Канфэрэнцыя ў гонар Дня Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь

posted Sep 4, 2018, 4:57 PM by Адміністратар Навін   [ updated Sep 4, 2018, 4:57 PM ]

2 верасьня ў Менску адбылася навукова-гістарычная канфэрэнцыя, прысьвечаная 27-м угодкам Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. З розных гарадоў сабраліся дэпутаты Адраджэньня, сябры і прыхільнікі Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і КХП-БНФ, удзельнікі падзей Жніўня 1991 года, змагары за волю і незалежнасьць Бацькаўшчыны. Заля была ўпрыгожана нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі і кветкамі. Мерапрыемствы распачаліся сьпяваньнем беларускага духоўнага гімна “Магутны Божа”.

Грамада заслухала даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні БНФ “Адраджэньне” і КХП-БНФ, – “Этапы Незалежнасьці” (публікуецца). Прафэсар, доктар юрыдычных навук сп. Міхаіл Пастухоў выступіў з грунтоўным навуковым дакладам “Прававыя аспэкты дзяржаўнай незалежнасьці Рэспублікі Беларусь”. Таксама выступілі дэпутаты Незалежнасьці сп. Юры Беленькі, сп. Сяргей Антончык, сп. Лявон Баршчэўскі. Яны гаварылі пра змаганьне за дэмакратыю і незалежнасьць Беларусі ў 1988-1991 гг., пра гераізм і ахвярнасьць беларускіх патрыётаў-фронтаўцаў, якія немагчымае зрабілі магчымым. Успомнілі добрым словам многіх дэпутатаў і фронтаўцаў, якіх ужо няма з намі. Сёньняшняя драматычная сітуацыя, чарговая пагроза з боку расейскай імпэрыі нашай дзяржаве і ўсяму сьвету зьяўляецца новым этапам гістарычнага змаганьня за волю і незалежнасьць нашага народа. Набыты ў 1988-91 гг. досьвед зноў спатрэбіцца для вырашэньня цяжкіх задач сучаснасьці. Да гэтага этапа мы падышлі на значна больш трывалым грунце сваёй сувэрэннай дзяржавы, у якой неабходна ўсталяваць беларускі ўрад, дэмакратыю і законнасьць.

Умовы перадсьмяротнага крызісу сучаснай расейскай імпэрыі нагадваюць тадышні крызіс СССР. Цяпер ён павінен завершыцца поўным крахам усходняй імпэрыі і ўзьнікненьнем шэрагу новых сувэрэнных нацыянальных дзяржаў. На гэтым грунтуецца аптымізм нашага нацыянальнага змаганьня.

На канфэрэнцыі былі прадэманстраваныя дакумэнтальныя відэафільмы аўтарства вядомага тэлеапэратара сп. Сяргея Чырыка. Людзі ўбачылі важнейшыя эпізоды фронтаўскага змаганьня супраць маскоўскага камуністычнага путча ў Менску і за абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі 19-25 жніўня 1991 года. Надзвычайная каштоўнасьць гэтых фільмаў у тым, што ў тыя дні ўсе тэлеапэратары на загад свайго начальства не выканалі свой прафэсійны абавязак і адсутнічалі на месцы падзей. Гэтыя відэакадры ўжо зьяўляюцца сапраўднай кінакласікай нашай нацыянальнай гісторыі, выключным сьведчаньнем народнага змаганьня. Аказалася, што ў гэты дзень сп. С. Чырык адзначае свой дзень народзінаў. Грамада павітала мастака воплескамі. Фронтаўцы падарылі яму кнігі Зянона Пазьняка.

Мерапрыемства прайшло ў цёплай, сяброўскай атмасфэры.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

2 верасьня 2018 г.