“Гарантыі” ад гангстэраў

posted Oct 27, 2018, 9:41 AM by Адміністратар Навін   [ updated Oct 27, 2018, 9:42 AM ]

Днямі афіцыйны прадстаўнік РФ у Беларусі зрабіў гучную публічную заяву наконт забесьпячэньня бясьпекі нашай краіны. Гучыць характарыстычна (цытуем):

“У Маскве любы ваенны напад на Беларусь будуць разглядаць як агрэсію ў дачыненьні да Расеі «з усімі наступствамі, якія з гэтага вынікаюць». Пра гэта заявіў у эфіры тэлеканалу «Беларусь-1» расейскі амбасадар у Менску Міхаіл Бабіч.”.

Крыніца: https://www.svaboda.org/a/29556725.html

І хто гэта там рыхтуе на нас «напад»? Ужо ці ня той, хто «крышаваць» зьбіраецца? Але жарты ўбок. У розных краінах людзі заўважылі, што заява М. Бабіча прагучала непасрэдна пасьля ваяўніча-эсхаталагічнага гуканьня Пуціна наконт “мы патрапім у рай, а яны падохнуць”, прысьвечанага магчымай ядзернай вайне паміж Масквой і Захадам. Беларусаў “гарантыі Масквы” зусім не абрадвалі. Па-першае, беларусы (у адрозьненьні ад “дорогіх россіян”) ня хочуць ні ваяваць, ні нават назіраць за вайной па тэлевізару. Па-другое, наш народ усё ня можа ўцяміць: хто зьбіраецца нападаць на Беларусь. З усімі суседзямі мы жывем у міры, згодзе і ўзаемным рэспэкце, ні адкуль не назіраецца ні правакацый, ні агрэсіўных заяў. Адзінай краінай-агрэсарам у нашым рэгіёне зьяўляецца менавіта Расея, якая ўвесь час вядзе агрэсіўныя ваенныя дзеяньні, забірае чужыя тэрыторыі, забівае людзей і парушае міжнародныя законы. Агрэсіўная палітыка аднаўленьня СССР у былых межах і нават адраджэньня “зьнешняй імпэрыі” (або “сацыялістычнага лягеру”), як называлі суму краін-васалаў Масквы у Цэнтральнай і Паўднёвай Эўропе, агучана як афіцыйная дзяржаўная стратэгія Крамля. Дэмакратычны сьвет (і ня толькі) выразна вызначыў, што Расея зьяўляецца падпальшчыкам вайны, небясьпечным для ўсяго чалавецтва. Палітолагі называюць пуцінскую групу ва ўладзе “гангстэрамі”. Хаця з гэтым можна і паспрачацца, сапраўдныя бандыцкія гангі усё ж маюць пэўныя правілы паводзінаў і нават свой крымінальны “кодэкс гонару”. Крамлёўскім нельга давяраць ні ў чым, яны не выконваюць ніякіх дамоўленасьцяў, для іх любая дамова – пустая паперка.

Далей амбасадар М. Бабіч у згаданым вышэй выступе нагаварыў яшчэ цікавей:

“Расейскі амбасадар нагадаў, што Расея і Беларусь зьяўляюцца Саюзнай дзяржавай, у якой адзіная вайсковая палітыка. Беларусь у гэтым пляне “абсалютна абароненая і можа быць абсалютна спакойная”, дадаў ён”.

Гангстэрскія “гарантыі” даюцца нам на аснове антыканстытуцыйнага пагадненьня (практычна – змовы) паміж Крамлём і ўзурпатарскім рэжымам, існуючым у Беларусі. Пытаньне міру і вайны (жыцьця і сьмерці) вырашаецца для нашага народу ў рэчышчы валюнтарысцкіх, крымінальных дзеяньняў на вышэйшым уладным узроўні. Рэжым унутранай акупацыі нашай краіны на загад Масквы робіць беларускі народ закладнікам расейскага імпэрскага мілітарызма.

Пасьля заяваў Пуціна і Бабіча зьявіўся шэраг аналітычных тэкстаў і разважаньняў. Большасьць з аналітыкаў выказваюць упэўненасьць, што Беларусь будзе наступнай ахвярай маскоўскай агрэсіі. Яны выразна кажуць аб тым, што Расея ўварвецца на нашу тэрыторыю і, больш таго, анэксуе нашу краіну, ліквідуючы беларускую дзяржаўнасьць. Усё гэта гучыць лагічна. Аднак, зьнешнія назіральнікі пакідаюць па-за ўвагай важныя нюансы адносінаў па лініі Крэмль-Менск. Рэжым, існуючы ў Беларусі, цалкам падпарадкаваны Маскве. Ён ня будзе ні ў якой сітуацыі абараняць Беларусь ад расейскага ўварваньня. Лукашызм не для таго існуе. Сістэма ўнутранай акупацыі якраз і сканструявана Масквой на нашай тэрыторыі для аслабленьня нашай дзяржавы і дэзарыентацыі грамадзтва – для паступовай акупацыі. Згаданая “Саюзная дзяржава” – адзін з важнейшых крокаў на гэтым шляху.

Паводле планаў і дзеяньняў Масквы, вайна павінна прыйсьці на нашу зямлю зусім зь іншага боку. Расея ўжо мае свае вайсковыя базы, войскі і тэхніку на нашай тэрыторыі. Колькасьці ўсяго гэтага могуць быць рэзка (або паступова) павышаны ў любы момант (таемна або дэманстрацыйна) – для гэтага і робяцца публічныя заявы аб “гарантыях”. Існаваньне фармальна сувэрэннай беларускай дзяржавы дае Маскве шэраг пераваг і магчымасьцяў. Яна можа выкарыстоўваць Беларусь як падпарадкаваны сабе афіцыйны канал міжнародных зносінаў і ўплываў (гэта чамусьці зусім ня згадваецца ў дыскурсе аналітыкаў). У выпадку абвастрэньня міжнароднай сітуацыі, у тым ліку ва ўмовах правакацыі з боку Масквы супраць дэмакратычнага сьвету або нейкай асобнай краіны, тэрыторыя Беларусі можа быць выкарыстана як плацдарм для маштабнай ваеннай правакацыі, накіраванай на замежжа, або нават для разгортваньня ваеннай агрэсіі супраць суседніх нам дзяржаваў.

Паўстаюць рытарычныя пытаньні: калі з нашай тэрыторыі расейцы зробяць залп па чужой зямлі або распачнуць агрэсію, то куды прыляціць “адказ”? Хто будзе абвешчаны міжнароднай супольнасьцю краінай-агрэсарам і міжнародным злачынцам? Крэмль можа публічна “ўмыць рукі” і заявіць: “а мы тут ні пры чым”. Для беларусаў, якія апынуцца ў агні сучаснага ваеннага кафлікту ўсё гэта ўжо ня будзе мець значэньня.

Дэмакратычныя грамадзтвы і іхнія палітычныя эліты дагэтуль так і не зразумелі да канца, што адбываецца ў нашай краіне, якая гібрыдная мадэль распрацавана Масквой у Беларусі. Засноўваючыся на поўным неразуменьні (або сьведамым, або інфантыльным) блізкія і больш далёкія краіны наладжваюць неадэкватную палітыку ў адносінах да існуючага рэжыму і апазыцыйных яму сілаў (што пад кантролем рэжыму). Рэжым на поўным сур’ёзе разглядаецца як нармальная зьява і альтэрнатыва імпэрскай Маскве. Каго з “дэмакратаў” падтрымліваюць у эўрапейскіх сталіцах і хто там зьяўляецца аўтарытэтам, мы бачым. Гэтая палітыка тупіковая і небясьпечная для самога дэмакратычнага сьвету.

Беларусам трэба разьлічваць толькі на сябе. Сьвет падтрымае толькі тых, хто сам пачынае бараніцца ад ворага. І ў змаганьні за мір, і ў ваенным змаганьні за волю і незалежнасьць. Рыхтуймася да абароны.

Вадзім Кавалюк