты Апазыцыі Беларускага Народнага Фронту і Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў 8 верасьня 1992 года правялі на плошчы Незалежнасьці перад будынкам Вярхоўнага Савета акт вайсковай прысягі грамадзян Беларусі. Тысячы вайскова абавязаных беларусаў прынялі такую прысягу. І гэта якраз паспрыяла таму, што Беларускае войска было створана.

З таго часу мінула роўна 25 гадоў. Сёньня мы адзначаем і гэтую дату. Яна актуальная. Нашай Бацькаўшчыне цяпер пагражае небясьпека расейскай гібрыднай вайны і акупацыі. Цяперашняе пакаленьне беларусаў перад фактам небясьпекі з усходу мусіла б, гэтак жа, як і іхнія бацькі 25 гадоў таму, прыняць прысягу на вернасьць Беларусі і зацьвердзіць гатоўнасьць адстойваць яе незалежнасьць і сувэрэнітэт перад кожным агрэсарам, адкуль бы ён ні зьявіўся.

Расейскія вайсковыя вучэньні на беларускай тэрыторыі незаконныя, супярэчаць канстытуцыі Беларусі і міжнароднаму праву. Расейскіх узброеных жаўнераў і расейскай ваеннай тэхнікі ў Беларусі не павінна быць.

Для перакідкі свайго войска і бронетэхнікі ў Беларусь быццам бы на вучэньні “Захад-2017” расейцы запатрабавалі 4162 чыгуначныя вагоны і платформы. Гэта значыць, што плянуюць цішком пад прыкрыцьцём хлусьні завезьці сюды ня менш як 100-тысячнае войска і потым, калі беларусы змоўчаць і ня будуць працівіцца, пакінуць яго ў Беларусі як на акупаванай тэрыторыі.

Што гэта абазначае для беларусаў? Перш за ўсё гэта абазначае тое, што няма іншай альтэрнатывы, як супраціўляцца маскоўскім плянам гібрыднай агрэсіі ўсімі сродкамі, пачынаючы ад мірных грамадзянскіх пратэстаў і аж да падрыхтоўкі ўзброенай барацьбы супраць акупантаў, калі яны своечасова не выберуцца з нашай тэрыторыі.

Вось дзеля гатоўнасьці да супраціву агрэсіі і ахвярнасьці дзеля абароны Беларусі і варта цяперашнім людзям, грамадзянам Беларусі, прыняць прысягу на вернасьць Айчыне – Рэспубліцы Беларусь.

Гэта наша краіна, наш дом, наша зямля. Яе не павінна таптаць чужая арда. Ня будзе масковец пляваць нам у твар. Гістарычна адмераны час гэтай арды ўжо канчаецца. І калі яна, гэтак жа, як на Украіну, палезе на нашу зямлю, то тут, у Беларусі, яна знойдзе сваю магілу.

У Беларусі ўжо існуюць патрыёты “Пабрацімы”, гатовыя змагацца за Радзіму. Сёньня мы зачытаем іхнюю прысягу нашай Айчыне.

Хай моцны дух продкаў і мужны чын Воршы паселіцца і запануе ў нашых сэрцах. Прэч з расейскім войскам! Прэч з расейскай агрэсіяй! Слава Айчыне! Жыве Беларусь!


8 верасень 2017 г.         Зянон Пазьняк