Фальшывы тэлевечар на БТ як мэтад антыбеларускай палітыкі

posted Jan 2, 2019, 7:46 AM by Адміністратар Навін   [ updated Jan 2, 2019, 7:46 AM ]

Вядома, што для большасьці насельніцтва нашай краіны менавіта сустрэча Новага года зьяўляецца галоўным сьвятам. Савецкая традыцыя “семейного праздника”, мабыць, яшчэ доўга застанецца жыць у масавай сьвядомасьці, замяняючы сабой сапраўдную каштоўнасьць чалавека, сям’і і грамадзтва – сьвяткаваньне Нараджэньня Хрыста. Доўга яшчэ будуць курсаваць па нашай сацыяльнай арбіце п'яныя рускагалёкаючыя дзеды-марозы і сьнягуркі, у беларускім космасе будзе раўці дзікая і безгалосая расейская папса. За дзесяцігоддзі дзяржаўнай незалежнасьці і на гэтай дзялянцы культурнага жыцьця зроблена надта мала. А тое, што зроблена, ёсьць вынікам перш за ўсё асьветніцкай дзейнасьці народных талентаў самадзейнасьці і патрыятычных сьвятароў розных канфэсій – і ўсё гэта насуперак рэжымнай палітыцы татальнай русіфікацыі і вайны супраць беларускай культуры.

У гэтым сэнсе суседнія народы зрабілі за гэты пэрыяд велічэзны прагрэс на аснове адэкватнай дзяржаўнай палітыкі. Ды ў палякаў, летувісаў або латышоў і пад саветамі справы з патрыманьнем нацыянальнай традыцыі былі непараўнальна лепшымі. У іх нават школа існавала ў роднай мове і дзейнічалі спэцыяльныя цэнтры, дзе дзяцей вучылі народнаму мастацтву, народным рамёствам, адным словам, вучылі любіць роднае.

Любоў да народнага фальклёра, сьпеваў, шматжанравага народнага мастацтва павінна культывавацца з першых імгненьняў жыцьця – з матчынай калыханкі. І потым з кожным крокам па жыцьці дзіця спазнае сьвятыя каштоўнасьці нацыянальнай традыцыйнай культуры, яны становяцца ягоным духоўным багацьцем. У Беларусі за часы маскоўскага панаваньня брутальна парушана гэтая повязь беларусаў са сьвятым і вечным. У нацыянальную скарбонку чужымі рукамі ўціснуты тандэтны сурагат – чужынская мова, чужынскія сьпевы, чужынскае думаньне, чужая кніга. Перасяленьне мільёнаў беларусаў у гарады паспрыяла паглыбленьню русіфікатарскай ямы, якая аддзяляе беларусаў ад нацыянальных каштоўнасьцяў. Гармонія жыцьця на сваёй зямлі, у роднай культуры парушана і вядзе да дэзарыентацыі грамадзтва, да страты пачуцьця сябе ў гэтым сьвеце, да дэмаралізацыі моладзі, якая бачыць перад сабой чужыя арыенціры.

“Дорогими россиянами” нашы людзі, аднак, так і не зрабіліся ды ніколі і ня зробяцца. Практычным вынікам гэтых рэгрэсійных працэсаў ёсьць зьдзек з нашых людзей на прасторах Расеі, іх там ня лічаць паўнавартаснымі людзьмі нароўні зь іншымі гастарбайтэрамі і мігрантамі. А людзі з суседніх цывілізаваных народаў глядзяць на беларусаў хто са спачуваньнем (як да тых, хто патрапіў у бяду або хварэе), хто зь усьмешкай кпіны. Бывае яшчэ горш, калі пачуўшы расейшчыну з беларускіх вуснаў людзі ў замежжы выліваюць на нашых грамадзян усю сваю нянавісьць да былых або цяперашніх расейскіх акупантаў, бо напоўніцу асацыююць беларусаў з маскоўцамі. А часам і самы беларусы (асабліва маладыя) на пытаньне замежнікаў пра нацыянальнасьць адказваюць: “русский”, ды потым зьдзіўляюцца падкрэсьлена адмоўным адносінам да сябе.

Нядзіва, што ўсё дайшло-дакацілася да такога абсурднага стану. Як вядома, у акупаванай Беларусі сістэма дзяржаўнага выхаваньня і адукацыі ад яселяк да вышэйшай школы пабудавана на чужынскай расейшчыне. У садку і школе за цэлыя гады дзіця ні разу не пачуе беларускага слова, беларускага вершыка, беларускай песенькі. Дадатаковыя крыніцы сацыяльна-культурнага выхаваньня таксама запоўнены чужародным, сурагатным. Так, з 52 платных цэнтраў дзіцячага разьвіцьця ў нашай сталіцы няма ніводнага ў беларускай мове. У выніку вырастае “маладое пакаленьне незалежнасьці”, зь якога вельмі многія нават не разумеюць беларускую мову (ім нефармальна патлумачылі, што яна “деревенская”). Для вельмі многіх людзей родная традыцыя даўно стала чужой, сьвет стаў з ног на галаву. І жыць ім у перавернутым сьвеце пакуль што камфортна. Страшны кошт гэтага “камфорта” ў даволі хуткім часе будзе выразна акрэсьлены маскоўскімі імпэрцамі паводле ўнівэрсальнай формулы: “забралі мову – забяруць і маёмасьць”. На жаль, многія ў нашым грамадзтве трывожацца, адчуваюць набліжэньне бяды, але ніяк ня могуць ідэнтыфікаваць яе прычыны, крыніцу і пэрспэктыву. Ня могуць знайсьці альтэрнатыву, дарогу да паратунку сябе і сваёй сям’і.

На гэтыя несьвяточныя па настроі разважаньні нас наштрухнулі карцінскі з афіцыёзных каналаў тэлебачаньня. Увесь пераднавагодні вечар і значную частку сьвяточнай начы на БТ круцілі лекцыі па беларускай народнай кухні і выступы самадзейных гуртоў. Апошняе, аднак, не заўсёды было беларускім, маляваныя маладзіцы раптам зьбіваліся на папсовыя расейскія сьпевы “фабричной окраины”, адным словам, на боб з гарохам. Адчувалася, што рэжымныя культуртрэгеры з крывой усьмешачкай падсунулі нам свой сцэнар – “вам хочется белорусскости, так вот нате вам по самое не хочу…” Зразумела, што ніхто не хацеў, сеўшы за сьвяточны стол, глядзець-слухаць лекцыі па традыцыйных кухонных справах. І танцаваць не хацелі пад фальклёр (для гэтага, паўтараем, патрэбная культурная адукацыя і выхаваньне – чаго няма). Зразумела, што людзі масава пераключаліся на расейскія навагоднія шоў. Вось на гэта і быў разьлічаны рэжымны тэлесцэнар. Традыцыйная беларушчына павінна была раздражняць людзей у сьвяточным настроі (“опять оні на БТ со своімі пріпевкамі!..”). У маскоўцаў тэлекарцінкі былі яркія і прывабныя: ніхто фальклёр не паказваў, а кіркоравы-пугачовы перамяжаліся з выдатнымі выступамі заходніх выканаўцаў, паказвалі вясёлыя мюзіклы. БТ давала адмоўны кантраст чужой відовішчнай падзеі. Беларускае павінна асацыявацца ў беларусаў з чымсьці неадэкватным, нудным, калгасным, аджылым, пэнсіянэрскім (эпітэты можна працягваць).

Сапраўднае нацыянальнае тэлебачаньне мабілізавала б усе беларускія таленты (яны ёсьць, іх безьліч!) з розных жанраў відовішчных мастацтваў. Выступалі б выдатныя беларускія гурты і выканаўцы сучаснай музыкі, артысты падрыхтавалі б яркія забаўляльныя шоў – усё на роднай мове. Было б прадэманстравана, што наша культура шматгранная, сучасная на аснове нацыянальнай традыцыі і мовы, што яна жыве і разьвіваецца. Рэжымныя зрабілі ўсё з дакладнасьцю да наадварот.

Ва ўмовах расейскай вайны супраць нашай культуры і мовы ў нашых людзей ёсьць, аднак, і фармальныя, і нефармальныя магчымасьці самаразьвіцьця і адэкватнага выхаваньня сваіх дзяцей. У шэрагу каталіцкіх касьцёлаў і літаратурных ды этнаграфічных музэяў у дні зімовых вакацый праводзяцца традыцыйныя народныя сьвяты і майстар-класы па народнай культуры ў беларускай мове. Там зьбіраюцца дзесяткі сем’яў з дзецьмі. А дзе астатнія – перад расейскім тэлевізарам? Самы сем’і павінны аб’ядноўвацца ў самадзейныя клюбы і вучыць дзяцей нашым сьпевам, гульням, абрадам – на роднай мове. Так, гэта ёсьць форма супраціву, нават форма нацыянальнага змаганьня супраць чужынскага тупога, ардынскага гвалту. Дык хіба ня трэба бараніць дзяцей ад чужынскага гвалту, хіба ня трэба ратаваць іхнія душы ад чужога атрутнага сурагату?

Няхай 2019-ты год пакладзе пачатак шырокага нацыянальнага рушаньня на культурным фронце за сваё, за роднае, за сьвятое.

                        Валеры Буйвал