Імітацыя і прафанацыя (відэа-адрас)

posted Oct 19, 2017, 2:35 PM by Адміністратар Навін   [ updated Oct 19, 2017, 2:35 PM ]
Разумныя людзі ў Расеі (там ёсьць і такія) саркастычна называюць тое, што павінна адбыцца ў РФ 18 сакавіка 2018 года, “выбарамі Пуціна”. Ім і дзесяткам мільёнаў тых грамадзян (якія можа не валодаюць сарказмам, але інстынктыўна ўжо да сутнасьці дайшлі) зразумела, што хадзіць на выбарчы фарс бессэнсоўна, што “элекцыя імпэратара” ужо забэтанавана і бязь іхняга ўдзелу. Мільёны сярэднестатыстычных людзей паслалі гэты абсурд куды падалей і вельмі грубымі словамі. Але застаецца катэгорыя “вытанчаных інтэлектуалаў”, да якіх нічога не дайшло (ці можа яны толькі робяць выгляд, што не дайшло). Яны мабілізуюць усю сваю схаластычную красамоўнасьць з мэтай пераканаць публіку ў неабходнасьці сваім удзелам ператварыць штучную крамлёўска-лубянскую дзею ў паўнавартасны дэмакратычны працэс.

Нас гэта цікавіць таму, што мэтады і прыёмы інтэлектуальнага жульніцтва ў Расеі такія ж, як і ў Беларусі. Проста яны выпрацаваны ў тых самых маскоўскіх лабараторыях хлусьні і разьлічаны на няздольнасьць постсавецкага грамадзтва на самастойнае думаньне.

Замест аналізу падзей і тэндэнцый, публіцы прапануецца “дэмакратычны пафас”, апэляцыя да сумленнасьці, прапануецца напоўніць выбарчы сьпіс “альтэрнатыўнымі кандыдатамі, якія здолеюць сабраць подпісы” і г.д. Беларусы і расейцы (значна пазьней) пэўны час прыслухоўваліся да заклікаў-гуканьняў “дэмінтэлектуалаў”. Але пасьля рэгулярнага наведваньня пародыі на выбарчыя ўчасткі адчувалі мярзотны стан, які можна назваць “постэлектаральным пахмельлем”. Яны бачылі на “выбарах” дзікія і масавыя падтасоўкі, гвалт, “карусэлі”, дэмагогію, паліцэйшчыну, нават войскі. І разумелі, што сістэма іх выкарыстала, згвалціла самым брыдкім спосабам – “по согласию”. Што яны сабой стварылі “карцінку” для прыкрыцьця падману і выратавалі рэжым ад ганьбы і правалу. Мільёны людзей перасталі хадзіць на непрыстойны электаральны спэктакль крамлёўска-лубянскай рэжысуры. Рэжымы ў Маскве і Менску апынуліся над пустатой, над безданьню, грамадзтвы зрабілі першы рээвалюцыйны крок і адмовіліся супрацоўнічаць з дыктатурай.

І вось наперад выпускаюць падстаўных апазыц-балбатуноў, якія зноў заводзяць сваю катрынку пра дэмакратыю ў засені Лубянкі. Для дэзарыентацыі грамадзтва зьлеплены і культывуюцца на працягу даволі доўгага часу супэр-апазыц-балбатуны. У Расеі гэта Навальны, якому арганізоўваецца гераічная і пасіянарная біяграфія, які балбоча пра што заўгодна, толькі не пра галоўнае – не пра абсалютную ўладу Крамля-Лубянкі, не пра аджылую і дурную імпэрыю, не пра расейскія войны. У Беларусі гэта такія калібраваныя кадры, як Статкевіч, Лебедько, палітычны нябожчык Мілінкевіч і шэраг драбнейшых апазыц-балбатунчыкаў.

Але трэба прызнаць, што ім усё цяжэй выконваць сваю ролю. Грамадзтва ўжо не давярае ім, яно адвярнулася ад падстаўных і фальшывых.

Алесь Хадасевіч

https://www.youtube.com/watch?v=W7v0Rj1Yyys