Грамадзтва крывых люстэркаў: Расейцы радуюцца, што іх баяцца ў сьвеце

posted Feb 5, 2017, 4:22 PM by Адміністратар Навін   [ updated Feb 5, 2017, 4:22 PM ]

86% жыхароў Расеі мяркуюць, што сьвет жыве ў страху перад іхняй краінай.

Тры чацьвертых апытаных сацыёлагамі з маскоўскага Фонду Грамадзкай Думкі гэтым задаволены.

ФГД правёў свае дасьледваньні, падсумоўваючы вынікі мінулага году ў грамадзкай сьвядомасьці расейцаў, якую разьдзіраюць супярэчнасьці. Нягледзячы на тое, што абсалютная большасьць мяркуе, што ў сьвеце баяцца Расею, але адначасна 73% мяркуюць, што іхняя краіна паўсюдна шанаваная. Нягледзячы на гэта 48% перакананы, што ў сьвеце дрэнна ставяцца да іхняй краіны (хаця 42% мяркуюць наадварот), а 51% мяркуе, што “замяжой неаб’ектыўна ставяцца” да іхняй краіны.

На погляд 58% расейцаў іхняя айчына зьяўляецца багатай краінай, а ажно 65% гатовыя назваць сваю айчыну “разьвітай, перадавой”. Ажно адна чацьвертая апытаных мяркуе, што іхняя краіна знаходзіцца ў першай дзесятцы разьвітых краін сьвету. А 70% мяркуе, што і ў сьвеце лічаць Расею “багатай краінай”. Столькі ж апытаных мяркуе, што іхняя айчына – “вольная краіна” (тобок такая, дзе няма рэпрэсій). Больш за палову мяркуе, што Расея знаходзіца сярод першых краін у сьвеце “у справе асабістай бясьпекі”. Столькі ж апытаных мяркуюць пра пазыцыю Расеі сярод іншых у сьвеце “у справе абароны правоў і грамадзянскіх свабод”.

Адначасна 15% мяркуюць, што “узмацненьне Расеі і павышэньне яе статуса ў сьвеце выклікаюць адмоўную рэакцыю на Захадзе”. Верагодна, што з гэтай прычыны больш за палову рэспандэнтаў мяркуюць, што “існуе рэальная пагроза выбуху вайны паміж Расеяй і краінамі НАТО”, а ажно 43% мяркуюць, што такая пагроза большая, чымсьці ў 70-я гады мінулага стагоддзя.

Анджэй Ламаноўскі

Пераклаў з польскай В. Буйвал.

Крыніца: польская газэта “Rzeczpospolita”, 17.01.2017

http://www.rp.pl/Spoleczenstwo/301179887-Sondaz-Rosjanie-lubia-jak-inne-kraj-sie-ich-boja.html#ap-1