Камітэт па правах чалавека ААН прыняў да разгляду скаргу Юрыя Беленькага

posted Jan 19, 2017, 4:55 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jan 19, 2017, 4:55 PM ]

Камітэт правоў чалавека ААН прыняў да разгляду скаргу намесьніка старшыні КХП-БНФ Юрыя Беленькага. Яна зьвязаная зь перасьледам палітыка за мэмарыяльныя акцыі ў Курапатах і Лошыцкім яры 2 і 9 лістапада 2014 году.

Беленькага вінавацілі ў тым, што ён не ўзгадніў зь міліцыяй захады для забесьпячэньня грамадзкага парадку падчас масавых мерапрыемстваў, хаця акцыі прайшлі ў поўнай адпаведнасьці з дазволам Менгарвыканкаму і не суправаджаліся парушэньнямі парадку.

У скарзе Юры Беленькі адзначае, што яго аштрафавалі ў выніку трох адміністрацыйных справаў і абвінавацілі ў парушэньні парадку арганізацыі шэсьцяў у Курапаты і Лошыцкі яр, хаця заяўнікам і арганізатарам акцыяў была партыя. Таксама палітык прынцыпова не пагаджаецца зь неабходнасьцю плаціць за паслугі ў ахове, бясьпецы і мэдычнай дапамозе, паколькі, паводле міжнародных стандартаў, забесьпячэньне правядзеньня мірных сходаў ёсьць пазытыўным абавязаньнем самой дзяржавы.

На гэтай пазыцыі спадар Беленькі настойваў пры абскарджаньні штрафаў у беларускіх судах рознага ўзроўню, яе даводзіць і ў звароце ў Камітэт правоў чалавека ААН, падрыхтаваным праваабаронцамі «Вясны».

Прыцягненьне Юрыя Беленькага да адміністрацыйнай адказнасьці праваабаронцы разглядаюць як перасьлед за рэалізацыю ім свайго права на мірныя сходы і выказваньне меркаваньняў (парушэньне артыкулаў 21 і 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах).

Індывідуальны зварот Беленькага будзе разгледжаны экспэртамі Камітэту правоў чалавека ААН. На гэтым этапе, як паведаміў Камітэт заяўніку, копія звароту накіравана ўладам Беларусі, якія цягам шасьці месяцаў павінны даць Камітэту свой адказ на гэтае пытаньне.

Крыніца:http://www.svaboda.org/a/kamitet-pa-pravach-calavieka-aan-pryniau-da-razhliadu-skarhu-jurasia-bielienkaha/28211751.html