Формула бяспамяцтва

posted Jun 1, 2019, 7:44 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jun 1, 2019, 7:44 PM ]

Нават калі б “Несьмяротны полк” не быў так апошлены і прыватызаваны ўладай, я б ніколі не выйшаў з “дзедам на палачцы” – ганарыцца ягоным “подзьвігам”. Нават калі б дзед быў “удзельнікам” і “вэтэранам”, -- а не сьцерты рэжымам у “лягерны пыл” у 1943-м годзе.

Ён так і не даведаўся пра “вялікую перамогу”, ды й пра пачатак вайны, хутчэй за ўсё, -- са спазьненьнем, бо да таго часу чатыры гады пражываў у бараку – недзе на Далёкім Усходзе. Пётр Мікалаевіч Дурнабрагаў. “Дзесяць год без права перапіскі” – не заўжды азначалі расстрэл, -- часам яны былі прысудам на павольную сьмерць. Магчыма, што ў лягеры ён усё ж ведаў пра акупацыю роднага Плаўска, дзе быў арыштаваны ў 37-м, пакінуў дом, жонку і чатырох дзяцей. Пра іхны лёс ён, зразумела, ня меў уяўленьня да апошніх дзён. Як і сям’я – пра яго.

Я дагэтуль не ведаю, што “лепш” – загінуць “ворагам народу”, чужым савецкаму быдляцтву і сталінскай машыне – або стаць яе ваеннай прыладай (удзельнікам падзела, акупацыі Эўропы, расстрэлаў польскіх афіцэраў, насаджэньня сталінізма, “зачыстак” НКВД і г.д.). або магчыма (хто б ведаў?) – вярнуцца з фронта, стаць шанаваным “вэтэранам”, вітрынай рэжыму, яго “матар’ялам” і прыладай прапаганды. У абодвух выпадках – страшны лёс савецкі пакаленьняў, што патрапілі ў таталітарную мясарубку. Захаваць пры гэтым чалавечнасьць, цьвярозасьць думкі, -- вось сапраўдны подзьвіг: не зламацца пад цяжарам часу. Як Акуджава, Астаф’еў, Мяжыраў.

"Что ты плачешь, старая развалина? / Где она, священная твоя / Вера в революцию и Сталина, / В классовую сущность бытия? // Вдохновлялись сталинскими планами, / устремлялись в сталинскую высь, / Были мы с тобой однополчанами, / Сталинскому знамени клялись. // Шли, сопровождаемые взрывами, / По своей и по чужой вине. / О, какими были б мы счастливыми, / Если б нас убило на войне".

Гэта пра тое, што “абарона радзімы” – менш трагічная задача, чым абарона сябе ад таталітарнай эпохі. У гэтай вайне за перамогу асобы над часам герояў адзінкі. Таму, калі б нават дзед (шчасьлівым чынам) быў франтавіком, а не “зэкам”, я б не рызыкнуў несьці на палцы ягонае фота ў шэрагах міфічнага “палка”. Бо тут няма сотняў тысячаў іншых, -- тых, хто згінуў у лягярах і падвалах. (Яны б таксама маглі стаць гонарам нацыі). Затое ў палкавых шарэнгах дзед мог бы апынуцца побач з чэкістам у вайсковай форме. Такі асобны помнік з “эксклюзіўным агнём” – стаіць у нас у Туле ля сьцен абласнога ГБ, -- у памяць пра “полк НКВД” і іншых абаронцах горада, што патрапілі ў акопы – з катавальных падвалаў, дзе яны гадамі выбівалі зубы і ламалі косьці “ворагам народу”. Бо каты таксама гінулі за радзіму.

Цяпер у іх свая, асобная “памяць” у граніце – са шчытом і мечам на фасадзе. Таксама – “вэтэраны” і “абаронцы”, каты і садысты – у адным шыхце. Пакуль уся гэтая нечысьць сьвяточна хістаецца на палках у шарэнгах агульнага “парада”, дзеду там ня месца (“вэтэран” ён ці “зэк” – зусім ня важна).

Рэжым, які ня здольны даць ацэнку крываваму савецкаму мінуламу, няхай не прэтэндуе на сьвяточную памяць аб сваіх “перамогах”. А да гэтага пампезныя шарэнгі “палка” будуць формулай нацыянальнага бяспамяцтва. Зьневажальнага для ахвяр.

Аляксандр Хоц

Крыніца: http://www.kasparov.ru/material.php?id=5CD9A30F4BD34