ГЭТА "ЯНЫ"

posted Jul 4, 2020, 12:17 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jul 4, 2020, 12:18 PM ]

І ўсё ж-такі, якая варажнеча пхнецца ў прэзыдэнт-дыктатары. Выкінулі Цапкалу, дык ён адзеў савецкае ваеннае рызьзё (знайшоў жа недзе) і пайшоў да савецкага танка ды сказаў панегірык савецкай акупацыі ў трагічны для Менска дзень. (3-га ліпеня 1944 года адбылося зьнішчальнае бамбаваньне пакінутага немцамі Менска савецкімі самалётамі.) Потым Цапкала заявіў, што Расея можа "дапамагчы" на выбарах у Беларусі.

Самае брыдкае тут тое, што Цапкала па паходжаньні беларус, які дэградаваў у сістэме і стаў чужаком. Вось што робіць зь людзьмі чужая ідэалёгія і служба для ворагаў Беларусі.

Такі ж самы і банкір (20 год служыў Газпраму), які зарэгістраваны кандыдатам у прэзыдэнт-дыктатары і праходзіць па крымінальнай справе. Гэты ўжо нагаварыў яшчэ больш, чым Цапкала.

І ўсе, акрамя ўзурпатара, сабраліся на адной хвалі: "Абы не Лукашэнка". Гісторыя паказвае (і ў нас, і ва Ўкраіне, і ў іншых месцах), што такая хваля вельмі небясьпечная для будучыні нацыі. Тады ўзбуджаны матэрыяльны электарат пад уплывам агентуры Масквы з добрымі намерамі здольны зьнішчыць сваю будучыню (і нават будучыню наступнага пакаленьня).

4 ліпеня 2020 г.             Зянон ПАЗЬНЯК