ДЗЕНЬ ВОЛІ

posted Mar 24, 2020, 7:23 PM by Адміністратар Навін   [ updated Mar 24, 2020, 7:23 PM ]

Дарагія землякі, паважаныя беларусы!

Настае 25 Сакавік -- Дзень Волі. Гэта наша вялікае нацыянальнае сьвята. 25-га Сакавіка 1918 года была аб'яўлена Незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі ў этнаграфічных межах разсяленьня беларусаў. Гэта было, фактычна, адраджэньне Вялікага Княства Літоўскага ў новай нацыянальнай назве -- Беларусь. Стварэньне дзяржавы БНР засьведчыла жыцьцёдзейнасьць новай беларускай нацыі.

Віншую ўсіх беларусаў з гэтым вялікім днём. Віншую і разумею, што нельга рабіць баль у час чумы, выходзіць на вуліцы і плошчы. Каранвірус -- гэта ёсьць чума 21-га стагоддзя. Таму заклікаю адзначаць сьвяты і гэты вялікі дзень у нашых душах, у сем'ях, у нашых дамах побач з блізкімі людзьмі, разам з сябрамі.

Няхай сёлета гэты гістарычны дзень стане нашым сямейным сьвятам. Няхай зьяднае ўсіх нас блізка і ідэёва. Няхай агонь волі гарыць у нашых вокнах. Няхай засьведчыць у цяжкі для Бацькаўшчыны час салідарнасьць і духоўнае адзінства нашай нацыі!

Жыве Беларусь!

Слава Айчыне!

25 Сакавік 2020 г.              Зянон Пазьняк