"И ЗА РОДНУЮ БЕЛОРУССИЮ"

posted Jul 6, 2020, 6:28 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jul 6, 2020, 6:28 PM ]

У сьвежаветравых 60-х гадах я ведаў аднаго савецкага генэрала-расейца, які круціўся каля Саюзу пісьменьнікаў (нешта нават пісаў па-руску). Ён быў паказным патрыётам. Бывала пачне на банкеце гаварыць, трымаючы кілішак, і абавязкова скончыць шчырым гуканьнем: "І за родную Белоруссію!"

Мае сябры з акадэмічнага асяродка толькі пасьмейваліся лагодна. Людзі адукаваныя -- ведалі што тое значыць. Для такіх расейска-савецкіх "за родную Белоруссію" было, як "за родную Ставропольшчіну". Ніякога беларускага сэнсу тут не існавала.

Калі глянуць у гісторыю, то мне тое гуканьне нагадвала "патрыятычныя" воклічы адэптаў з прачарнасоценнага расейскага "Белорусского Общества" і ягонай газэты "Северо-Западный край", што існавалі ў Вільні ў часы рэакцыі 1907-1914 гг., створаныя жандармэрыяй і чыноўнікамі Міністэрства ўнутранных спраў для барацьбы зь беларускім нацыянальна-вызвольным рухам, зь Янкам Купалам, "Нашай Нівай" ды Беларускай Сацыялістычнай Грамадой, якая стаяла на пазыцыях нацыянальнага вызваленьня.

Ненавідзелі яны Янку Купалу ярасна. Пазьней адзін зь іх (адыёзная на той час постаць, нейкі Л. Саланевіч) так і напіша потым, што ён слухаў песьні А. Вярцінскага, а "ня нейкага там Купалы".

Ідэалёгіяй "Белорусского Общества" быў "западнорусизм". Яны пісалі, што Беларусь -- гэта не Расея, што яны "тожа беларусы", што ім падабаецца "красивая белорусская природа" і што яны нават ня супраць "особого положения Беларуссии в составе России, но без белорусского языка". Лёзунг іхны такі і быў: "Мы за Белоруссию, но против белорусского языка" (цяперашнія хітрэйшыя, той, хто супраць -- за двуязычіе).

Ну, вы падумайце, якія разумнікі! Як яны ўсё разумелі. І, між іншым, сярод беларусаў, нават тады, хапала прастакоў, якія якраз нічога і не разумелі.

Цяпер такіх, што "за родную Белоруссию без белорусского языка", таксама хапае. Нават у прэзыдэнты зьбіраюцца. Ім варта задаць два пытаньні: "Чый Крым?" і "Ці можа быць чужая мова дзяржаўнай у Беларусі?" Па адказах на гэтыя пытаньні, якія фармулююцца адным словам, убачыце, кім ёсьць хто.

Цяпер у Беларусі адбываюцца апошнія фальшывыя выбары нібыта прэзыдэнта, якія праводзіць антыбеларускі рэжым. 26 гадоў па волі Масквы гробілі беларускую мову, беларускі народ, Беларусь. Падрыхтавалі банкіра ў прэзыдэнты, гэбіста, "спойлераў", тлумяць людзям галовы. Лукашэнка пагражае страляць. Беларускія патрыёты ў турме.

Але нічога ў іх не атрымаецца (ні ў банкіраў, ні ў гэбістаў, ні ў лукашыстаў). Зьядуць адзін аднаго. Не паўторыцца 1994 год. Не паўторыцца 2010. Хай нават не спадзяюцца і не гукаюць "за родную Белоруссію" ("без белорусского языка"). Беларусы шмат зразумелі. Больш іх не ашукаюць.

25 чэрвеня 2020 г.                             Зянон ПАЗЬНЯК