Дзень Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. Сьвяткаваньне ў Менску

posted Aug 28, 2019, 4:38 AM by Адміністратар Навін   [ updated Aug 28, 2019, 4:38 AM ]

25 жніўня на заклік Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ вэтэраны нацыянальна-вызвольнага руху і патрыятычная моладзь сабраліся ў Міжнародным адукацыйным цэнтры ў Менску. Заля была ўпрыгожана кветкамі і нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі. Сярод сьцягоў быў таксама нацыянальна-дзяржаўны Сьцяг Украіны як сымвал нашай салідарнасьці са змаганьнем украінскага народа за волю і незалежнасьць супраць агрэсіі расейскай імпэрыі. На пачатку грамада засьпявала гімн БНР “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.

Быў заслуханы даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. З прамовамі выступілі дэпутаты Незалежнасьці сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Партыі і Фронту, і сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Партыі і Фронту. Яны прыгадалі незабыўныя дні змаганьня за вызваленьне Беларусі ад 200-гадовай расейскай акупацыі ў 1988-91 гг. і неверагоднай (як здавалася многім тады) народнай перамогі ў жніўні 1991 года. Дэпутаты Незалежнасьці распавялі пра напружаную парляманцкую працу Апазыцыі БНФ ў цяжкіх умовах камуністычна-намэнклатурнай большасьці ў Вярхоўным Савеце. Перамога ў сьценах парляманту была дасягнута дзякуючы кіраўніцтву палітычнымі працэсамі сп. Зянонам Пазьняком, які згуртаваў дэпутатаў, і яны набывалі палітычны досьвед падчас працы ў парляманце. Каманда таленавітых людзей, злучаных дысцыплінай, адзінай ідэяй, раз за разам зрывала ўсе спробы антыбеларускіх сіл спыніць і павярнуць назад разьвіцьцё падзей, распрацоўвала тэксты заканапраектаў, дасягала тактычныя перамогі на карысьць беларускага народа. А з падтрымкай народнага авангарда дэпутатам Незалежнасьці ўдалося дамагчыся абвяшчэньня незалежнасьці Рэспублікі Беларусь 25 жніўня 1991 года.

Сп. Сяргей Папкоў прадставіў таксама свой навуковы даклад аб важнасьці выхаваньня дзяцей у роднай мове і культуры, што забясьпечвае засваеньне новымі пакаленьнямі ўсяго інтэлектуальнага багацьця, назапашанага нашым народам за тысячагоддзі яго існаваньня. Не выпадкова акупацыйныя рэжымы і ў мінулым і цяпер імкнуліся і імкнуцца асіміляваць наш народ, пазбавіць яго мовы і культуры, зрабіць з беларусаў паслухмяную і падпарадкаваную прымітыўную масу. Сумныя вынікі татальнай русіфікацыі мы назіраем ужо 25 гадоў нашай сучаснай гісторыі. Брутальна спыніўшы натуральнае разьвіцьцё беларусаў у роднай мове і культуры, васальны рэжым Масквы робіць усё для інтэлектуальнай прымітывізацыі і разбурэньня беларускай цывілізацыі, адукацыі і культуры. Неабходна ратаваць нашых дзяцей ад русіфікацыі і асіміляцыі, ад каланіяльных працэсаў ператварэньня нашых людзей у рабоў чужой імпэрыі. Маладыя сем’і самы павінны гуртавацца для выхаваньня і адукацыі дзяцей у беларушчыне. Нельга спадзявацца на ласку антыбеларускага рэжыму.

Вядомы мастак-графік сп. Мікола Купава распавёў пра тое, як творчая эліта Беларусі падтрымала фронтаўскі рух і Апазыцыю БНФ у Вярхоўным Савеце. Людзі разумелі тады, што вырашаецца лёс нацыі і краіны, што настаў унікальны гістарычны момант, шанец вырвацца з расейскай імпэрыі.

Ад патрыятычнай моладзі выступіў сп. Ігар Шчэмелеў, сябра Сойму КХП-БНФ. Ён казаў пра працяг змаганьня за Беларусь на новым этапе, пра неабходнасьць гутавацца вакол фронтаўскага авангарда ўсім пакаленьням патрыётаў.

Сп. Алесь Чахольскі, выканаўчы сакратар Партыі і Фронту, нагадаў пра самую актуальную пагрозу для Беларусі – а менавіта пра пабудову на нашай тэрыторыі расейскай АЭС у Астраўцы. Масква рыхтуе другі Чарнобыль, атамную сьмерць ня толькі Беларусі, але і ўсёй Эўропе. Ад будаўнікоў атамнага аб’екта паступае інфармацыя пра дзікія парушэньні тэхналогій і правілаў будаўніцтва, раскраданьне матар’ялаў, нізкую, недапушчальную якасьць выкананьня ўсіх відаў будаўнічых і канструкцыйных работ. Усё гэта непазьбежна прывядзе да аварый і катастрофы – менавіта да гэтага імкнецца вораг чалавецтва – імпэрская Масква. Шалёныя валадары імпэрыі зла ў любы момант гатовыя “адкрыць ядзерны кранік”, як яны пра гэта адкрыта папярэджвалі. Неабходна падымаць міжнародны пратэст і дамагчыся закрыцьця і ліквідацыі гэтага антычалавечага атамнага аб’екта Масквы на нашай зямлі.

Выступоўцы адказалі на пытаньні прысутных, адбылася жывая дыскусія, прагучалі ўспаміны гістарычных падзей Жніўня 91-га. Панавала аптымістычная, сьвяточная атмасфэра. Гучаў покліч “Жыве Беларусь!”

З канцэртнай праграмай выступіла выдатная сьпявачка Тацяна Грыневіч. Яна сьпявала патрыятычныя і лірычныя песьні. На прыканцы імпрэзы грамада разам зь ёю засьпявала нацыянальны беларускі Гімн “Магутны Божа”.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

25 жніўня 2019 г.