ХІ Зьезд Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

posted Jun 19, 2017, 3:45 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jun 19, 2017, 3:46 PM ]

18 чэрвеня 2017 г. у Менску адбыўся чарговы ХІ Зьезд Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. У Зьезьдзе ўзялі ўдзел 101 дэлегат і госьці з розных рэгіёнаў краіны. Удзельнік ўшанавалі хвілінай маўчаньня памяць сяброў, якіх ня стала за прамінулы пэрыяд, а таксама памяць Юліі Качук, дачкі сябра КХП-БНФ Юрыя Качука.

Зьезд засьпяваў беларускі нацыянальны гімн “Магутны Божа”.

Зьезд заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ, -- “Набліжайма вольную Беларусь”.

Са справаздачнымі дакладамі таксама выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні КХП-БНФ, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні КХП-БНФ. Выступоўцы гаварылі пра вынікі дзейнасьці Партыі, яе сяброў і прыхільнікаў. У цяжкіх умовах акупацыйнага антыбеларускага рэжыму сябры Партыі захавалі аптымізм і веру ў перамогу, здолелі сваім прыкладам і сваімі ідэямі пераканаць значную частку нашага грамадзтва ў неабходнасьці змаганьня за вольную, дэмакратычную і незалежную Беларусь – наш агульны Дом. Гэта пры тым, што палітычныя групоўкі псэўдаапазыцыі страцілі свой аўтарытэт і ня здольныя запрапанаваць грамадзтву выйсьце з цяперашняга крызісу. Ды і што яны могуць запрапанаваць, калі, напрыклад, у асяроддзі АГП падзяліліся думкі, ці прызнаваць расейскі захоп украінскага Крыму “дэмакратычным волеіз’яўленьнем”, ці не прызнаваць. Пазыцыя гэтых структур становіцца зразумелай грамадзтву. Людзей не ўдалося падмануць заклікамі да ўдзелу ў фальшывых рэжымных “выбарах”, беларусы адвярнуліся ад псэўдаапазыцыі, якая, фактычна, дапамагае рэжыму існаваць.

Выступоўцы спыніліся на асноўных накірунках дзейнасьці Партыі і патрыятычнага авангарда грамадзтва. На гэтым этапе нам удалося не дапусьціць прафанацыйнай рэжымнай “мэмарыялізацыі” у Курапатах. У іншых месцах пакутніцтва нашага народу (напрыклад, у Хайсах пад Віцебскам) сябры Партыі працягваюць змаганьне за выратаваньне і дастойнае ўшанаваньне брацкіх магіл ахвяраў расейскага тэрору. Мясцовыя ўлады паводзяць сябе цынічна і агрэсіўна, не даючы патрыётам нават паставіць крыжы на магілах. Гэта ёсьць сьведчаньнем таго, што рэжым не зьмякчыў сваю пазыцыю ў гэтым пытаньні.

Выступоўцы спыніліся на асноўных пастулатах праграмы “Вольная Беларусь” і заклікалі ўсіх патрыётаў працаваць над яе распаўсюджваньнем у грамадзтве і зьдзяйсьненьні яе задач. Глыбокі, усебаковы, сістэмны крызіс існуючага рэжыму і яго сацыяльна-эканамічнай мадэлі зь яе брутальнай прывязкай да недаразьвітай Расеі прымушае патрыятычныя сілы рыхтавацца да вялікіх падзей і быць гатовымі да прыняцьця адказнасьці за краіну. Менавіта праграма “Вольная Беларусь” зьяўляецца сапраўдным планам стваральных дзеяньняў для нашага народа, яна паказвае шлях прагрэсіўнага, дэмакратычнага разьвіцьця Беларусі.

Выступілі таксама сябры Партыі з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра разбурэньне эканомікі ў гарадах і мястэчках, масавае беспрацоўе і безграшоўе, драматычныя працэсы дэмаралізацыі антыбеларускай улады і часткі грамадзтва. Была выказана думка, што менавіта праграма “Вольная Беларусь” павінна стаць канкрэтным накірункам дзейнасьці ва ўсёй нашай краіне.

Адбыліся выбары кіраўніцтва Партыі і яе кіраўнічых ворганаў. Старшынёй КХП-БНФ быў абраны сп. Зянон Пазьняк (адзінагалосна). Сп. Юры Беленькі быў абраны выканаўцам абвязкаў у Беларусі старшыні КХП-БНФ і сп. Сяргей Папкоў – намесьнікам старшыні КХП-БНФ. Быў таксама абраны Сойм КХП-БНФ у складзе 33 чалавек.

Былі абмеркаваны і прыняты некалькі рэзалюцый ХІ Зьезда КХП-БНФ.

Інфармацыйная камісія

Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

18 чэрвеня 2017 г.