Ізраільскае грамадзтва не праводзіла рэфэрэндумаў па пытаньні вайны

posted Jun 1, 2019, 7:50 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jun 1, 2019, 7:50 PM ]

У траўні 1967 года ўвесь арабскі сьвет быў у экстазе і прадказваў блізкі крах габрэйскай дзяржавы. У Каіры, Дамаску і Старым Ерузаліме на вуліцах танцавалі масы людзей, яны махалі сьцягамі і транспарантамі. Іхнім героям быў прэзыдэнт Эгіпту Гамаль Абд эль Насэр. У шэрагу драматычных акцый, што ішлі адна за адной, Насэр скончыў спакой, які быў на ягонай мяжы зь Ізраілем апошнія дзесяць гадоў. Ён разарваў дамоўленасьці, дасягнутыя ў 1957 г. з ААН, выставіў сваю армію на Сінайскую паўвыспу, заблакаваў праход для ізраільскіх суднаў праз Шарм-эль-Шэйх і пагражаў зьнішчыць Ізраіль. На сустрэчы з пілотамі, якія былі ў захапленьні, на авіябазе Бір-Гафгата Насэр у адкрытую зьвярнуўся да габрэйскай дзяржавы: “Калі Ізраіль хоча вайны, мы кажам: Калі ласка! Мы гатовыя”.

Ня гледзячы на гэтую правакацыю рэакцыі з боку Ізраіля доўга не было. Прэм’ер Леві Эшколь, дабрадушны, сярэдніх здольнасьцяў чалавек, не сьпяшаўся. Хадзілі чуткі, што ў Генштабе арміі дайшло да сапраўднага бунту ў сувязі з нерашучасьцю Эшколя. Прыкметныя ў грамадзтве ізраільцяне патрабавалі, каб 81-гадовы Бэн Гурыён заняў пасаду прэм’ер-міністра і павёў бы краіну ў сутыкненьні, якое было наперадзе. Група жанчын пратэставала на вуліцах Тэль Авіва і патрабавала, каб Машэ Даян заняў пасаду міністра абароны.

Эгіпт, Сірыя і Іарданія настолькі натхніліся цяжкасьцямі, у якіх апынуўся Ізраіль, што вырашылі падпісаць ваенную дамову і накіраваць усе сілы на выкананьне задачы па канчатковым зьнішчэньні сіанісцкай дзяржавы. Прадчуваньні паразы ахапілі ўвесь Ізраіль, кашмарны прывід новага Галакоста пагрузіў малую нацыю ў страх. Міністр замежных справаў Аба Эбан паляцеў у Парыж, Лёндан і Вашынгтон, каб прасіць дапамогі. З Заходняй Нямеччыны былі тэрмінова дастаўлены газавыя маскі. У Тэль Авіве вучні гімназій капалі траншэі на зацененых бульварах. Цэлыя групы рабінаў хадзілі па парках, сьпявалі малітвы і высьвячалі гэтыя ўчасткі пад могілкі.

Ізраіль стаяў плячыма да сьцяны і ня меў іншага выбару, як толькі прыняць выклік. Прэм’ер-міністр Эшколь склаў урад нацыянальнага адзінства, у якім Машэ Даян стаў міністрам абароны; лідэр правага крыла Мэнахэм Бэгін, які ўсё сваё жыцьцё правёў у апазыцыі, быў запрошаны ўступіць ва ўрад.

5 чэрвеня 1967 г. Ізраіль пачаў паветраную і наземную наступальную апэрацыю супраць Эгіпта. Сірыя адразу далучылася да Эгіпта. Леві Эшколь паслаў каралю Іарданіі Хусэйну тэрміновае пасланьне, у якім прасіў яго заставацца нэўтральным і гарантаваў тэрытарыяльную цэласнасьць Іарданіі. Хусэйн цягнуў тры гадзіны, а потым кінуў у бітву свае ўзброеныя сілы. З пагоркаў, што атачаюць Ерузалем, іарданская артылерыя абстрэльвала габрэйскую частку Ерузаліма. З пагоркаў Калькіліі на ўзьбярэжжы дальнабойныя гарматы адкрылі агонь па Тэль Авіву. Небачаная дагэтуль бура захапленьня выбухнула ў арабскіх дзяржавах. Час помсты за прыніжэньне 1948 г. настаў.

Але эйфарыя была заўчаснай. Ужо ў першы дзень ізраільская авіяцыя разграміла авіяцыю Эгіпта, Іарданіі і Сірыі на зямлі. У рамках танкавай апэрацыі з трыма клінамі наступа ізраільцяне глыбака прасунуліся па Сінаю, раструшчылі эгіпецкія дывізіі і дасягнулі Суэцкі канал. На заходнім беразе Іардана армія Хусэйна панесла цяжкія страты і хутка адступіла назад за Іардан. У апошнія два дні баявых дзеяньняў Ізраіль выбіў сірыйскую армію з Галанскіх вышыняў.

Праз шэсьць дзён пасьля першага стрэлу баявыя дзеяньні былі спынены паўсюль на Блізкім Усходзе. Для арабскага сьвету гэта было горкае абуджэньне ў жудасную рэчаіснасьць: Разьлічваючы толькі на сябе, Ізраіль дамогся каласальнай перамогі, і гэта перамога была для арабскіх дзяржаў яшчэ больш прыніжальнай за правал 1948 г. арміі Эгіпта, Сірыі і Іарданіі пацярпелі паразу, іхнія ваенна-паветраныя сілы перасталі існаваць. Палестынская Арганізацыя вызваленьня пад кіраўніцтвам Ахмэда Шукайры і яе палестынская вызвольная армія, якую часта згадвалі, былі раструшчаны ў гэтай вайне.

Міхаэль Бар-Захар

Michael Bar-Zohar. Facing a Cruel Mirror. Tel Aviv, 1990.

Пераклаў з ангельскай В. Буйвал.