ІСНУЕ ШАНЕЦ СКОНЧЫЦЬ З РАСЕЙСКАЙ АКУПАЦЫЯЙ І З РЭЖЫМАМ ЛУКАШЭНКІ

posted Mar 13, 2022, 7:48 PM by Адміністратар Навін   [ updated Mar 13, 2022, 7:48 PM ]
        Беларусь 27 гадоў існавала пад рэжымам унутранай прамаскоўскай акупацыі. 17 студзеня 2022 года краіна трапіла пад зьнешнюю збройную акупацыю Расеі, якая пад выглядам манэўраў і па дамоўленасьці з сатрапам Лукашэнкам увяла на беларускую тэрыторыю армады свайго войска, заняла ўсе важныя ваенныя і цывільныя асяродкі нашай краіны і пачала рыхтаваць напад на Украіну. Акупанты сталі распараджацца на нашай зямлі, рабаваць насельніцтва, карыстацца нашай дзяржаўнай інфраструктурай у агрэсіі супраць Украіны. 
У цяжкім стане апынулася беларускае войска, якое не аказала супраціву акупантам і якое расейцы імкнуцца ўцягнуць у вайну супраць украінцаў пад выглядам саюзу з Лукашэнкам. 
50 тысячаў беларусаў лукашысты кінулі за краты, болш за тысячу палітвязьняў знаходзіцца ў турме, беларусы церпяць нацыянальны перасьлед, бяспраўе, знаходзяцца пад жорсткімі, дзікімі рэпрэсіямі прамакоўскага рэжыму, цалкам зьнішчана ўся грамадзянская супольнасьць Беларусі.
Людзі Беларусі -- супраць акупантаў, супраць Лукашэкі і ягонай рэпрэсіўнай улады. Нянавісьць і злосьць да рэжыму акупантаў павялічваецца і чакае моманту, каб вырвацца на паверхню.
Такім момантам можа стаць рашучы паварот беларускіх вайсковых аддзелаў на абарону Айчыны супраць расейскіх інтэрвентаў і супраць прадажнага рэжыму Лукашэнкі. Дзеяньні мусяць быць рашучымі, хуткімі і простымі. 
Якраз: 
1. Трэба катэгарычна адмовіцца ваяваць супраць Украіны і ад пераходу украінскай мяжы, на што штурхаюць жаўнераў генэралы;
2. Арыштаваць расейскіх генэралаў, якія камандуюць беларускім войскам;
3. Накіраваць беларускія войскі і тэхніку на Менск і зьнесьці хунту Лукашэнкі;
4. Арыштаваць, узяць у палон альбо ліквідаваць акупантаў у Лідзе, Лунінцы, Мачулішчах і іншых захопленых аэрадромах, забраць пад свой кантроль авіяцыю акупантаў і ракетныя комплексы;
5. Раздаць зброю беларускім дабраахвотнікам і партызанам;
6. Разам зь беларускім народам ваяваць супраць акупантаў, змагацца за Бацькаўшчыну і свабоду;
7. Зьвярнуцца да расейскіх вайскоўцаў, каб спынілі агрэсію і вярталіся дадому ў Расею. Ім непатрэбная гэтая вайна. Ім няма справаў у Беларусі;
8. Збройны выступ арміі і народу Беларусі супраць расейскіх акупантаў і прадажнага рэжыму Лукашэнкі наблізіць крах пуцінскага рэжыму ў Маскве і канец агрэсіі Масквы супарць Украіны.

Жыве Беларусь! Слава Украіне!

13 сакавік 2022 г.

Зянон ПАЗЬНЯК 
(ад Беларускага Нацыянальнага Сакратарыяту "Вольная Беларусь")