Лідэры змагарных нацый: генэрал Шарль дэ Голь

posted Jan 7, 2019, 7:14 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jan 7, 2019, 7:14 PM ]

18 чэрвеня 1940 года, калі Францыю займалі нямецкія войскі, а маршал Пэтэн пасьпяшаўся падпісаць перамір’е, адзін французкі генэрал заклікаў працягваць змаганьне. На хвалях ВВС Шарль дэ Голь выступіў са зваротам, які пазначыў нараджэньне Супраціву нацыстоўскай Нямеччыне.

Чэрвень 1940 г. Праз месяц вайны з Нямеччынай Францыя ўбачыла, што фронт прарваны на ўсіх участках, яе войскі поўнасьцю разгромлены, а па яе тэрыторыі імчаць нямецкія танкі. На дарогах Францыі разгарнуўся зыход, панічныя ўцёкі цывільных, што зьмяшаліся з разгромленымі вайсковымі.

Французкі ўрад пераехаў у Бардо і аддаўся пад уладу маршала Пэтэна, старога пераможцы з-пад Вэрдэна (1916). 17 чэрвеня маршал заявіў у сваёй прамове, што неабходна спыняць змаганьне і прасіць перамір’я ў Нямеччыны, зь якой ён мае намер супрацоўнічаць.

У той жа дзень генэрал дэ Голь пакідае Францыю і накіроўваецца ў Лёндан. Ён перакананы, што трэба працягваць змаганьне разам з брытанскімі хаўрусьнікамі. 18 чэрвеня 1940 г. ён выступае на хвалях ВВС (Radio Londres) з прамовай, у якой заклікае французкіх жаўнераў “уступіць у кантакт” зь ім.

Полымя французкага супраціву не павінна згасьнуць”, -- завершыў ён свой выступ. Сапраўды, гэтая прамова, якую непасрэдна пачула мала людзей, лічыцца актам нараджэньня французкага супраціву, які будзе арганізоўвацца адначасова ў Лёндане і падпольна на французкай тэрыторыі.


Зварот 18 чэрвеня 1940 г.

Кіраўнікі, якія на працягу шэрагу гадоў ачольвалі французкія арміі, сфармавалі ўрад.

Гэты ўрад, прымаючы паразу нашых армій, уступіў ў зносіны з ворагам, каб спыніць змаганьне.

Зразумела, мы былі раздушаны мэханічнай, наземнай і паветранай сілай ворага.

Значна больш, чым іхняя колькасьць, якраз танкі, самалёты, тактыка немцаў прымусілі нас адступаць. Менавіта танкі, самалёты, тактыка немцаў былі нечаканасьцю для нашых начальнікаў да такой ступені, што гэта прывяло іх туды, дзе яны сёньня апынуліся.

Але ці сказана апошняе слова? Ці павінна зьнікнуць надзея? Ці канчатковая наша параза? Не!

Паверце, я ведаю, што кажу, і я кажу вам: нішто не страчана для Францыі. Тыя ж сродкі, якія нас перамаглі, дапамогуць нам урэшце дасягнуць перамогу.

Францыя не самотная! Яна не самотная! За ёю вялізная імпэрыя. Яна можа ўступіць у блок з Брытанскай імпэрыяй, якая валадарыць морам і працягвае змаганьне. Яна можа, як Англія, інтэнсіўна выкарыстоўваць бязьмежны індустрыяльны патэнцыял Злучаных Штатаў.

Гэтая вайна не абмяжоўваецца няшчаснай тэрыторыяй нашай краіны. Гэтая вайна не абмяжоўваецца бітвай за Францыю. Гэтая вайна ёсьць сусьветнай вайной. Ніякія няўдачы, ніякія страты часу, ніякія пакуты не замінаюць таму, што ў сьвеце знойдуцца ўсе неабходныя сродкі для таго, каб урэшце разграміць нашых ворагаў. Раструшчаныя сёньня мэханічнай сілай, мы можам перамагчы ў будучыні яшчэ большай мэханічнай сілай. У гэтым ёсьць лёс сьвету.

Я, генэрал дэ Голь, знаходжуся зараз у Лёндане, і заклікаю французкіх афіцэраў і жаўнераў, якія знаходзяцца на брытанскай тэрыторыі або прыбудуць сюды, са зброяй або без зброі, заклікаю інжынэраў і кваліфікаваных рабочых збройнай індустрыі, якія знаходзяцца на брытанскай тэрыторыі або прыбудуць сюды, уступіць са мной у кантакт.

Што б там ні было, полымя французкага супраціву не павінна згаснуць, і яно ня згасьне.

Заўтра, як і сёньня, я буду выступаць па Radio de Londres.

Генэрал Шарль дэ Голь

18 чэрвеня 1940 г.


х х х

Да ўсіх французаў

Францыя прайграла бітву!

Але Францыя не прайграла вайну!

Выпадковыя ўрадавыя кіраўнікі могуць капітуляваць, паддацца паніцы, забывыўшыся пра гонар і аддаючы краіну ў рабства. Аднак нішто ня страчана!

Нішто ня страчана, бо гэтая вайна ёсьць сусьветнай вайной. Вольны сьвет яшчэ ня ўжыў свае вялізныя сілы. Настане дзень, калі гэтыя сілы раздушаць ворага. Неабходна, каб Францыя ўжо з гэтага дня была гатовая да перамогі. Яна абавязкава верне сваю свабоду і сваю веліч. Гэта ёсьць мая мэта, мая адзіная мэта!

Менавіта таму я заклікаю ўсіх французаў, дзе б яны ні знаходзіліся, далучацца да мяне ў змаганьні, у ахвярнасьці і надзеі.

Наша айчына ў сьмяротнай небясьпецы.

Усі на змаганьне, каб выратаваць яе!

Жыве Францыя!

Генэрал дэ Голь

Генэральны штаб

4, Карлтан Гардэнс, Лёндан, Паўд. Зах.

2 жніўня 1940 г.

Крыніца: http://www.charles-de-gaulle.org/dossier/18juin/analyses/delpla.htm


Пераклаў з французкай В. Буйвал.