Канфэрэнцыя “Курапацкая трагедыя”

posted Nov 12, 2018, 12:58 PM by Адміністратар Навін   [ updated Nov 12, 2018, 12:59 PM ]

7 лістапада на запрашэньне амбасады Летувы ў Менску адбылася канфэрэнцыя “Курапацкая трагедыя. Захаваньне мінулага для сучаснасьці”. У залі будынка амбасады сабраліся абаронцы Курапацкай сьвятыні -- людзі старэйшага ўзросту і моладзь.

Амбасадар Летувы ў Беларусі сп. Андрус Пулокас павітаў удзельнікаў канфэрэнцыі і пажадаў ім плённай працы па захаваньні памяці аб народнай трагедыі. Беларускія ўдзельнікі выказалі падзяку амбасадзе Летувы і арганізатарам канфэрэнцыі за гэтую важную сустрэчу і праяў салідарнасьці.

Быў зачытаны павітальны ліст удзельнікам канфэрэнцыі ад першаадкрывальніка Курапатаў сп. Зянона Пазьняка, Старшыні БНФ “Адраджэньне” і КХП-БНФ. З беларускага боку выступілі выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі сп. Юры Беленькі. археолаг, кандыдат гістарычных навук сп. Мікалай Крывальцэвіч, сакратар Управы Сойму Фронту і Партыі, мастацтвазнаўца сп. Валеры Буйвал. Яны распавялі пра археалагічныя раскопкі і знаходкі ў Курапацкім лесе, пра стварэньне і абарону Народнага мэмарыяла Курапаты.

З летувіскага боку выступілі кіраўнік ініцыятывы “Місія Сібір” сп. Арнолдас Фокас і гісторык Норбэртас Чарняўскас. Яны распавялі пра захаваньне памяці аб пакутах народу і ахвярах маскоўска-бальшавіцкага тэрору, пра экспэдыцыі моладзі ў далёкія месцы ссылкі, дзе актывісты наведваюць могілкі палеглых летувісаў, аднаўляюць іх, усталёўваюць крыжы на магілах, зьбіраюць зьвесткі ў сьведкаў тых падзей. У Летуве дэмакратычныя ўлады падтрымліваюць гэтыя народныя ініцыятывы, гэта ёсьць там, у адрозьненьні ад рэжымнай Беларусі, дзяржаўнай палітыкай.

Адбылася плённая дыскусія. Выступоўцы адказалі на пытаньні ўдзельнікаў.

7 лістапада 2018 г.

Інфармацыйная камісія

Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі -- БНФ