Ігуменскі Шлях-2017

posted Jun 30, 2017, 4:12 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jun 30, 2017, 4:12 PM ]

25 чэрвеня група фронтаўцаў разам з кіраўніцтвам КХП – БНФ накіраваліся зь Менску ў г. Чэрвень (даўні Ігумен), каб ушанаваць памяць ахвяраў камуна-расейскага тэрору на нашай зямлі. Менавіта па гэтай дарозе ў чэрвеньскія дні 1941 года канвой расейскага НКВД гнаў тысячы вязьняў з менскай турмы ў бок Расеі пасьля пачатку нямецка-фашыстоўскай інвазіі.

Пасьля таго, як вязьні пераначавалі ў ігуменскай турме, і пасьля авіяналёту 26 чэрвеня вязьняў па крымінальных артыкулах адпусьцілі, а палітычных пагналі далей на Усход. На ўскраіне Ігумена каты НКВД адкрылі агонь па людзях. Загінулі сотні людзей. Удалося ўцячы нямногім. Такія дзікія расправы над вязьнямі (“ворагамі народа”) НКВД тварыла тады ва ўсіх заходніх рэгіёнах СССР па загаду Крамля. Маскоўскі фашызм у хаўрусе з нямецкім фашызмам разгортвалі масавае знішчэньне людзей.

На магілах ахвяраў фронтаўцы ўзьнялі нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі. Выступоўцы (Ю. Бленькі, С. Папкоў і іншыя) казалі пра трагедыю народа, пра тое, што Масква разам з Берлінам справакавала і распаліла сусьветную вайну. Нямецкі фашызм быў разгромлены антыгітлерскай кааліцыяй, а антычалавечая маскоўска-бальшавіцкая імпэрыя засталася. І нават працягвае цяпер існаваць у выглядзе РФ.

Беларусы ня хочуць вайны, вайны хоча крамлёўскае кіраўніцтва імпэрыі, яе адурманены тытульны охлас. Беларусы павінны не дапусьціць, каб імпэрскі вораг захапіў Беларусь, бо вынік акупацыі будзе такі ж трагічны, як і ў тыя далёкія гады – генацыд нашага народа. Нашы ахвяры не забытыя, яны заклікаюць нас не саступаць перад чужынскім нашэсьцем.

Вядома са статыстыкі ХХ стагоддзя: тыя грамадзтвы, якія бараніліся са зброяй у руках, несьлі страты. Але тыя, хто здаваўся на літасьць і не супраціўляўся акупантам, панесьлі страты на некалькі парадкаў вышэйшыя ў выніку рэпрэсій, забойстваў, высылак, рабскай працы. Змагарная Украіна, якая цяпер ў цяжкіх умовах разграміла маскоўскага агрэсара і спыніла нашэсьце, павінна быць для нас прыкладам.

Людзі прайшлі шэсьцем па Ігуменскім шляху, ускладаючы да крыжоў на магілах пакутнікаў кветкі і вянкі, запальваючы зьнічкі. Гучаў гімн “Магутны Божа”.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

25 чэрвеня 2017 г.