ГЭБОЎСКІ ТЭАТР У РЭЖЫМНАЙ ВАР'ЯТНІ

posted Apr 17, 2021, 4:04 PM by Адміністратар Навін   [ updated Apr 17, 2021, 4:05 PM ]
        Рэжым злавіў чарговых "тэрарыстаў". У сетку трапілі Р. Кастусёў, А. Фядута і Ю. Зянковіч. Успамінаецца папулярны анекдот пра "кампанію ня вельку, але бардзо пожондну". 
Выглядае, што КГБ шчыльна заняўся сваім правераным і любімым заняткам -- імітацыяй раскрыцьця змоваў, дыверсій, ворагаў, экстрэмістаў і тэрарыстаў. У грамадзтве, дзе няма свабоды слова, друку і палітычнага класу, эфект ад такіх гульняў забясьпечаны. Найперш тут эфект прапагандысцкі. Масы даведаюцца пра нібы та "карысную" неабходнасьць існаваньня КГБ, які спыніў падрыўную дзейнасьць "ворагаў" Беларусі. Начальства павышае сваю значнасьць, а на выканаўцаў праекту сыплюцца ўзнагароды, слава і (галоўнае) -- зоркі на пагоны. 
Калі глянуць з гэтага гледзішча, на дзейнасьць НКВД у 30-40-х гадах, то ўсе іхныя сьледзтвы, працэсы, раскрыцьці -- гэта суцэльная імітацыя, інсінуацыя і фабрыкацыя, пачынаючы ад неіснуючага "Саюза вызваленьня Беларусі", трацкістска-зіноўеўскага і ншых "блокаў" да так званай "справы лекараў", якую не пасьпелі раскруціць з-за сьмерці галоўнага жывадзёра, імітатара і праектанта. У сухім ападку гэтай душагубкі -- мільёны загубленых жыцьцяў і бурны лінейны рух гэб'я па службовай лесьвіцы. У такіх стасунках выяўляецца галоўны характар дзейнасьці КГБ -- гэтай антычалавечай камуна-савецкай арганізацыі. 
У 50-х-80-х гадах мінулага стагоддзя існавала тая ж мэтодыка і мэтадалогія, але ў малых маштабах.  Пры лукашызме мэтадалогія зноў расквітнела, акрамя таго стала яшчэ й крымінальным бізнэсам, а КГБ -- прыўладным рабаўніком. 
Пад чарговы гэбоўскі праект па выяўленьні тэрарызму трапілі канфармісты, якіх цяжка ўявіць сабраных разам (ды яшчэ й на барыкадах). Але тым больш цікава для публікі ("вот оно што, аказывается!").
Кожнаму "тэрарысту" (Фядуту, Костусеву, Зянковічу) гэбэ назапасіла свой кручок. Тым часам зрабіць з гэтых спадароў хоць якіх тэрарыстаў -- гэта значыць паставіць спэктакль вышэйшага пілатажу.
На сёньняшні дзень, аднак, мы бачым паранойную лукашысцкую хітрыку простую, як кол, -- схапілі чарговых закладнікаў і будуць фармаваць пачку. Чакаюцца псіхічныя выступы вар'ята з надзеяй на гандаль з заклапочаным захадам.
Колькасьць дзеючых асобаў у спэктаклі, магчыма, будзе павялічвацца, калізіі зоймуць дых, і ўся гэтая гэбэ-драма ператвараецца ў пошлы крымінальны фарс, дзе, каб схаваць сваю шызоідную подласьць, будуць пагражаць навешаць незадачлівым дзядзькам гадоў па шэсьць, каб усе баяліся і Захад "заклапаціўся".
Другая частка гэтага гэбоўскага спэктакля (так званыя "дэм-СМІ") пачнуць гераічна ляпіць з агаломшаных "тэрарыстазў" нешта накшталт ... Зрэшты, ня стану агучваць. Што скажуць -- тое і зьлепяць. Не зьбіраюся тут жартаваць, бо ня сьмешна. Агонія антынацыянальнага акупацыйнага рэжыму запаскуджвае атрутай усё людзкое жыцьцё. Генацыд разгортваецца. Кожнага беларуса могуць схапіць, аб'явіць тэрарыстам, пасадзіць і потым забіць. Пахваленьне бандытам і лаяльнасьць да антычалавечага рэжыму тут не ўратуюць.
Баюся, аднак, што і на гэты раз беларусы могуць не зразумець, што робіцца. А робіцца тое, што Масква рабіла ў Беларусі ўвесь час, зьнішчаючы наш народ. Спачатку масава зьнішчалі прыдуманых "ворагаў народа" пры дапамозе даносчыкаў і нішчыцеляў. Потым, забіўшы шмат людзей, сталі забіваць самых даносчыкаў і нішчыцеляў. Затым пускалі ў расход забойцаў даносчыкаў і нішчыцеляў. Потым ліквідавалі забойцаў, што забівалі забойцаў даносчыкаў і нішчыцеляў (прытым іх забівалі, а яны крычалі "да здравствует Сталін") і г. д. Такі быў сталінскі генацыд. 
Пры падмаскоўскім лукашызме тое вяртаецца, і мы ўжо тое бачым. Пачалі стукаць па сваіх цярпельцах і па сваіх халуях. Апошнімі пазабіваюць самых "ябацек", якія так і не зразумеюць, што генацыд -- гэта вынішчэньне па нацыянальнай і этнічнай прыкмеце, а не па палітыцы, не па пазыцыі, не па ідэалёгіі і не па адносінах да сатрапа.
Каб пазьбегчы ахвяраў, трэба ліквідаваць прарасейскі акупацыйны рэжым. Тое можа зрабіць толькі нацыянальна арыентаванае па-беларуску сьведамае грамадзтва. Вось над гэтым і мусілі б працаваць разумныя людзі.

15 красавік 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК