Грамадзтва адварочваецца ад рэжымнай улады, але знаходзіцца пад ўплывам маскоўскай прапаганды

posted May 15, 2019, 8:38 PM by Адміністратар Навін   [ updated May 15, 2019, 8:38 PM ]

(Травеньскі Сойм 2019 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ                                                                         і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)

        12 траўня ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, -- “Нашэсьце гномаў”. Старшыня зрабіў аналіз падзей і тэндэнцый, зьвязаных з выдаленьнем зь Беларусі расейскага спэцпасла М. Бабіча. Патрыёты толькі пачалі зьбіраць подпісы па ўсёй Беларусі з патрабаваньнем аб яго экстрадыцыі, а Масква ўжо пасьпяшалася адклікаць яго. Гэты факт, а таксама арышты ў навакольлі Лукашэнкі сьведчаць аб тым, што дыктатар і многія зь ягоных падначаленых напалохаліся актыўнай дзейнасьці спэцпасла Масквы па стварэньню паралельнай структуры ўлады ў краіне. Адкрытыя дзеяньні па падрыхтоўцы захопу Беларусі прадэманстравалі намеры Крамля, выклікалі адмоўную рэакцыю нашага грамадзтва і вымусілі Маскву перайсьці да больш прыхаваных дзеяньняў на шляху да акупацыі нашай краіны. Але злачынная стратэгія імпэрскай палітыкі засталася тая самая. І менавіта беларускі народ павінен супрацьстаяць ёй у змаганьні за незалежнасьць і свабоду.

        Нажаль, значная частка беларускага грамадзтва не разумее неабходнасьці падтрымкі палітычнага змаганьня і палітычнага вырашэньня праблем, лёсавызначальных для нашай будучыні. Старшыня падкрэсьліў таксама, што спадзяваньні шэрагу людзей на тое, што адхіленьне ад улады Лукашэнкі зьяўляецца ключавым у справе незалежнасьці і дэмакратызацыі, ёсьць ілюзіяй. Корань зла знаходіцца ў Маскве, зьмена сатрапаў рукамі імпэрцаў прывядзе толькі да новых праблем. Павінен быць праведзены Народны трыбунал над сатрапам. Яго рашэньні будуць легітымнымі, паспрыяюць правядзеньню законных выбараў і сарвуць імпэрскія планы “бабічаў-вцюрыных”.

З дакладам выступіў сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Партыі і Фронту. Ён спыніўся на дэталях маскоўскага плану па захопу Беларусі і яго няўдачы на гэтым этапе. Нават рэжымная бюракратыя на месцах разумее пагрозу для свайго існаваньня ў выпадку расейскай акупацыі. Мясцовыя чыноўнікі баяцца, што імпэрскія гаспадары знойдуць на іхнае месца бюракратаў з Расеі, а іх выкінуць з пасадаў. Цяпер Масква мяняе свае мэтады і пасьля няўдачнай дэманстрацыі салдафона Бабіча пераходзіць да гібрыдных формаў экспансіі. Курс імпэрыі па захопу Беларусі і выкарыстаньню нашай тэрыторыі для агрэсіі супраць суседніх дэмакратычных краін застаецца тым жа.

Эканамічная сітуацыя драматычная. На вачах у грамадзтва зачыняюцца прадпрыемствы, працоўныя губляюць працу або не атрымліваць заробкі. Многія ратуюцца, едуць на заробкі ў Польшчу. Людзі не бачаць пэрспэктывы існаваньня ў рэжымным бязладдзі і шукаюць шляхі паратунку. Гэта ёсьць вынік разбуральнай палітыкі рэжыму, кіруемага Масквой.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Крызіс ударыў па буйных прадпрыемствах Беларусі. Напрыклад, Гомсельмаш стаў нерэнтабэльным і набліжаецца да калапса. Разбураецца вытворчая інфраструктура на прадпрыемствах Жодзіна. Людзі не хаваюць сваёй нянавісьці да рэжыму, многія публічна выказваюць раскайваньне ў тым, што ў 1994 годзе спрычыніліся да ўсталяваньня ўлады Лукашэнкі, а не галасавалі за Зянона Пазьняка – “жыцьцё было б іншым, жылі б, як нармальная краіна”.

Аднак, замест таго, каб салідарызавацца ў палітычным змаганьні за свае інтарэсы і за вызваленьне краіны, шмат хто з нашых суайчыньнікаў масава “зарываюцца ў зямлю” – працуцюь на сваіх участках, каб выратавацца ад голаду. Многім проста не стае грошай да наступнага заробку.

Задача патрыётаў растлумачыць грамадзтву, што ніхто, акрамя нас самых, не дасягне кардынальнага вырашэньня праблемаў і не вызваліць краіну. Неабходна супрацьпаставіць гібрыднай прапагандзе Масквы нашу беларускую праўду.

Выступоўцы зьвярнулі ўвагу на брутальныя дзеяньні рэжыму па забароне публічнай грамадзкай дзейнасьці, што зьяўляецца грубым парушэньнем Канстытуцыі і міжнародных законаў. Патрабаваньне аплаты (прытым велізарнай і нерэальнай) пры правядзеньні шэсьцяў, мітынгаў, сходаў зьяўляецца рэжымным рэкэтам, сьведчыць яшчэ раз аб крымінальнай сутнасьці рэжыму. Былі, фактычна, забаронены нашыя партыйныя фронтаўскія мерапрыемствы, прызначаныя на 26 красавіка і 7 траўня. Агентура з асяроддзя псэўдаапазыцыі пачала вяшчаць, што “Чарнобыльскі шлях зжыў сябе як грамадзкае мерапрыемства”. Пасьпяшаліся імітатары, сьпяшаецца і рэжым, якому здаецца, што цяпер усё пад кантролем, і ніхто не выйдзе на вуліцы і плошчы. Але энэргія народнага пратэсту накопліваецца і калі-небудзь выбухне без рэжымных дазволаў.

Сёлета афіцыёзныя сьвяткаваньні “дня перамогі” прадэманстравалі абыякавасьць грамадзтва да траскучай дэмагогіі і раздражненьне фальшывымі дзеяньнямі рэжыму. На парады ў гарадах і мястэчках збольшага зьбіраліся мабілізаваныя ўладамі залежныя катэгорыі грамадзтва і «турысты» з маскоўшчыны. Людзям, прыдушаным сацыяльнымі праблемамі, не было настрою сьвяткаваць разам з рэжымам. Агульны настрой быў зусім не сьвяточны. Грамадзтва усё больш аддаляецца ад рэжымнай улады, успрымае яе як варожую сілу.

Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

12 траўня 2019 г.