КАРОТКІЯ ЗАЦЕМКІ (1-6)

posted Mar 6, 2021, 7:40 AM by Адміністратар Навін   [ updated Mar 6, 2021, 7:40 AM ]

1. Стварэньне дзьмутых фігур

Працягваецца мэдыйная прапаганда па стварэньні з В. Бабарыкі вялікага палітыка, любімца беларускага народа і магутнага "апанэнта" Лукашэнкі, якога Лукашэнка нібы та найбольш баіцца. Хвальцы -- публіка аднародная: найбольш журналісты (што ня дзіўна) і тэарэтыкі ад палітыкі. (Пра агентуру Масквы нават не ўспамінаю.) Натуральна, ніхто зь іх ня кажа (быццам ня чулі), што Бабарыка -- крэатура Крамля (праз Газпрам) і што асабіста Пуцін спрычынены да газпрамаўскага праекту. Хвалебшчыкі гэтага, зразумела, як быццам ня ведаюць і "адкрываюць" у Бабарыку ўсялякія невядомыя палітычныя таленты, волю, розум, папулярнасьць у народзе і т. п.

Рэальнасьць, аднак іншая. Ды й становішча ў "стратэгаў" прапаганды канфузнае, бо зразумела, што Бабарыку не падымеш на нумар адзін, не апусьціўшы Ціханоўскую, якую самы ж зьляпілі. Яе незаўважна, дарэчы, якраз і апускаюць. У апошні час Ціханоўская без перапынку вяшчае сэрыйныя глупствы (пра сьвяткаваньне 23 лютага ў новым значэньні і т. п.).

Увогуле, назіраючы за гэтай групай газпрамаўскіх аматараў, слухаючы іхныя выказваньні супраць законнай Канстытуцыі 1994 года, ускліканьні пра вялікую Расею, назіраючы ў Сеціве за іхняй амаль публічнай сваркай і дзяльбой чужых грошай, у каторы раз бачым, што ніякіх нацыянальных беларускіх інтарэсаў для іх не існуе. Беларусь у іх толькі на губах і падразумевае "страну для жызьні" ў складзе Расеі, але ня вольную беларускую нацыю. Для іх беларуская мова ня ёсьць дэмакратыяй, а гісторыя змаганьня за беларускую незалежнасьць -- чужая і ненавісная.

Для нацыянальнай будучыні Беларусі гэтыя прафаны такія ж небясьпечныя, як і Лукашэнка. Ні з Лукашэнкам, ні зь імі нацыянальнай будучыні ў Беларусі няма.

Няхай жыве яднаньне за беларускую Беларусь, за нашу мову, свабоду, гонар і волю.

19 люты 2021 год. Зянон ПАЗЬНЯК


2. Гульня ў напарстак

Зноў прагучэла Ганна Канапацкая. Трэба разумець, што на лукашысцкі сход яна магла быць дапушчана толькі рашэньнем Лукашэнкі, толькі ў якасьці госьця з магчымасьцю выступіць толькі ад мікрафона і пры адключанай трансьляцыі.

Для банды ўлады важна было, каб прысутнічаў нехта ад так званай "апазыцыі" і каб зь яго вуснаў прагучэла прызнаньне аб паражэньні народа і канстатацыя перамогі ўлады над народам. Правячая банда жадала прызнаньня народнай капітуляцыі (каб потым скарыстаць тое ў прапагандзе). Усё астатняе, што было б сказана, ня мела істотнага значэньня.

На ролю апазыцыянера зьявілася Ганна Канапацкая. Яна і агучыла словы капітуляцыі. Ведаючы норавы банды, не сумняваюся, што тэзісы выступу Канапацкай былі правераныя цэнзурай сходу.

Ня думаю, што рэжым, які стаіць па горла ў крывавых злачынствах, здолее гэты выступ скарыстаць. Але для Канапацкай, якая не ўпершыню пагадзілася на ролю Гайдукевіча, тут мінус, якімі б добрымі намерамі яна сябе ні пераконвала.

Відавочная яе дзяржаўніцкая і антыімпэрская пазыцыя (якую яна таксама агучыла ў выступе), але падыгрываць тут узурпатару ў яго крымінальных сварках з Крамлём, спадзяючыся на выгады Беларусі, -- гэта хутчэй ніўны ўчынак тупіковай безвыходнасьці, чым рацыя палітычнага разьліку. На жаль, некаторым так хочацца пагуляць з напарстачнікам.

20 люты 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК


3. Ілюзіі і рэальнасьць

Мэтадычна зьяўляюцца эйфарычныя разважаньні людзей у стане ілюзій аб тым, што вось-вось (можа, ужо вясной) бандыцкі рэжым упадзе і народ стане вольным. Пры гэтым абавязкова жуецца памылковае і шкоднае сцьвярджэньне аб раптоўным стварэньні беларускай нацыі ў 2020 годзе, аб тым, што гэта будзе небывалая нацыя ўсіх грамадзян без увагі на сацыяльныя падзелы і нацыянальныя асаблівасьці, на мову, рэлігію і т. п. лявацкая рыторыка. І ўсе разам, маўляў, зьяднаюцца, створаць такую салідарную нацыю ды й перамогуць антыбеларускі рэжым.

Лібэралы на Захадзе гэта падтрымліваюць. Ім прыемна такое чуць -- нацыя без нацыянальнай сьведамасьці, без нацыяналізму і без нацыянальнай мовы.

Мушу расчараваць. Хуткай перамогі ня будзе (і "нацыі" такой ня будзе). Прамаскоўскі рэжым завостраны на зьнішчэньне беларускай нацыі. Калі спатрэбіцца, ён ня спыніцца (ён здольны і мае магчымасьці) зрабіць тое фізічна і разбурыць дзяржаву.

Супрацьстаяць зьнішчэньню і перамагчы можа толькі нацыянальна-вызвольны рух і нацыя, заснаваная на ўсьведамленьні сваёй нацыянальнай мовы, нацыянальнай сьведамасьці, культурнай і гістарычнай велічы.

Для дасягненьня гэтай вышыні яшчэ патрэбны час, дух змаганьня, калектыўны розум, вытрымка, асьвета і праца. "Будзьце спакойныя і вастрыце косы" (Каліноўскі).

20 люты 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК


4. Найвялікшая страта ў культуры

За 26 гадоў антыбеларускага рэжыму Беларусь пацярпела вялікія страты ў мастацтве, літаратуры і ў гуманітарнай культуры. Найвялікшай стратай, якая сталася нядаўна, -- гэта катастрофа, якую немагчыма было ўявіць, -- ліквідацыя сакральнай зоркі беларускага мастацтва, альфы беларускай нацыянальнай культуры -- трупы Акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Цяперашняе грамадзтва, прыніжанае за 26 гадоў зьдзеку над нацыяй, нават не разумее, што сталася.

"Тэатр -- гэта нацыя" -- азначэньне, выказанае расейскім драматургам Аляксандрам Астроўскім 150 гадоў таму, стала формулай тэатра і прыкметай зьяўленьня нацыі. Вобразам нацыі быў тэатр.

Тэатр імя Янкі Купалы стварыў нацыянальную тэатраньную школу сцэнічнага і акторскага мастацтва высокага ўзроўню і дасканалай якасьці. Гэтая школа была сістэматэзаваная ў традыцыю, што забясьпечвала пераемнасьць.

Антыбеларускі рэжым ужо амаль зьнішчыў нават беларускую літаратуру, разбурыў Саюз пісьменьнікаў, ліквідаваў Дом літаратара, але, магчыма, ведаючы вагу нацыянальнага тэатра ў культуры, сатрап асьцерагаўся рэзанансу ад яго разбурэньня, абмяжоўваўся тут забаронамі і кантролем. І вось катастрофа сталася раптам за некалькі дзён. Практычна, уся легендарная трупа пакінула тэатр у знак пратэсту і абурэньня дзеяньнямі крымінальнай улады, што забівае і катуе людзей. Суіцыдны падарунак тэатра рэжыму тут жа быў прынялы варожай уладай. Дарога вяртаньня зачынена. У імгненьне тэатр перастаў існаваць.

Гэта жахліва. Дэмарш з пагрозай існаваньню тэатра ў сітуацыі антыбеларускай палітыкі прамаскоўскага рэжыму і ў сітуацыі ўнутранай акупацыі ўлады ў краіне -- недапушчальны, бо самазабойчы. Гэта тое самае, калі б аб'яўляць дэмарш ці галадоўку на Калыме ці ў Асьвенцыме супраць рэжыма ўтрыманьня ў лагеры, пратэстуючы пагрозай сваёй сьмерці супраць палітыкі Гітлера, Сталіна, ці тым жа самым палохаць Хусэйна альбо Лукашэнку. Мы бачым, як гэткім чынам аб'яўляюць галадоўкі і пратэстуюць у Беларусі асобныя людзі, жывучы ў ілюзорнай рэальнасьці, бачым, чым канчаецца гэтая пагроза памерці ў беззаконьні перад людаедамі (якім не абходзіць жыцьцё чалавека). Ідзе вайна супраць Беларускай нацыі не на жыцьцё, а на сьмерць. Не палохайце ворагаў магчымасьцю сваёй сьмерці. Яны гэтага не баяцца, бо самы імкнуцца ўгробіць нас і адкрыта пра тое кажуць. Ці ўсе асьлеплі? Ці ўсе аглохлі? У краіне паўзучы генацыд, які цягнецца ўжо 27-мы год. Беларусаў хапаюць на вуліцах па плану, па разнарадцы за нацыянальны колер адзеньня, за чытаньне беларускіх кніг, за размову па-беларуску, за колер фіранак, выламваюць дзверы, зьбіваюць 80-гадовых людзей. У беларусаў даўно няма ні правоў, ні законаў. Гэтая вар'ятня, гэты абсурд мае назоў -- зьнішчэньне Беларускага народа. Спачатку трэба тое зразумець, а потым рабіць.

Тэатр ёсьць мастацтва калектыўнае і разбурэньне яго незваротнае. У гісторыі беларускай сцэны пад савецкай акупацыяй быў выпадак, калі акупанты расстралялі ў 1930-х гадах увесь тэатр БДТ-3 Уладзіслава Галубка, усю акторскую трупу сьцерлі з твару зямлі. Цяпер жа, што крыўдна, калектыў тэатра Янкі Купалы сам падставіў сябе пад разгром.

Нельга было кідаць пэрлы перад сьвіньнямі і рабіць дэмарш самазьнішчэньня перад ворагамі нацыі. Гэта ня нашая ўлада. Яна чужая, прамаскоўская, непадкантрольная народу і закону. Ёй начхаць на беларускае тэатральнае мастацтва і на акторскае існаваньне. Трэба было змагацца з рэжымам сваім мастацтвам, выцерпець і захаваць трупу нават у цяжкіх і невыносных умовах. Трэба было адчуваць адказнасьць за лёс беларускай сцэны і зьберагчы калектыў. Час мінае, і мастацтва мусіць быць.

Будучы за акіянам, я прасіў сяброў-адраджэнцаў у Беларусі сустракацца і гаварыць з акторамі, паўстрымаць іх ад неразважных дзеяньняў, пісаў пра тое. Былі размовы і сустрэчы. Не дапамагло.

Значная доля віны ў разбурэньні тэатра ляжыць на былым лукашысцкім чыноўнікау, на той час дырэктары тэатра, спадару Латушку. Рэжым яго звольніў за недагляд настрояў у тэатры. Гэта абурыла актораў. Тут жа ўзьнік абсурдны покліч звальняцца з тэатра ў знак пратэсту. На гэта наклалася яшчэ абурэньне за забойствы мірных дэманстрантаў рэжымнымі карнікамі, за хапун і катаваньні людзей. Акторы часта людзі імпульсіўныя. Латушка не паўстрымаў купалаўцаў, не патлумачыў, не прадухіліў памылковых разбуральных дзеяньняў. Праўда, можа, ён не разумеў, што робіцца і што будзе. Але гэта не мяняе справы.

Паўтаруся, тэатр ёсьць мастацтва асаблівае, узьдзеяньне яго на чалавечы дух глыбокае і непасрэднае, творчасьць -- калектыўная, жывая і тымчасовая. Нацыянальны тэатр -- гэта вобраз нацыі, павялічаны і сфакусаваны на сцэне. У нацыянальным тэатры важна зьберагчы трупу і захаваць традыцыю, якая робіць працяг.

Разьбітую на кавалкі вазу ці прыгожы посуд можна склеіць, але яго не паставіш ужо на агонь, не наліеш, не нагрэеш вады. Яшчэ праз некалькі месяцаў пасьля эксодусу тэатр можна было б вярнуць, аднавіць. Але час няўмольна бяжыць, і чым далей, тым незваротна зьнікае пэрспэктыва вяртаньня. І нават калі абрынецца акупацыйны рэжым, гэта ня значыць, што адразу адновіцца ўсё ў культуры, калі беларусы ня стануць гаспадарамі ў сваёй дзяржаве.

22 люты 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК

кандыдат мастацтвазнаўства


5. Наканаваньне саўка (эсэ)

Ёсьць зьявы, цалкам зразумелыя чалавеку, відавочныя і прагназуемыя ў існаваньні. І тым ня менш, яны працягваюць зьдзіўляць, насуперак розуму выклікаюць эмоцыі зьдзіўленьня.

Такой зьявай для мяне зьяўляецца "савок", савецкі чалавек, згрупаваны ў грамадзтва. У 90-х гадах мы, дэпутаты Незалежнасьці, да драбніц ведалі неадэкватнага, крыклівага, закамплексаванага і сканцэнтраванага на нянавісьці дэпутата Лукашэнку. Ніхто й падумаць ня мог, што гэты каснамоўны малакультурны крыкун будзе кіраўніком улады ў краіне і рэалізуецца катам нацыі.

Усё было тады відаць, як у люстэрку, як на далоні. Тым ня менш Масква, абапіраючыся на КГБ, на камуністаў і на "саўкоў", змагла яго праштурхнуць на дзяржаўны пасад. Грамадзтва дэманстравала масавае асьляпленьне. Мы папярэджвалі, пісалі, казалі. Але казаць, паказваць рэчаіснасьць саўкам было марным заняткам, як гарохам кідаць аб сьцяну. І гэтак усе 26 гадоў.

Зь першых жа дзён на пасадзе Лукашэнка адкрыта дэманстраваў сваю нянавісьць да незалежнай Беларусі, да суверэнітэту, да культуры, мовы і адукацыі, да ўсяго сьветлага, добрага і чыстага, хваліў Гітлера, казаў пра Скарыну ў Піцеры, хлусіў, зьдзекваўся зь беларусаў, хваліўся забойствамі і расстрэлам нявінных людзей, поўзаў, артачыўся і зноў поўзаў перад Масквой.

Усім савецкім было відаць, што на пасадзе вар'ят, псіхічна нездаровы чалавек, беларусафоб, маскоўскі халуй, нягоднік, які адрокся ад жонкі, зрабіў дзіця іншай жанчыне, зьбіў яе і пазбавіў мацярынства, завёў гарэм пад выглядам эскорту суправаджэньня, завёў у тупік эканоміку, прыватызаваў уладу і вынікі народнай працы. І ўсё гэта дэманстратыўна, і ўсё гэта савок бачыў, і ўсё тое яму было добра, і не было яму ніякіх маральных, нацыянальных і сацыяльных перажываньняў і ацэнак паскудзтва.

Усё гэта зразумела. Але гэта ўражвае. Вось што можа зрабіць зь людзьмі антылюдзкая ідэалогія і чужая антынацыянальная прапаганда. Цяпер пад ценем Крамля на палітычную сцэну вышлі новыя "газпрамаўскія" лукашэнкі. Яны ўжо ня любяць першага Лукашэнку, яны супраць яго, ён іх "дастаў". Але яны таксама, як і ён, ня хочуць законнай Канстытуцыі (якую сатрап стаптаў). Яны таксама за імпэрскі "язык", яны таксама глядзяць у Маскву і чакаюць адтуль дапамогі. Абы ня Лукашэнка. Так замыкаецца каланіяльнае кола саўка у нянавісьці да былога куміра.

Гэта скончыцца, скончыцца толькі тады, калі грымне Вольная Беларусь без глядзеньня на Расею, без дзяржаўнай імпэрскай мовы, без прамаскоўскага прэзыдэнта і маскоўскай рэзідэнтуры. І пачнецца апошні бой з Савецкім саюзам. "Будзьце спакойныя і вастрыце косы" (Каліноўскі).

20 люты 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК


6. Аб гібрыдах

У стратэгічных пытаньнях суверэннай дзяржаўнай будучыні Беларусі, практычна, няма істотнай розьніцы паміж пазыцыямі лукашысцкай антынацыянальнай палітыкі і рыторыкай актывістаў электаральнай газпрамаўскай апазыцыі, якая ўтварылася на выбарах 2020 года. Вакол Ціханоўскай і Латушкі зьяўляюцца людзі невядомыя і "ні адкуль", разыгрываюць ролю апазыцыянераў, езьдзяць у Маскву, вядуць "палітычныя" размовы ў кавярні Лубянка, даюць інтэрв'ю аб "Белоруссіі" і т. п. Зьявіліся былыя функцыянеры з консульстваў Лукашэнкі (антыфронтаўскія пазыцыі якіх мы ведаем) і нават прэтэндэнт на "сілавы блок" (у гэтай пацыфісцкай кампаніі). Усю сваю кухню ўдзельнікі дачыненьняў выкідваюць на Юцюб, бо для левакоў палітыка -- гэта сцэна. На "сцэне" выказана ўсё і пра "чый Крым", і пра спадзевы на Расею, і пра "мудрага" Пуціна, і пра "тры государственных языка" (рускі, ангельскі, "белорусскій") і т. п. У каго ёсьць час і цярпеньне можна паглядзець, напрыклад, тыповае такое: https://www.youtube.com/watch?v=ukqqBZpLi2g

Часткова паўтараецца сітуацыя, як зь вікаўскай псэўдаапазыцыяй -- супернічаюць два прамаскоўскія праекты, абодва зручныя для Пуціна і абодва (на розным узроўні) супраць Беларускага нацыянальнага Адраджэньня. Толькі Лукашэнка для Масквы лепшы, бо рэальны і цяпер поўнасьцю падначалены.

Але нацыянальна-вызвольны рух беларускага Адраджэньня, калі ён узмацнее, мог бы перакуліць падвойную палітыку Крамля і абваліць маскоўскія планы.

Паўтаруся, у сітуацыі расейскай гібрыднай вайны супраць Беларусі перамагчы імпэрскі каланіялізм можа толькі нацыянальна-вызвольны рух.

Беларусь -- перад усім. Слава Айчыне!

25 люты 2021 г. Зянон Пазьняк