ГІСТАРЫЧНЫ АСПЭКТ

posted Jul 22, 2017, 5:20 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jul 22, 2017, 5:22 PM ]

(З ВЫСТУПУ СП. ХВЕДАРА НЮНЬКІ НА СЁМЫМ ЗЬЕЗЬДЗЕ БЕЛАРУСАЎ СЬВЕТУ Ў МЕНСКУ)

Хачу нагадаць мой асабісты прыклад з жыцьця і станаўленьня нас як нацыі і народа. Я жыў у Беларусі пры польскай уладзе, вучыўся і выхоўваўся ў польскай школе і ў польскім духу, бо ні беларускіх, ні іншых школ не было. Калі адчыніліся беларускія школы, а ў 1942 г. усе школы перайшлі на беларускую мову. Настаўнікі, бальшыня зь іх, былі мясцовыя беларускія патрыёты і вучылі нас праўдзівай беларускай гісторыі. Я зразумеў, што ніякі я не паляк і мова мая павінна быць беларускаю. У школе я стаў актывістам і беларускім патрыётам і захаваў гэта на ўсё жыцьцё, ды стаў сябрам Беларускай Народнай Самапомачы. У часе нямецкай акупацыі я памагаў беларусам і беларускай справе, прафесійна валодаючы нямецкай моваю.

Цяпер цёпла і з удзячнасьцю ўспамінаю сваіх першых настаўнікаў-выхаваўцаў. Нажаль лёс іх склаўся трагічна, як пашану да іх памяці, хачу назваць некаторых зь іх: гэта прафэсар, выкладчык гісторыі Дзьмітры Агіцкі, фізіку і матэматыку выкладалі Язэп і Юрка Клышэвічы, культуру -- Пётра Рандарэвіч, Шляхтун і др.

Пётра Рандарэвіч, Язэп і Юрка Клышэвічы і шмат, шмат другіх былі замардаваныя чырвонымі, ці белымі бандамі, якія не змагаліся з акупантамі, а забівалі беларускіх актывістаў-адраджэнцаў.

Прафэсар Дзмітры Агіцкі (сын сьвятара ў Шчучынскай царкве) перажыў вайну, але яго асабістае жыцьцё склалася ня менш трагічна. Мне даслалі газету “Кароль Лір са Шчучынскага раёну”, дзе апісаны апошнія гады жыцьця гэтага выдатнага навукоўца і патрыёта . Гэта ён першы спрычыніўся да выхаваньня мяне беларускім патрыётам, што і пранёс я праз усё жыцьцё. Таму і тэрміновы пераезд мой напрыканцы 1943 года ў Вільню не быў прыпадковым, а зьвязаны быў з маёй беларускасьцю.

Жыцьцё паказвае, што, як толькі пры акупацыях зьяўляюцца спрыяльныя ўмовы (першая і другая сусьветныя войны) беларусы здольныя арганізавацца і змагацца за свае інтарэсы, і, у першую чаргу, закладаюць беларускія нацыянальныя школы. Аб чым сьведчаць дакумэнты. У мяне захаваўся арыгінал пашпарта, выдадзенага на Віленшчыне ў 1916 годзе на нямецкай і беларускай мове - ні на рускай, ці польскай, ці летувіскай, а на беларускай.

Хведар Нюнька

На фатаграфіі: Вокладка нямецка-беларускага акупацыйнага пашпарта, 1916 год.