Кансалідацыя грамадзтва вакол ідэі абароны незалежнасьці Беларусі

posted Jan 19, 2020, 4:24 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jan 19, 2020, 4:24 PM ]

(Студзеньскі Сойм 2020 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)

19 студзеня ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” – “Першы крок -- пазбавіцца ад Лукашэнкі” (апублікаваны). Дакладчык ахарактарызаваў падзеі апошняга часу як трывожныя для нашай дзяржавы дні. Масква цісьне на свайго сатрапа ў Беларусі, прымушаючы яго да здачы сувэрэнітэту Беларусі за нафту і газ. Змоўшчыкі пакуль што не зышліся ў цане. Яны публічна дэманстравалі здраду Беларусі і злачынныя дзеяньні. Беларускае грамадзтва адрэагавала пратэстамі супраць прадажнай палітыкі ў Менску і іншых гарадах, што засьведчыла агульны настрой непрыняцьця палітыкі інтэграцыі бальшынёй беларусаў. З новага году змоўшчыкі зрабілі перапынак, а 15 студзеня праявілася чарговая расейская тактыка – дэманстрацыя новых расейскіх плянаў па ўвекавечваньні ўлады Пуціна. Фактычна, 15-га студзеня ў Расеі аб’яўлена аб пачатку павольнага дзяржаўнага еправароту, які адбываецца па схеме лістападаўскага перавароту 1996 г. у Беларусі. Прыняцьце новай канстытуцыі расцэньваецца як зьяўленьне новага суб’екта міжнароднага права, у выніку чаго Пуцін атрымае права зноў выбірацца прэзыдэнтам на два тэрміны.

У сувязі з гэтым для падняцьця папулярнасьці рэжыму і Пуціна будзе працягвацца палітыка паўзучага аншлюсу Беларусі – “паглыбленай інтэграцыі”. У канцы 2019 года апрацоўка сатрапа Масквой уперлася ў цану на нафту і газ, і Крэмль зрабіў перапынак, каб забясьпечыць сябе тыл, а потым працягнуць аншлюс. Небясьпека для Беларусі значна ўзрасла. Тым часам некаторыя рускія агентурныя аналітыкі сьцьвярджаюць, што А. Лукашэнка зьяўляецца гарантыяй сувэрэнітэту Беларусі. Гэта той выпадак, калі ў рускай аналітыкі канторскія вушы тырчаць. Галоўнай небясьпекай сувэрэнітэту Беларусі быў і ёсьць Лукашэнка. У гэтым становішчы трэба ад яго пазбаўляцца любым спосабам. Інакш Беларусь чакае няшчасьце. Расейскай інтэрвэнцыі баяцца ня трэба. Калі яны палезуць, то тут ім будзе і магіла, і канец пуцінскага рэжыму ў Расеі.

Сімптаматычныя паводзіны рэжыму ў сувязі з пратэстамі. Рэжым дэманструе сваю традыцыйную акупацыйную палітыку, людзей перасьледуюць, зьневажаюць і караюць турмой і штрафамі паводле незаконных выракаў судоў. Ніхто з выканаўцаў рэжымных судовых злачынстваў не павінен уцячы ад расплаты. Для гэтага трэба, каб пацярпелыя выкарысталі ўсе сродкі абароны і вяртаньня справядлівасьці.

У заключэньні дакладчык падкрэсьліў, што перад нашай партыяй і ўсёй беларускай інтэлігенцыяй у час напружаньня важнае значэньне мае беларускае асьветніцтва людзей. Пратэст павінен мець асэнсаваны беларускі зьмест, бо змаганьне ідзе за нашае нацыянальнае жыцьцё і вольнае існаваньне.

З дакладам выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні Партыі і Фронту. Ён паведаміў сябрам Сойму пра працяг міліцэйскага і судовага перасьледу сяброў КХП-БНФ, якія бралі ўдзел у акцыях пратэсту супраць “паглыбленай інтэграцыі” і ў мэмарыяльных мерапрыемствах. Нашы сябры атрымалі вялікія штрафы, што сьведчыць пра імкненьне рэжыму прымусіць нашу Партыю плаціць вялікія сумы паводле незаконных прысудаў. Мы будзем абскарджваць прысуды і перасьлед у міжнародных арганізацыях. Адказнага сакратара Партыі сп. Алеся Чахольскага захапіла міліцыя, і пасьля закрытага судова працэсу ён атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Рэжым імкнецца запалохаць грамадзтва і нэўтралізаваць самых актыўных арганізатараў грамадзкага руху. Але наша Партыя ня будзе плаціць рэжыму вялікія сумы грошай за правядзеньне мэмарыяльных і іншых легальных мерапрыемстваў так, як ужо на працягу гадоў плоцяць іншыя арганізацыі, што называюцца апазыцыйнымі. Гэта ёсьць наша прынцыповая пазыцыя.

Дакладчык зазначыў, што ў сувязі з дзяржаўным пераваротам у Маскве трэба чакаць узмацненьня расейскага ціску на Беларусь, трэба быць гатовымі да супрацьдзеяньня гібрыдным мэтадам імпэрскага ворага. У сувязі з тым, што мясцовыя СМІ не выконваюць адпаведным чынам сваёй задачы па інфармаваньні грамадзтва, гэтую функцыю павінна выконваць Партыя і шырокае кола патрыётаў, якія ёсьць па ўсёй краіне. Кожны павінен па меры магчымасьці распаўсюджваць адэкватную інфармацыю, нашы аналітычныя матэр’ялы.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны паведамілі пра далейшае пранікненьне расейскай ваеншчыны на тэрыторыю Беларусі. Прыхавана, у цывільным транспарце на Беларусь завозяцца вялікія колькасьці расейскай вайсковай тэхнікі і абсталяваньня. На тэрыторыі беларуска-украінскага памежжа адрэмантаваны дарогі і масты, якія часта ня маюць ніякай гаспадарчай карысьці. У Менску пабудаваны некалькі шматпавярховых дамоў, якія доўгі час не засяляюцца, але ў якіх падтрымліваюцца ўсе сістэмы жыцьцезабесьпячэньня. Для каго прадназначаны сотні гэтых кватэр? Ня выключана, што для тэрміновага, у разе патрэбы, масавага засяленьня іх расейскімі афіцэрамі і спэцыялістамі, якія будуць зьдзяйсьняць агрэсіўныя дзеяньні супраць Беларусі і Украіны.

Сябры Сойму паведамілі таксама інфармацыю з расейскай Поўначы і Сібіры. Там, дзе не адбываецца здабыча сыравіны, гарады і рэгіёны знаходзяцца ў поўным заняпадзе. Дарогі разьбітыя, дамы абшарпаныя або пакінутыя і разбураныя, народ жыве ў галечы, бяспраўі і беспрацоўі. Прыкметна, што простыя людзі часта вельмі прыязна ставяцца да беларусаў, але масава ненавідзяць Маскву і Пуціна. Пэрспэктывы ў такой імпэрыі няма.

Галоўнай задачай ёсьць інфармаваньне і кансалідацыя грамадзтва вакол ідэі абароны незалежнасьці Беларусі.

Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

19 студзеня 2020 г.