Дзень Беларускай вайсковай славы ў Менску

posted Sep 8, 2017, 2:51 PM by Адміністратар Навін   [ updated Sep 8, 2017, 2:52 PM ]

8 верасьня на заклік Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ беларускія патрыёты сабраліся на пляцоўцы ў Кіеўскім скверы сталіцы, каб адзначыць Дзень Беларускай вайсковай славы. Гучэлі ваярскія спевы, над грамадой узьняліся нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі. Нягледзячы на халоднае надвор’е людзі прынесьлі з сабой сьвяточны настрой, віншавалі адзін аднаго, панавала сяброўская атмасфэра.

Мітынг адкрыў сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старышыні КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Ён павіншаваў прысутных з вялікім сьвятам нацыянальнай перамогі над маскоўска-ардынскім нашэсьцем. Грамада заслухала зварот сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Партыі і Фронту – “Дзень Беларускай вайсковай славы. 503-я гадавіна Перамогі пад Воршай”. Потым выступілі патрыёты з розных рэгіёнаў нашай краіны. Яны казалі пра неўміручы подзьвіг нашых продкаў, якія ў пераможным змаганьні супраць маскоўскай агрэсіі перамаглі і выратавалі ад паняволеньня ня толькі нашу краіну, але ўсю эўрапейскую хрысьціянскую цывілізацыю. І само гэтае змаганьне было барацьбой паміж двума сьветамі – беларускай эўрапейскай культурнай цывілізацыяй і маскоўскай дэспатычнай ардынскай стыхіяй.

Наступныя пакаленьні беларусаў натхняліся гістарычнай памяцьцю пра перамогу Беларускай арміі, беларускага духу і інтэлекту, бо менавіта дзякуючы гэтаму наш народ перамагаў больш шматлікага ворага, які ваяваў ды і жыў толькі сілай, толькі безаблічнай масай. Сёньня да нас прышоў той жа вораг, зноў з Усходу цёмныя масы чужога войска запаўняюць Беларусь. Мы разумеем, што Масква хоча ўцягнуць Беларусь у сваю, абсалютна чужую нам вайну супраць заходніх краін, супраць НАТО, супраць нашых суседзяў, зь якімі ў нас мірныя і добрасуседскія адносіны. Мы папярэджваем агрэсара, што калі ён ня выведзе свае войскі і тэхніку пасьля завяршэньня вучэньняў, то наш народ, нашыя вайскоўцы будуць разгортваць рух збройнага супраціву. Гэта ёсьць нашым правам і абавязкам у адпаведнасьці з Канстытуцыяй Беларусі. Наша змаганьне – гэта змаганьне за незалежнасьць, за волю, за сваю культуру, за будучыню і мір.

Была зачытана Прысяга беларускіх вайскоўцаў і патрыётаў «Пабрацімаў» і прынята прысяга на вернасьць Беларусі. Грамада вітала выступы гуканьнем “Жыве Беларусь!”, “Слава Айчыне!”

Мітынг прыняў рэзалюцыю “Спыніць расейскія вучэньні ў Беларусі”.

На прыканцы людзі прасьпявалі нацыянальны духоўны Гімн “Магутны Божа”.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

8 верасень 2017 г.