КАНСТЫТУЦЫІ НЕЗАЛЕЖНАЙ БЕЛАРУСІ 25 ГОД!

posted Feb 23, 2019, 4:18 PM by Адміністратар Навін   [ updated Feb 23, 2019, 4:18 PM ]

                                                                        ЗВАРОТ

                групы дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га і 13-га скліканьняў

                                                              да Беларускага народа

Шаноўныя суайчыньнікі, грамадзяне Рэспублікі Беларусь!

15 сакавіка 1994 года Вярхоўны Савет Беларусі 12-га скліканьня пасьля вялікіх і надзвычай напружаных спрэчак, якія адбываліся на працягу амаль чатырох гадоў, прыняў першую Канстытуцыю незалежнай Рэспублікі Беларусь. Паводле зацверджанага 15 сакавіка 1994 года Асноўнага закона нашай дзяржавы былі выбраныя першы яе Прэзыдэнт, легітымны склад парляманту – Вярхоўнага Савета 13-га скліканьня, сфармаваныя новыя ворганы выканаўчай улады і Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь.

У самым першым артыкуле нашага Асноўнага Закона зафіксаваны палажэньні, стратэгічна важныя для існаваньня ўсёй нашай нацыі цяпер і ў будучыні:

«Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава.

Рэспубліка Беларусь валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыцьцяўляе ўнутраную і зьнешнюю палітыку.

Рэспубліка Беларусь абараняе сваю незалежнасьць і тэрытарыяльную цэласнасьць, канстытуцыйны лад, забясьпечвае законнасць і правапарадак».

У артыкуле 18 Канстытуцыі недвухсэнсоўна вызначана:

«Рэспубліка Беларусь у сваёй зьнешняй палітыцы зыходзіць з прынцыпаў роўнасьці дзяржаў, непрымяненьня сілы або пагрозы сілай, непарушнасьці межаў, мірнага ўрэгуляваньня спрэчак, неўмяшаньня ва ўнутраныя справы і іншых агульнапрызнаных прынцыпаў і нормаў міжнароднага права.

Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву — нэўтральнай».

Такім чынам, асэнсоўваючы сябе паўнавартасным суб’ектам супольнасьці народаў сьвету, пацьвярджаючы сваю прыхільнасьць да агульначалавечых каштоўнасьцяў, грунтуючыся на сваім неад’емным праве на самавызначэньне, абапіраючыся на шматвяковую гісторыю развіцьця беларускай дзяржаўнасьці, Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь у прынятай Канстытуцыі сцьвердзіў суверэнітэт і незалежнасьць нашай дзяржавы як найвялікшую каштоўнасьць для кожнага грамадзяніна Беларусі.

Незалежнасьць Беларусі – гэта набытак ня толькі сёньняшняга пакаленьня, але і нашых продкаў; яна таксама належыць нашым нашчадкам. Суверэнітэт краіны ня можа быць абмежаваны або скасаваны праз рашэньні любых дзяржаўных асоб і ворганаў, нават праз рэферэндум.

Незалежнасьць і дзяржаўны суверэнітэт адкрываюць шлях да росквіту Айчыны, спрыяюць умацаваньню стасункаў нашай краіны з міжнароднай дэмакратычнай супольнасьцю народаў.

Мы, дэпутаты Вярхоўнага Савета 12-га і 13-га скліканьняў, якія прынялі першую Канстытуцыю незалежнай Рэспублікі Беларусь і былі выбраныя паводле яе, заклікаем усіх грамадзян краіны і ўсіх суайчыннікаў за мяжой згуртавацца вакол дасягнутай Незалежнасьці нашай Бацькаўшчыны і зрабіць усё магчымае, каб на вякі захаваць і замацаваць суверэнітэт нашай дзяржавы!

Згодна з арт. 3 нашай Канстытуцыі, «адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь зьяўляецца народ». У сувязі з гэтым мы таксама зьвяртаемся да ўсяго нашага народа з заклікам любымі канстытуцыйнымі сродкамі бараніць і адстойваць суверэнітэт, незалежнасць і дэмакратычны лад Рэспублікі Беларусь.


Прынята сходам групы дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га і 13-га скліканняў.

9 лютага 2019 г.,

 горад Менск


УВАГА! Паводле рашэння сходу, тыя дэпутаты Вярхоўнага Савета 12-га і 13-га скліканняў, якія з розных прычын не маглі прыняць у ім удзел, могуць далучыцца да гэтага Звароту, даслаўшы да 15 сакавіка г.г. пісьмовае паведамленне пра гэта на адрас электроннай пошты: volbiel@gmail.com