ІНФАРМАЦЫЯ ДА САМІТУ НАТО

posted Jun 11, 2021, 3:36 AM by Адміністратар Навін   [ updated Jun 11, 2021, 3:37 AM ]

14-га чэрвеня 2021 года ў штаб-кватэры НАТО ў Брусэлі пад старшынствам Генэральнага сакратара НАТО адбудзецца сустрэча кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў НАТО. На Саміце, сярод іншага, будуць абмяркоўвацца пытаньні Ўсходняй Эўропы.

У сувязі з гэтым неабходна давесьці да ведама кіраўнікоў дзяржаваў НАТО беларускую пазыцыю аб ліквідацыі антынароднай тэрарыстычнай улады Лукашэнкі ў Беларусі.

1. Ніякія самыя жорсткія эканамічныя санкцыі Захаду не ліквідуюць рэжым Лукашэнкі, якога ў гэтай сітуацыі будзе ўтрымліваць пуцінская Расея, і гэта ёсьць у межах расейскіх фінансавых магчымасьцяў.

2. Жорсткія эканамічныя і фінансавыя санкцыі прывядуць да татальнага ўплыву Крамля на рэжым Лукашэнкі, да стварэньня ўмоў гібрыднай анэксіі Беларусі. Ваенная прысутнасьць Крамля ў Беларусі стане фактам.

3. Санкцыі балюча ўдараць па народу Беларусі, паралізуюць кантакты супраціву, ня спыняць рэпрэсій народа.

4. Міжнародныя эканамічна-фінансавыя санкцыі мусяць быць ськіраваныя супраць Пуцінскай Расеі, якая падтрымлівае і фінаісуе тэрарыстычны рэжым Лукашэнкі ў Беларусі.

5. Ліквідацыя тэрарыстычнага антынароднага рэжыму ўлады ў Беларусі магчымая толькі знутры краіны шляхам рэвалюцыі народнага супраціву.

6. Першым рэвалюцыйным дзеяньнем народа павінна стаць вяртаньне законнасьці і законнай Канстытуцыі 1994 года, растаптанай і адкінутай Лукашэнкам.

Другім дзеяньнем павінны стаць выбары парляманту па Канстытуцыі 1994 года і па мажарытарнай сістэме.

Трэцім дзеяньнем -- выбраны парлямант ліквідуе выканаўчую сістэму ўлады прэзыдэнта і стварае ўрад парляманцкай Рэспублікі Беларусь.

7. Растлумачэньне.

Паралельна з патрабаваньнямі нацыянальна-дэмакратычных вызвольных сілаў Беларусі існуе пазыцыя Крамля, якая праводзіцца праз расейскі Газпрам, спэцслужбы і абапіраецца ў Беларусі на групы П. Латушкі, В. Бабарыкі, С. Ціханоўскай. Гэтыя групы падтрымліваюць татальныя эканамічныя санкцыі супраць Беларусі, выступаюць за новыя выбары прэзыдэнта па антыканстытуцыйным лукашысцкім заканадаўстве.

Такі падыход дае неабмежаваныя магчымасьці Маскве зноў правесьці на прэзыдэнцкую пасаду ў Менску сваю крэатуру з магчымасьцямі абсалютнай улады ў краіне.

8. Беларускія нацыянальна-вызвольныя сілы змагаюцца супраць гібрыдных планаў Масквы і яе палітыкі ў Беларусі, супраць тэрарыстычнага прамаскоўскага рэжыму Лукашэнкі за вольную дэмакратычную Беларусь.

11 чэрвень 2021 г.

Беларускі Нацыянальны Сакратарыят "Вольная Беларусь"