КАНКРЭТЫЗАЦЫЯ ПРА НОВЫЯ ВЫБАРЫ

posted Oct 3, 2020, 10:42 AM by Адміністратар Навін   [ updated Oct 3, 2020, 10:42 AM ]

Адзін з магчымых варыянтаў паводзінаў Пуціна, пра які кажуць расейскія палітолагі і за які ўхапіліся Макрон, Мэркель ды Эўразьвяз, выкарыстоўваючы Газпрамаўскую групу ў Беларусі, -- гэта перамовы і дыялог з Лукашэнкам пры ўдзеле Пуціна. Вынікам "дыялогу" мусілі б адбыцца новыя выбары бяз удзелу Лукашэнкі і адыход Лукашэнкі ад улады з прадстаўленьнем яму наступных ўмоваў: жыцьцья, неперасьледу, захаваньня багацьцяў пад гарынтыі Расеі і Эўразьвязу. Дзеля гэтага Эўразьвяз гатовы будзе пагадзіцца (інакш не атрымаецца), што Беларусь застаецца ў сфэры ўплыву Расеі, але пры гарантыі суверэнітэту Беларусі і ваеннага неўмяшаньня.

Акрамя таго, што гэты план шкодны для Беларусі і непрыймальны, ён ёсьць цалкам нерэальны. Ні Лукашэнку, ні Пуціну не патрэбны такі дыялог, дзе рашэньні прымаюцца ў выніку народнай рэвалюцыі і ўмяшаньня Эўразьвязу. Стаўка абодвух узурпатараў зроблена на рэформу Лукашысцкай Канстытуцыі пад кантролем Лукашэнкі і праз два гады -- на выбары згодна гэтай рэфармаванай канстытуцыі (гэта зн. у 2022 -- 2023 гг. ). А там, як кажуць, яшчэ паглядзім.

Аднак, ў палітыцы бываюць нечаканасьці і можа стварыцца такі нерэальны зьбег абставінаў, калі стаўка на дыялог спрацуе.

І вось тут нагадваю і паўтараю галоўнае. І група Газпрама-ФСБ, і лідэры Эўразьвязу, выступаюць за новыя выбары прэзыдэнта Беларусі па існуючым заканадаўтве. Гэта значыць на прэзыдэнта павінны выбраць асобу, надзеленую абсалютнай уладай (новага дыктатара). Такая абсалютнасьць улады нябясьпечная пры любой асобе.

Сімптаматычна, што газпрамаўская групоўка ўвесь час ўнікае размовы на гэтую тэму. І зразумела чаму -- каб ў выпадку посьпеху на выбарах павярнуць усё на свой капыл бяз удзелу народу і нават ураду. А ўжо потым пачнуць "рэфармавацца" (калі пачнуць).

Нагадваю ізноў. Прэзыдэнцкіх выбараў па лукашысцкім заканадаўстве не павінна быць. Пры адыходзе Лукашэнкі ад улады (ці пры верагодным сілавым варыянце, ці пры нерэальным -- шляхам дыялогу), адразу мусяць быць аб'яўленыя па-за законам і ліквідаваныя вынікі лістападаўскага дзяржаўнага перавароту 1996 года. Аўтаматычна пачынае дзейнічаць Канстытуцыя 1994 года і ўсё заканадаўства, заснаванае на гэтай Канстытуцыі (паламанае Лукашэнкам). Выбары павінны адбывацца па закону згодна Канстытуцыі 1994 года. Прытым напачатку павінны адбыцца выбары ў парлямант, потым -- прэзыдэнта. Парлямант унясе папраўкі ў Канстытуцыю аб абсягу ўлады і пра функцыі ўлады прэзыдэнта ў дзяржаве.

Такі ёсьць сапраўдны, законны і разумны ў інтарэсах Беларусі шлях фармаваньня ўлады пасьля дыктатуры. Усялякае кручкатворства прамаскоўскай і газпрамаўскай агентуры не павінна быць. Беларусы, а не яны павінны вырашаць лёс беларускай улады.

3-Х-2020                  Зянон Пазьняк