Галоўнае не пусьціць рускую ваеншчыну ў Беларусь

posted Sep 14, 2015, 1:00 PM by Адміністратар Навін   [ updated Sep 14, 2015, 1:01 PM ]

(Вытрымкі з выступу Зянона Пазьняка на верасьнёўскім 2015 г.

Сойме КХП-БНФ і БНФ "Адраджэньне")

Самае надзённае пытаньне, якое ўзьнікла даўно і актывізавалася ў апошнія дні -- гэта планы Масквы і антыбеларускага рэжыму разьмясьціць на нашай зямлі рускую ваенную авіябазу ў Баранавічах. Прытым маскоўцы не хаваюуць, што павелічэньне ваеннай прысутнасьці Масквы ў Беларусі будзе, фактычна, абазначаць пачатак вайсковай акупацыі нашай краіны.

Злачынны рэжым спрыяе гэтай акупацыі, прымае ўльтыматыўныя ўмовы Масквы.

Рускай авіябазы ў Беларусі не павінна быць. Ні законы, ні наша народная воля не дазваляе чужым войскам быць на нашай зямлі. Наша пазыцыя мусіць быць палітычна адзначана.

Зараз агентура рэжыму і агентура Масквы пускаюць у Сеціве фальшывую хвалю псэўдааналітыкі і псэўдаразваг, як, маўляў, Лукашэнка будзе нібыта супраціўляцца такой маскоўскай палітыцы. Сярод рускай псэўдааналітыкі зьявіліся нават матэрыялы, дзе дапускаецца, што калі Пуцін аслабее, то Лукашэнка можа пайсьці на Захад у дэмакратыю, і нават у нацыяналізм.

Усё гэта ёсьць праявы рускай гёбельсаўшчыны і інфармацыйнай вайны, накіраванай на абалваньваньне беларускага абываталя і штурханьне яго да падтрымкі Лукашэнкі, які Маскве ўвесь час патрэбны.

Паўтару аксіёмы, нам даўно зразумелыя і вядомыя.

Аксіёма 1. У дачыненьнях з Расеяй у рэальнасьці Лукашэнка ёсьць поўны нуль. Ніякага апору, супраціўленьня зь яго боку ня будзе па вызначэньні. Усе ўмовы па рускай ваеннай базе і па другіх базах, і па ўсім іншым, што датычыць маскоўскай ваеннай прысутнасьці ў Беларусі, ён прыме аж да поўнай здачы суверэнітэту і незалежнасьці.

Аксіёма 2. Лукашэнка ніколі, ні пры якіх абставінах, ні пры якіх магчымасьцях ня пойдзе на Захад, да дэмакратыі, да эканамічных рэформаў, і тым больш -- да нацыяналізму.

Аксіёма 3. Лукашэнка ніколі па вызначэньні ня спыніцца ў зьнішчэньні беларускай мовы, беларускай культуры і беларускай грамадзянскай супольнасьці, ніколі не адмовіцца ад русіфікацыі краіны.

Усё гэта варта ведаць, каб адэкватна разумець тое, што адбываецца ў Беларусі.

Тут мы назіраем чарговы фарс пад назвай "выбары" і, зноў жа, рознае гаварэньне. Завершыцца гэты фарс банальна проста. Лукашэнка захавае сваю пасаду, а ў асяроддзі псэўдаапазыцыі, кантралюемай КГБ, адбудзецца карэктыроўка асобаў. Месца Мілінкевіча ў кантактах з Захадам зойме Тацьцяна Караткевіч (пры суправаджэньні А. Дзімітрава).

Некалькі словаў пра байкот. Наша ідэя байкоту, якую мы даводзілі грамадзкасьці ад пачатку гэтага стагоддзя, дала адчувальны эфэкт толькі ў 2008 годзе. З таго часу на выбары прыходзіць у сярэднім ад 30 да 40 адсоткаў выбаршчыкаў (улічваючы прыгон). Тое самае будзе і цяпер. Як і раней, нашай партыі трэба наладзіць выбарачны кантроль за прыходам на галасаваньне і ўдзельнічаць у назіраньні за галасаваньнем.

Пра байкот цяпер голасна кажуць амаль усе праціўнікі байкоту, якія крычалі супраць нашай партыі і гэтай ідэі ўсе папярэднія гады (пакуль Захад даваў грошы). І зразумела, што адбываецца прафанацыя канцэпцыі. Для іх байкот -- гэта проста не пайсьці галасаваць. Яны ніколі ня стануць працаваць дзеля Беларусі, дзеля стварэньня антырэжымнага паралельнага нацыянальнага жыцьця грамадзтва. Для іх байкот -- гэта толькі байкот галасаваньня, але не байкот рэжыму. Аднак, я лічу, што і тое ўжо добра, што галасаваць ня пойдуць, не захочуць быць ашуканымі. Можа зьявіцца пачуцьцё грамадзянскага гонару.

У гэтым годзе мы вырашылі ўрачыста адзначыць Дзень Нацыянальнага Бел-Чырвона-Белага Сьцяга і Пагоні. Гэты дзень -- 19 верасьня -- будзе ў вольнай Беларусі прыгожым дзяржаўным сьвятам.

Як і трэба было чакаць, рэжым не даў магчымасьці адзначыць сьвята. Таму неабходна знайсьці адпаведныя формы, каб гэтую падзею адлюстраваць і Дзень Сьцяга і Пагоні адзначыць.

13 верасьня 2015 г. Зянон ПАЗЬНЯК