Інвазія пачалася. Настаў час бараніць Беларусь ўсімі сродкамі барацьбы

posted Aug 14, 2017, 7:48 PM by Адміністратар Навін   [ updated Aug 14, 2017, 7:48 PM ]

(Жнівеньскі Сойм 2017 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)

13 жніўня ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, -- “Аб справах Партыі і важных падзеях”. З дакладам выступіў сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Партыі і Фронту.

Выступоўца вызначыў як галоўную тэму ўламаньне расейскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі. З усяе краіны паступаюць зьвесткі пра перасоўваньне вялікіх масаў расейскай ваеннай тэхнікі і жывой сілы з Расеі на тэрыторыю Беларусі. У асноўным транспарціроўка праводзіцца ў начны час, але людзі ўсё бачаць на сваіх дарогах, у сваіх гарадах і паселішчах. Беларусаў не падманеш – “зноў маскаль на нас ідзе”. Усе разумеюць, што марыянэткавы лукашысцкі ўрад ніякім чынам не кантралюе гэты працэс, не кіруе ім. Масква распараджаецца на нашай дзяржаўнай тэрыторыі як у сябе дома. І гэта толькі пачатак мілітарысцкай бяды, толькі першыя рухі чужынскай ваеннай махіны, якую беларускі народ не запрашаў на сваю зямлю. Афіцыёзная прапаганда прыкладае намаганьні, даказваючы беларусам, што “расейская армія будзе бараніць нас” (хоць нам ніхто не пагражае). Але мы ўжо ведаем, як яна “абараніла” народ Украіны, Абхазіі, Паўднёвай Асэціі, Сірыі, народы Каўказа.

Прыход расейцаў абазначае акупацыю і вайну. Ня выключана, што ў выніку правакацый, арганізаваных акупантамі з нашай тэрыторыі, Масква дасьць сама сабе дазвол на знаходжаньне каласальнага ваеннага кантынгенту са зброяй і тэхнікай на тэрыторыі Беларусі. Такім чынам будзе захоплены і ўмацаваны плацдарм для далейшага працягу імпэрскай агрэсіі Расеі супраць суседніх з Беларусьсю дэмакратычных краін – Польшчы, Украіны, Летувы і Латвіі.

На жаль, мы не назіраем адэкватнай рэакцыі на агрэсіўныя дзеяньні Масквы ў Беларусі ў палітычных колах і вайсковым кіраўніцтве Эўропы і нават суседніх краін. Гэтае пытаньне нават не закранаецца прадстаўнікамі гэтых краін у ААН і іншых міжнародных арганізацыях. Там імкнуцца трактаваць гэтыя падзеі як датычныя толькі і выключна Беларусі. У верасьні 1939 года эўрапейскі істэблішмэнт так жа сама трактаваў трагедыю Польшчы. Вядома, чым гэта закончылася.

Беларусам трэба жорстка супраціўляцца інвазіі расейскіх акупантаў. Гэта ёсьць наш канстытуцыйны абавязак. Змагарная Беларусь атрымае падтрымку іншых краін, і, наадварот, пасыўная пазыцыя народа будзе ўспрыняцца як агульная згода на маскоўскую акупацыю – такая альтэрнатыва цяпер у беларусаў. Настаў час. Беларусам трэба бараніць сваю дзяржаву, тэрыторыю і суверэнітэт усімі даступнымі сродкамі змаганьня і барацьбы.

Таксама выступілі сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі аб устрывожанасьці людзей дзеяньнямі расейскай ваеншчыны на нашай зямлі. Асабліва трывожацца вайскоўцы і іхнія семі. Цьвярозыя ацэнкі выказваюць афіцэры беларускіх войскаў СПА. Яны разумеюць, што ваенны канфлікт азначае гібель для іх і іхніх сем’яў у першыя ж гадзіны баявых дзеяньняў. Беларусы ня хочуць ваяваць за авантуры Расеі, наш народ хоча міру. Але трэба даводзіць нашым людзям, што каб жыць у міры, трэбы выдаліць з нашай краіны расейскую акупацыйную армію і марыянэткавы ўрад дзяржаўных здраднікаў.

Сойм абмеркаваў і прыняў Заяву “Аб парушэньні сувэрэнітэту Беларусі і абароне краіны”.

Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

13 жніўня 2017 г.