Імпэрскі вораг будзе разгромлены

posted Feb 13, 2017, 12:12 PM by Адміністратар Навін   [ updated Feb 13, 2017, 12:13 PM ]

(Лютаўскі Сойм 2017 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)

12 лютага ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”. З дакладам выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”.

Выступоўца нагадаў пра нядаўнія публічныя выступы А. Лукашэнкі. Як заўсёды, у іх адлюстроўваліся часам зусім супярэчлівыя ацэнкі, высновы і заявы, але многія людзі адчулі ягоны непадроблены страх. Таму прагучалі, фактычна, шчырыя прызнаньні ў краху шматгадовай антынацыянальнай палітыкі пад дэвізам “я Беларусь за цывілізаваным сьветам не павяду” і “назаўжды з Расеяй, мы адзін народ”. Было агучана тое, пра што патрыёты-фронтаўцы папярэджвалі наша грамадзтва з першага дня існаваньня прамаскоўскага рэжыму ў Беларусі. Цікава было назіраць за тактыкай “дэмжурналістыкі”, якая замест адэкватнага аналізу і падкрэсьліваньня фактаў, што прагучалі, апусьцілася да анэкдатычных пераказваньняў кур’ёзных фрагмэнтаў выступаў, накшталт пра “адзеньне дыктатара”. Бачна, што ім вельмі хацелася, каб беларусы не заўважылі тое галоўнае, што публічна раскрылася. Але беларускае грамадзтва да гэтага ўжо прызвычаялася.

Другой важнейшай тэмай, якая хвалюе цяпер нашых людзей, зьяўляецца рэальная пагроза ваеннай агрэсіі Расеі супраць Беларусі. Беларусы разумеюць, што дзеяньні імпэрскага ворага маюць падступны гібрыдны характар, што нельга давяраць ні заявам, ні абяцаньням Масквы і яе мясцовых рэжымных васалаў.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны пацьвердзілі, што па ўсяе краіне ўздымаецца хваля абурэньня здрадніцкай палітыкай антыбеларускага рэжыму. Людзі ўсьведамляюць, што рэжым па сутнасьці сваёй ня можа быць абаронцам нашай краіны, што справу абароны трэба браць у свае рукі – у адпаведнасьці з Канстытуцыяй, нашым прыродным правам і беларускай нацыянальнай традыцыяй паспалітага рушэньня. У дарослых і вопытных людзей няма ніякага даверу да падсадных дзеячыкаў псэўдаапазыцыі, якія спрабуюць пакіраваць працэсамі самаарганізацыі грамадзтва. Маладыя і сталыя беларусы кажуць, што імпэрскі вораг сустрэне на нашай зямлі народны супраціў, будзе разгромлены і выгнаны з нашай дзяржаўнай тэрыторыі.

Сойм абмеркаваў і прыняў Заяву “Аб антыканстытуцыйных актах кіруючай улады”.

Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

12 лютага 2017 г.